Слова біскупа Антонія Дзям’янкі на асвячэнні памятнай дошкі 1200 чалавекам, расстраляным гітлераўцамі ў 1943 г. | Друк |

12 мая 2013 г., в. Ленін Жыткавіцкага раёна

Молімся сёння за ахвяраў фашызму – мірных жыхароў, якія загінулі ў лютым 1943 года. Гітлераўцы пазбавілі жыцця нявінных людзей, кіруючыся бязбожнай ідэалогіяй, якая вяла барацьбу з хрысціянскім светапоглядам у імя вяршэнства нямецкай расы над іншымі. Гітлерызм дэтранізаваў Бога і замест Яго як найвышэйшую каштоўнасць ставіў волю дыктатара, тырана. За гэта народы заплацілі велізарную цану. Былі пазбаўлены жыцця мільёны чалавечых істот, сярод якіх і вашы продкі з мястэчка Ленін у лічбе каля 1200 чалавек. Такі план паслядоўна выконваўся, і сведчаць аб трагедыі такія месцы, як Асвенцім, Трэблінка, а ў нас — Трасцянец каля Мінска, Калдычэва каля Баранавіч і многія іншыя мясцовасці, дзе працавала ў вайну гітлераўская машына смерці.

Мінулае стагоддзе даказала, што там, дзе адмаўляецца права да існавання Бога, там таксама з’яўляецца адмова для жыцця чалавеку. Калі дэтранізуецца Бог, то чалавек у той альбо іншай форме абвяшчае сябе панам жыцця і смерці і імкнецца вырашаць сам, хто мае права на жыццё, а хто яго не мае. Таму для нас вельмі важна, каб Божае імя ўшаноўвалася жыхарамі зямлі, каб Ён быў валадаром сэрцаў чалавечых, каб Яго наказы слухалі і выконвалі.

Мы праз змяшчэнне памятнай дошкі хочам працягнуць памяць аб тых, хто жыў на гэтай зямлі, бо паводле аднаго з палітыкаў «народы, якія губляюць памяць – губляюць жыццё». Хаця наша сустрэча не можа завяршыцца толькі ўспамінам. Трэба таксама зрабіць высновы, што мы павінны заўсёды станавіцца ў абароне Бога і Яго законаў, бо Пан з’яўляецца канчатковым гарантам жыцця чалавека і ўсіх іншых законаў для людзей.

Гэта не толькі абарона правоў іншых людзей, але нас саміх. Бо калі сёння ў некаторых краінах адмаўляецца ў праве на жыццё ненароджаным істотам, то заўтра ў імя прыгожай назвы «эўтаназія», магчыма, будзе адмоўлена ў праве на жыццё невылечна хворым і калекам, каб паставіць пад сумнеў права на жыццё для старых людзей, непрыдатных у грамадстве. Такая логіка цывілізацыі смерці ўжо нашага стагоддзя, і некаторыя жыхары планеты такому ўздзеянню паддаюцца.

Сярод загінуўшых у тыя далёкія ўжо часы былі таксама і хрысціяне-католікі, бо з архіўных дакументаў вядома, што ўжо ў другой палове XVIII стагоддзя ў гэтай мясцовасці налічвалася 342 католікі (1788 год). У міжваенны перыяд тут быў касцёл і пробашч, які вёў душпастырства. Молімся за іх душы аб вечным супакоі. Па-чалавечы разважаючы, яны сталі ахвярамі вайны, але паводле Кнігі Мудрасці (Мдр 3, 4) надзея іх поўная несмяротнасці. Бо яны ўдзельнічаюць у моцы Хрыста Уваскрослага, якая найбольш праяўляецца у Яго перамозе над злом, а нават над смерцю.

У пасхальны перыяд паразважаем аб ахвяры Хрыста за нас і аб нашых абавязках у грамадстве ў сённяшні час у абставінах і месцы, дзе Божы Провід дае нам ласку жыць. Езус за нас дабравольна памёр на крыжы, каб нам даць удзел у сваёй перамозе над грахом, нянавісцю і смерцю. Яго смерць вачыма людзей была вялікім паражэннем. Уваскрасенне ў Велікодную раніцу змяніла такое ўяўленне. І ў гэтай перамозе ўдзельнічае ўсё чалавецтва, для якога Ён з’яўляецца адзіным Збаўцам. Крыж, які вы тут змясцілі на табліцы — знак паражэння, — стаў знакам перамогі таго, што святое, над грахом, жыцця над смерцю.

Уваскрасенне азначае чатырохкратную перамогу: любові над нянавісцю, дабра над злом, ласкі над грахом і жыцця над смерцю.

Пацвярджэнне гэтаму мы атрымоўваем найперш у сакрамэнце хросту, а пазней падтрымліваем і развіваем у кожным сакрамэнце. Але такая перамога не адбываецца механічна. Свабода – гэта мера велічы і годнасці чалавека, і таму ступень удзелу залежыць толькі ад нас. У барацьбе нараджаецца перамога, але таксама і рызыка пройгрышу, ад якога ніхто не застрахаваны.

Дэмаркацыйная лінія, лінія падзелу пралягае праз нашае сэрца.

Колькі разоў у нас любоў перамагла нянавісць, дабро перамагло зло, праўда перамагла хлусню, надзея перамагла апатыю і знеахвочванне, справядлівасць і сумленнасць — ненавісць і несправядлівасць, столькі разоў пашыраем прастору свабоды ў нас, а праз нас і ў грамадстве.

Гісторык культуры Фрыдэль сцвярджае: «Новая эра не пачынаецца тады, калі выбухае альбо заканчваецца вялікая вайна, альбо наступае палітычны пераварот, альбо калі настае перасоўванне граніц, але ў момант, калі быў зачаты новы чалавек, у якім на сцэну падзей выходзіць новы чалавечы род. У гісторыі чалавецтва лічыцца найбольш духоўнае жыццё людзей».

Нянавісць, зло, грэх, хлусня, несправядлівасць, несумленнасць, абыякавасць, апатыя і дэпрэсія – гэта галоўныя крыніцы няволі сучаснага чалавека. І такая няволя больш трагічная, бо часта лічыцца формай свабоды. Благаслаўлёны Ян Павел навучаў: «Бараніць сёння свабоду чалавека – гэта бараніць яго аўтэнтычнае, евангельскае разуменне сваёй свабоды».

Сёння, калі мы молімся за супакой душаў ахвяраў вайны і гітлераўскага генацыду, просім таксама аб ласцы вернасці для нас, каб у нас і пасярод нас перамагаў Хрыстус, каб у свеце мы маглі стаць сведкамі праўды, любові і жыцця.

Атуляем усіх вас малітвай і пастырскім благаслаўленнем.

Адноўлена 14.05.2013 14:57
 
© 2003-2022 Catholic.by