Слова біскупа Антонія Дзям’янкі на Дзень Перамогі да ветэранаў і арганізатараў сустрэчы ў Брэсцкай крэпасці | Друк |

9 мая 2013 г., Брэст

Сёння, у літургічны дзень Унебаўшэсця Езуса Хрыста, у святынях мы маліліся за тых, хто бараніў святую справу свабоды краіны, за тых, хто сёння стаіць на варце яе межаў і незалежнасці, тых, хто праз дыпламатыю і мудрае кіраўніцтва ўтрымоўваюць мір і супакой, спрычыняюцца да дабрабыту грамадзян і духоўнага яго ўзрастання, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях. І тут прыходзіць нам думка аб хрысціянскай візіі чалавека і сэнсу ахвяры з жыцця за каштоўнасць, імя якой — Айчына.
 
Як хрысціяне, мы перакананыя, што смерць тых, хто загінуў пры абароне Айчыны, не дарэмная. Яна мае свой унутраны сэнс і сваю сімволіку. І гэта не рамантычныя ўяўленні з гісторыі, але магчымасць зрабіць высновы для наступных пакалененняў. Такія падзеі дапамагаюць захаваць свабоду духу. Іх учынкі даюць сілу сучаснаму пакаленню пры вырашэнні розных заданняў, якія стаяць перад намі ў нашым грамадстве ў дадзены час і ў дадзеных жыццёвых абставінах.

Разважаючы аб сэнсе ахвяры для Айчыны, прыпамінаецца візія прарока Эзэхіэля (раздзел 37). Бог ажывіў высушаныя косткі, ахінуў іх у цела  і ўдыхнуў у іх дух, «так што яны пачалі дыхаць і сталі на нагах, а была іх вялікая колькасць, якую немагчыма злічыць». Падобным чынам тыя, хто змагаўся на франтах, верылі, што прыйдзе Перамога. Для веруючых хрысціян вера ва Уваскрасенне Хрыста, які разарваў путы няволі і выйшаў з магілы, была натхненнем, і яна давала надзею на Перамогу.

Патрыятызм – гэта ўзнёслае пачуццё. Патрыятызм для сучаснага чалавека – гэта добра выкананыя абавязкі адносна народа і дзяржавы. Ён несумяшчальны з геданізмам, які заахвочвае выключна карыстацца прыемнасцямі аднаго дня. Як аб гэтым гаворыць лацінская прымаўка «Carpediem» – выкарыстай у поўні (для асабістых прыемнасцяў) бягучы дзень. Альбо ў Гарацыя: «Immortalianosperas» – не чакай несмяротнасці. Можам сказаць, што мінулыя пакаленні былі прыладай у Божых руках, калі вялі барацьбу за свабоду і незалежнасць краіны. Яны захавалі сваю тоеснасць падчас бурлівых завірух гісторыі і не дазволілі знікнуць з паверхні зямлі альбо быць асіміляванымі больш моцным народам.

Супольнае дабро грамадзян не дапускае анархіі і бяспраўя. Таму жадаю, каб узрастала і надалей у нашым грамадстве хрысціянская духоўнасць і каб працавіты, сумленны чалавек у нашай краіне адчуваў сябе заўсёды добра і бяспечна. Няхай у гэтым дапаможа нам добры Бог.

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі


Адноўлена 11.05.2013 10:44
 
© 2003-2024 Catholic.by