Даклад кс. Аляксандра Яшэўскага на сустрэчы катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі | Друк |

23 верасня 2013 г., Гродна

“Дух Пана на мне” (Лк 4, 18)

Эксцэленцыя, паважаны біскуп Аляксандр,
шаноўны айцец доктар Андрэй Шчупал,
паважаныя святары,
дарагія катэхеты, кансэкраваныя і свецкія.

1. У першую чаргу жадаю прывітаць вас усіх і падзякаваць за запрашэнне на сённяшнюю сустрэчу і магчымасць быць разам з вамі і падзяліцца сваім разважаннем, беручы натхненне ад словаў Евангелля паводле Лукі 4,18 — “Дух Пана на мне”.

Каталіцкі Касцёл, перажываючы Год веры, жадае больш эфектыўна спрыяць адраджэнню хрысціянскай веры і жыцця Касцёла, асабліва ў секулярызаваных краінах Заходняй Еўропы. Пасля Года св. Паўла (2008-2009) і Года святарства (2009-2010) гэта ўжо трэцяя падобная ініцыятыва Папы Бэнэдыкта XVI, абвешчаная 11 кастрычніка 2011 года дакументам “Porta Fidei”. Па словах Бэнэдыкта XVI, Год веры павінен служыць таму, каб сучасны чалавек “ведаў, ажыццяўляў і перажываў” сваю веру, а таксама рэалізоўваў яе праз малітву. Таму, па словах Святога Айца, неабходна “пашырыць ажыццяўленне веры ў літургіі, асабліва Эўхарыстыі”.

Асобамі, якія пасля біскупаў і святароў маюць магчымасць спрыяць ініцыятыве Года веры, з’яўляюцца катэхеты, кансэкраваныя і свецкія, якія праз пастаянную катэхезу дзяцей і моладзі евангелізуюць таксама іх бацькоў і іншых людзей.

Каб і для нас, катэхетаў, Год веры, які набліжаецца да завяршэння, быў прычынай нашага адраджэння ў гэтым вельмі адказным і патрэбным служенні, прапаную паразважаць і аднавіць наш погляд на катэхізацыю.

2. Як паказвае гісторыя, пачынаючы з 1917 года на тэрыторыі Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму. У выніку рэпрэсійных акцый савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл у Беларусі меў велізарныя страты сярод духавенства, якое навучала вернікаў релігійнаму жыццю, а таксама былі знішчаны і забраны шматлікія святыні і кляштары, месцы катэхізацыі дзяцей, моладзі і дарослых. З сапраўды шатанскай лютасцю пераследавалі тых, хто вызнаваў Бога, спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі і навучаць іншых Божым праўдам.

Але, як падкрэсліваюць Каталіцкія Біскупы Беларусі, Касцёл у Беларусі, пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў. Святары, сёстры законныя, а таксама свецкія вернікі, ахвяруючы сваім жыццём, патаемна, як гэта было магчыма лепей, рыхтавалі дзяцей і моладзь да сакрамэнту пакаяння і Першай святой Камуніі. Падрыхтоўвалі вернікаў да хросту і сакрамэнту сужэнства. Дзякуючы гэтаму Касцёл у Беларусі быў выратаванны ад страты веры ў чалавечых душах.

Атрымаўшы рэлігійную свабоду, Каталіцкі Касцёл у Беларусі не толькі аднаўляў свае структуры, адбудоўваў святыні і кляштары, але і пільна пачаў катэхізаваць дзяцей, моладзь і дарослых у вельмі сціплых абставінах.

3. Гаворачы пра катэхізацыю, трэба адзначыць, што мы разумеем праз гэтае слова. Слова катэхеза грэчаскага паходжання і мае шмат значэнняў, сярод якіх ёсць вельмі сімвалічныя, як настаўленне, павучэнне і рэха. Гэта азначае, што трэба так навучаць веры, каб яна моцным рэхам адгукалася ў сэрцах людзей і заставалася ў чалавеку, які яго пачуе. Катэхізацыя – гэта выхаванне дзяцей, моладзі і дарослых у веры, у духу хрысціянскага веравучэння, прапаведаванага звычайна і сістэматычна. Каб навука рэлігіі была эфектыўнай, яна, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, павінна грунтавацца на Святым Пісанні, Традыцыі, літургіі і вучэнні Касцёла, а таксама, як падкрэслівае благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі аб катэхізацыі, у наш час навука рэлігіі павінна быць сістэматычнай і мець сувязь з жыццём, сакрамэнтамі і касцёльнай супольнасцю. Яна патрэбна, каб весці да сталасці ў веры і хрысціянскага сведчання ў свеце.

