Слова біскупа Антонія Дзям’янкі на прыбыццё пілігрымкі Гродна–Рось у санктуарый Езуса Журботнага | Друк |

4 жніўня 2013 г.

Дарагія пілігрымы!

Сардэчна вітаю ўсіх вас, арганізатараў і ўдзельнікаў гэтай пілігрымкі. У гэты Год веры і юбілей Міланскага эдыкта ваша пілігрымка набывае асаблівае значэнне паглыблення веры для жыхароў Росі, Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі. Бо пілігрым моліцца не толькі вуснамі, але і нагамі, а кіламетры дарогі, якія вы пераадолелі ў гэты летні час адпачынку ад працы і вучобы, сведчаць пра вашу глыбокую веру. Вы прыбываеце ў санктуарый Езуса Журботнага. Тут вы бачыце фігуру Езуса, які сядзіць, задумаўшыся, і ўзгадваеце Яго Нагорнае казанне. У ім абвяшчаецца праграма для вучняў Хрыста, якая з’яўляецца нялёгкай, а для сённяшняга чалавека і незразумелай. Але мы бачым, што на працягу стагоддзяў законы Хрыста, прынятыя з верай, прыносілі багаты плён, знакам чаго былі многія людзі, што прыходзілі сюды да Езуса з просьбамі.

Гэтая постаць нагадвае нам таксама гару Сінай са Старога Запавету. Дзве гары — Сінай і гара Благаслаўленняў — паказваюць нам правадыра ў нашым хрысціянскім жыцці і нашы абавязкі перад Богам і бліжнімі. Закон і благаслаўленне разам вызначаюць шлях да наследавання Хрыста, шлях да духоўнай сталасці і да свабоды.

Дзесяць запаведзяў з Сіная сваім «не будзеш…» могуць здавацца негатыўнымі. Але на самой справе яны пазітыўныя. Калі мы пазбавімся зла, пра якое яны кажуць, то знойдзем шлях да закону любові. У ім захоўваецца першая і найважнейшая з запаведзяў. Сам Езус кажа, што прыйшоў не адмяніць закон,, але дапоўніць. Яго пасланне новае, але яно не знішчае таго, які існуе а хутчэй максімальна развівае яго моц. Езус вучыць, што шлях Яго любові вядзе да выканання закону. Тады гучаць Яго словы: «Благаслаўлёныя тыя…» Але людзям гэта можа здавацца дзіўным. Для іх дзіўна, што Ён узвышае тых, каго свет лічыць найслабейшымі. Ён кажа: благаслаўлёныя тыя, хто, здаецца, прайграў, бо вы сапраўдныя пераможцы, вам належыць Божае Валадарства. Словы, сказаныя Тым, хто ціхі і пакорны сэрцам, патрабуюць глыбокага разважання, вялікай перамены сэрца. У гэтым свеце мы чуем іншы голас, які кажа нам: благаслаўлёныя багатыя, тыя, хто імкнецца да поспеху любым коштам, якія пазбаўлены літасці, бессаромныя, імкнуцца да вайны, а не да міру, пераследуюць тых, хто з’яўляецца перашкодай на іх шляху. Гэты голас мае значэнне ў свеце, дзе трыумфуюць моцныя, а бессаромныя карыстаюцца папулярнасцю. Так кажа голас зла, лічачы такіх пераможцамі, благаслаўлёнымі і шчаслівымі.

Езус прапануе іншае пасланне. Яго заклік ставіць перад выбарам паміж двума галасамі, што змагаюцца за наша сэрца. Гэта выбар паміж дабром і злом, паміж жыццём і смерцю.

За якім голасам ідзе сучасны чалавек? Мы ахвотна слухаем навіны аб поспехах у эканоміцы, аб кар’еры знакамітых людзей. Але да нас даходзяць весткі і пра самазабойствы, якія здзяйсняюць тыя, што страцілі бізнес, не здалі экзамен, даведаліся пра невылечную хваробу, не справіліся з дакорамі сумлення пасля аборту, не перанеслі развод, здраду блізкага, беспрацоўе і нястачу, страту славы і пашаны людзей, абыякавасць дзяцей да старых бацькоў і наадварот — занядбанне бацькамі дзяцей, страту працы або службы. Часта такі стан смутку перараджаецца ў роспач, штурхае на неразважлівыя ўчынкі або на агрэсію і нават помсту ў розных памерах. Крымінальныя хронікі часта падаюць шмат такой інфармацыі пра ўчынкі чалавека, які знаходзіцца ў дэпрэсіі пасля таго, як раптам скончылася яго ружовае бесклапотнае жыццё.

Нашы продкі абралі гэтае месца, і сюды пілігрымавалі розныя пакаленні, каб у жыццёвых цяжкасцях навучыцца сапраўды па-хрысціянску прымаць нягоды жыцця. Пакласці давер у Езусе — значыць абраць веру ў тое, што Ён кажа незалежна ад таго, ці здаецца гэта здзіўным або незразумелым. Гэта значыць рашыцца не згаджацца з уплывам зла, нваат калі яно нас цягне. Гледзячы на Хрыста, мы верым, што значыць быць убогім у духу, ціхім і міласэрным, тым, хто плача і прагне справядлівасці, мець чыстае сэрца, чыніць мір, зведваць пераслед. На гэтай падставе Езус можа сказаць: «Ідзіце за Мной, наследуйце Мяне». Ён не кажа: «Чыніце тое, што Я кажу», але: «Ідзіце за Мной, наследуйце Мяне».

Тут, у Росі, у санктуарыі Езуса Журботнага, услухаемся ў Яго голас і паверым у тое, што Ён кажа. Але выбар гэты няпросты. Бо нам трэба пакінуць свае злыя звычкі. Гэта нялёгка, асабліва тады, калі мы стаім перад невядомай будучыняй і падвяргаемся спакусе страціць сваю хрысціянскую спадчыну. Быць добрым хрысціянінам — гэта можа здавацца нам пераўзыходзячым нашы сілы ў сённяшнім свеце. Але Езус не гялдзіць на нас абыякава і не пакідае нас у адзіноце. Ён заўсёды гатовы ператварыць нашу слабасць у сілу.

Пане Езу ў цудоўнай фігуры ў санктуарыі ў Росі, выслухай галасы пілігрымаў. Навучы нас праўдзе запаведзяў і благаслаўленняў. Учыні нас радаснымі веснікамі Тваёй праўды і апосталамі, упэўненымі ў Тваім Валадарстве. Будзь з намі заўсёды, але асабліва тады, калі ісці за Евангеллем будзе нам вельмі цяжка і будзе патрабаваць вялікіх сіл. Будзь нашай моцай і нашай перамогай. Захавай нас каля сябе і ўчыні сваімі сябрамі. Перамяняй наш смутак і часовыя клопаты ў радасць з адчування Тваёй блізкасці — Таго, які нашы слабасці, смутак, жыццёвыя нягоды і расчараванні ўзяў на сябе, каб адкрыць нам шлях да неба.

 
© 2003-2024 Catholic.by