Зварот старшыні Міжнароднага каталіцкага фестываля хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» Юрыя Гарулёва ў сувязі з пераносам фестывалю | Друк |
Дарагія браты і сёстры, дарагія сябры, дарагія калегі!
 
Я звяртаюся да тых, для каго фестываль MAGNIFICAT добра знаёмы, стаў блізкім і каго мы з радасцю сустракалі ўжо не адзін раз у ходзе правядзення нашых аглядаў хрысціянскага кіно.
 
Я звяртаюся да тых, хто ў гэтым годзе ўпершыню даслаў свае працы на конкурс фестываля і спадзяваўся на ўдзел у ім, а мы спадзяваліся на новыя знаёмствы.
 
Мы атрымалі каля 50 прац з 13 краін, цікавых і высокапрафесійных, якія прадвяшчалі высокі ўзровень конкурса. У бліжэйшым часе на нашым сайце будзе выкладзены спіс гэтых фільмаў і імёны іх аўтараў.
 
Толькі здарылася непрадбачаная падзея: наш пастаянны спонсар, які штогод аказваў асноўную дапамогу ў правядзенні фестываля, паведаміў, што ў гэтым годзе мы застаёмся без яго падтрымкі. І паведамленне гэта прыйшло, на жаль, толькі зусім нядаўна.
 
У сувязі з гэтым узнікае сітуацыя, калі мы, праз недахоп дастатковых сродкаў, проста не можам падрыхтаваць фестываль да тых тэрмінаў, якія былі аб’яўлены.
 
Мы вымушаны перанесці час правядзення фестываля. На жаль, аргкамітэт не можа пакуль назваць новыя тэрміны правядзення IX-га «MAGNIFICAT». Нам неабходна для гэтага некалькі месяцаў пошуку сродкаў і падрыхтоўкі фестываля. Але я ўпэўнены, што ён адбудзецца, таму мы пакідаем для адбору на будучы конкурс тыя фільмы, якія былі дасланыя ў гэтым годзе.
 
Калі Бог дае нам такое выпрабаванне, прымем яго, як належыць хрысціянам, і будзем старацца знайсці выйсце з той сітуацыі, якая склалася. З кожным з вас мы будзем звязвацца асобна, каб больш падрабязна патлумачыць сітуацыю.
 
З Богам!
 
Юрый Гарулёў,
Старшыня Міжнароднага каталіцкага фестываля хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «MAGNIFICAT»

Адноўлена 27.08.2013 15:24
 
© 2003-2024 Catholic.by