Справе катэхізацыі Касцёл надае вялікую ўвагу, прыкладае шмат намаганняў. Пра гэта нам кажуць Дакументы Касцёла, а тасама шматлікія пастырскія лісты нашага біскупа. Дастаткова ўзгадаць аб апошнім Пастырскім слове біскупа на новы катэхетычны год і яго закліку. Найперш малітоўны зварот да “Бога ў Тройцы Адзінага – Айца, Сына і Святога Духа, – каб Ён памножыў … ласку веры і ўдзяліў … сваё благаслаўленне”. Затым да ўсіх вучняў, дзяцей і моладзі, каб Бог “шырока адкрые іх розум і сэрцы на дабро і праўду, якія ідуць ад Яго самога”. Да першых катэхетаў – бацькоў, каб “паклапаціліся пра тое, каб іх дзеці мелі доступ да пазнавання праўдаў веры падчас заняткаў рэлігіі і катэхезы”. Біскуп, звяртаючыся да катэхетаў, просіць адвагі, каб сведчанне веры і хрысціянскай любові было прыкладам для блукаючых і слабых у веры, і не губляць ахвоты здзяйсняць дабро. А нас, святароў, просіць “паклапаціцца аб тым, каб па нашай віне ні адно дзіця не было пазбаўлена пастырскага клопату і мела магчымасць прыходзіць да Пана”.

Асабіста разважаючы над Пастырскім словам біскупа на новы катэхетычны год, бачу выразную катэхетычную праграму на гэты 2013/2014 год, накрэсленую пастырам дыяцэзіі, реалізацыю якой мы павінны праверыць напрыканцы катэхетычнага і навучальнага года ў нашым пастырскім асяроддзі.

5. Сённяшняя моладзь і дзеці гатовы адкрыцца на дабро, на рэлігійныя каштоўнасці. Наша заданне — дапамагчы ім глыбей зразумець веру, пазнаць яе і навучыць іх жыць ёю кожны дзень.

Маладыя шукаюць праўды ў рэлігіі. Іх вера патрабуе сведчання пра Бога, які ў Езусе Хрысце паказаў сваю любоў да чалавека. Езус Хрыстус даў нам прыклад таго, як гэта рабіць. Ён любіў дзяцей і нікому не дазваляў пагарджаць імі. Кожны чалавек жадае любові. Святы Ян Боско, якога благаслаўлёны Ян Павел ІІ абвясціў Айцом і Настаўнікам моладзі для ўсяго Касцёла, часта паўтараў выхавацелям: “Не кажыце маладым, што вы іх любіце, а рабіце ўсё магчымае, каб яны без словаў адчувалі, што іх сапраўды любяць”. Няма сапраўднай любові без радасці. Евангелле — гэта радасная вестка пра збаўленне, падараванае Богам. Выклікае спраўдны жаль такі “катэхет”, які імкнецца перадаць гэтую радасную вестку, пачынаючы са слова “нельга”: “Нельга ўжываць алкаголь, лаяцца матам, нельга курыць і гэтак далей”. “А што тады можна?” — пытаюцца маладыя людзі. І менавіта мы, настаўнікі рэлігіі, павінны даць ім адказ — адказ не свой, а Божы — на пытанні, што іх хвалююць.

У Евангеллі паводле Лукі чытаем: “Дух Пана на мне” (Лк 4, 18). Гэтыя словы прагучалі ў Назарэце — горадзе, дзе Езус вырас. У святы дзень, у суботу, Ён прыходзіць у сінагогу і там перад усімі сабранымі вернікамі чытае радкі з кнігі прарока Ісаі, што сталі тэмаю нашага разважання на сёняшняй сустрэчы. Евангеліст падкрэслівае, што, калі Езус чытаў словы прарока, “вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы, якія вы чулі” (Лк 4, 20–22). Усе адчувалі, што Хрыстус абвяшчаў штосьці вельмі важнае, таму што гэтыя словы са Святога Пісання прадказвалі прыйсце і місію Месіі, якога так чакаў ізраільскі народ. Нездарма Езус выбраў для чытання менавіта яго, бо з гэтага ўрыўку прысутныя маглі зразумець, што чаканы Месія — перад імі.

Місія Езуса не мае нічога агульнага са звычайнай філантропіяй, ані з чалавечай мудрасцю ці ўдалай палітычнай праграмай. Яна з’яўляецца плёнам дзеяння Святога Духа: “Дух Пана на Мне” (Лк 4, 18). Гэтым самым Духам, які ў дзень Пяцідзясятніцы сышоў на апосталаў і спачывае на ўсіх хрысціянах, павінны быць напоўнены мы, катэхеты, каб кіравацца ў сваім служэнні выключна Яго натхненнем.

6. Абвяшчаючы людзям Евангелле, Езус Хрыстус адначасова выхоўваў іх. У сённяшні час і падчас катэхізацыі мы павінны не только імкнуцца навучаць, але і выхоўваць. Сёння існуе паўсюднае сцвярджэнне, што заданнем школы з’яўляецца не выхоўваць вучняў, а перадаваць ім толькі веды. Так не павінна быць у нашай катэтетычнай дзейнасці. Мы, акрамя перадачы ведаў, праз катэхізацыю і рэлігійную практыку павінны прывіваць маладому пакаленню хрысціянскія каштоўнасці, ўдасканальваць яго духоўнае і маральнае жыццё, а таксама выхоўваць добрых хрысціян і сумленных грамадзян.

У школе выкладаюцца розныя прадметы, і, безумоўна, усе яны важныя. Навука рэлігіі па сваім значэнні не саступае ніводнаму з іх, а нават, асмелюся сцвярджаць, з’яўляецца больш важнай за ўсе школьныя прадметы, разам узятыя, таму што навучае таму, як быць чалавекам сумленным, як прабачаць, як дапамагаць іншым, як любіць Бога і бліжняга. Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную жыццёвую мудрасць.

Вялікі педагог і настаўнік, святы Ян Боско, рэліквіі якога зусім нядаўна перэгрынавалі і ў нашай дыяцэзіі, які выхаваў такую колькасць маладых людзей у святасці, засноўваў сваю выхаваўчую дзейнасць на рэлігіі, розуме і любові, так званай прэвентыўнай сістэме выхавання. Жадаем паспяховасці ў нашай катэхетычнай дзейнасці, абапіраемся ў першую чаргу на рэлігію.

Рэлігія - гэта Бог і вера ў Яго. Вера ў Бога дае катэхету сілу: ён верыць, што вучні - не толькі яго кліенты, дзеці, студэнты. Ён ведае, што гэта Божыя дзеці, што Бог любіць іх. Вера ў Бога робіць так, што мы не губляем надзею, калі што-небудзь не атрымліваецца, а хочам пачаць усё па-новаму. Бо выхаванне – гэта дарога да збаўлення, да Бога, да адвечных каштоўнасцяў. На гэтай дарозе нельга спыняцца. Так вера ў Бога становіцца верай у выхаванне. Бог быў, ёсць і будзе. На гэтым фундаменце можна будаваць.

Розум – гэта ў першую чаргу пазнанне выхаванца, дзіцяці, вучня. Кім ён з’яўляецца? Якія перажывае праблемы? Якая яго жыццёвая сітуацыя? Якія мае таленты і недахопы? Што мне кажа? Што кажа тады, калі нічога не кажа? Ведаючы гэта, мы маем магчымасць дастукацца да кожнай канкрэтнай асобы і яе канкрэтных патрэбаў!

Розум - гэта таксама і патрабаванні: напрыклад, адказнага падыходу да катэхізацыі, пастаяннага і чыннага ў ёй удзелу, працы над самім сабой.

Розум – гэта таксама задумка, рэфлексія, навука. У сферы выхавання не ідзе размова пра тое, каб даць гатовыя рашэнні. Таму што ў нас іх няма, а моладзь таксама не захоча іх адразу прымаць. Нам неабходна суправаджаць іх у разважаннях, у разуменні і прыняцці рашэнняў і выбару. Лягчэй накрычаць, пакараць, не дапусціць, хоць бы і да той жа самай Першай святой Камуніі, чым паразмаўляць, паспрабаваць пераадолець супраціў і выказаць гатоўнасць дапамагаць.

І, нарэшце - любоў. “Сэрца з’яўляецца ключом выхавання”,  – казаў святы Ян Боско. Недастаткова сказаць, што Бог цябе любіць і я таксама цябе люблю. Гэта яшчэ нічога не значыць. Любоў трэба ўкараніць у жыццё. Неабходна дзіця, вучня суправаджаць з любоўю. “Недастаткова, каб вы маладых любілі, – паўтараў кс. Боско, - трэба, каб яны ведалі, што вы іх любіце. Калі хто-небудзь ведае, што настаўнік яго любіць, адкажа яму сваёй любоўю. Хто ў моладзь будзе ўлюбёны, атрымае ад яе ўсё. Менавіта любоў з’яўляецца гарантыяй добрага выхавання. Асабліва рэлігійнага выхавання”.

Любоў у штодзённым жыцці кс. Боско праяўлялася ў прысутнасці сярод маладых - быць разам з імі, размаўляць, адказваць на іх пытанні, вырашаць праблемы. Не абмяжоўваць іх забаронай, а, хутчэй, указваць на дабро, заахвочваць да яго выбару, суправаджаць падчас няўдач і памылак, падштурхоўваць, каб пачыналі зноў. Выхаваўчая любоў не згаджаецца на пакаранні, але хоча растлумачыць і пераканаць, а калі трэба, здольная вызначыць наступствы і нагадаць аб патрабаваннях.

Дзялюся з вамі багаццем прэвентыўнай сістэмы выхавання заснавальніка маёй супольнасці ксяндза Боско, бо на працягу доўгага часу, а таксама і сёння, яна з’яўляецца эфектыўнай формай выхавання ў шматлікіх краінах свету, а асабліва ў нашых салезіянскіх школах, каледжах, інстытутах і ўніверсітэтах, і можа стаць карыснай для кагосьці з нас, тут прысутных.

8. Напрыканцы майго выступлення, маючы уласны досвед засноўваць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі катэхетычны аддзел і быць на працягу пяці гадоў яе дырэктарам, хачу выказаць вялікую ўдзячнасць катэхетам, святарам, сёстрам законным і свецкім людзям. Дзякуючы вам Божае слова можа пачуць большая колькасць людзей. Вашае служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Акрамя таго, вам даводзіцца працаваць з групамі падрыхтоўкі да Першай Камуніі, з падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі, з вучнямі старэйшых класаў, з працоўнай і студэнцкай моладдзю і іншымі групамі вернікаў. І да кожнага знаходзіць свой падыход, адпаведныя словы, каб данесці да чалавека Божае слова. Такім чынам вы з’яўляецеся ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў, даручаных вам праз кананічную місію нашым ардынарыем.

Каб нашае рэлігійнае навучанне было эфектыўным, варта прыкладаць усе намаганні, каб катэхізацыя была сістэматычнай і мела сувязь з жыццём, сакрамэнтамі і касцёльнай супольнасцю.

Вельмі неабходна, каб катэхеты цесна супрацоўнічалі з пробашчамі парафій і іншымі святарамі, абмяркоўваючы з імі неабходнасць разгледжання некаторых тэм, каб падкрэсліць падчас нядзельных гамілій альбо абмеркаваць на парафіяльных і дыяцэзіяльных сустрэчах.

Служэнне рэлігійнаму навучанню, звычайна кажучы, катэхізацыі, патрабуе ад нас мужнасці, вернасці і пакоры. Богу не патрэбныя красамоўныя аратары, ані пустыя балбатуны: Богу патрэбныя сапраўдныя сведкі. Ён выкарыстоўвае для незвычайных рэчаў звычайных людзей, такіх, як кожны з нас, каб аб’яўляць моц Евангелля, якая перамяняе ўсё. Кожны з нас павінен маліцца за сваіх выхаванцаў, каб Бог адкрыў іх сэрцы для прыняцця ласкі веры. Кожны з нас таксама павінен сведчыць пра Езуса з прастатою і даверам, каб з дапамогаю Збаўцы дасягнуць сэрцаў давераных нам вучняў і данесці да іх евангельскую вестку. Катэхет павінен памятаць, што вочы вучняў скіраваны на яго. Моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці. Маладыя таксама чакаюць адказаў на шматлікія вельмі важныя для іх пытанні, якія хвалююць іх розум і сэрца. Каб мець з імі кантакт, каб дапамагчы ім закласці трывалы жыццёвы фундамент, трэба стаць іх сябрамі. Дабро маладога пакалення павінна стаць асноўным клопатам усёй катэхетычнай і выхаваўчай працы ўсіх нас.

Дзякую за ўвагу.

 
© 2003-2024 Catholic.by