Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пасля Імшы завяршэння дыяцэзіяльнага працэсу беатыфікацыі Слугі Божага Дона Бернардо Антаніні | Друк |

Верона, катэдра, 20 кастрычніка 2013 г.

Вашыя Эксцэленцыі, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, блізкія Слугі Божага Дона Бернардо Антаніні, браты і сёстры!

Найперш хачу выказаць падзяку біскупу Вероны Джузэппэ Цэнці за арганізацыю і правядзенне дыяцэзіяльнага працэсу беатыфікацыі Слугі Божага Дона Бернардо Антаніні і запрашэнне на сённяшняяе ўрачыстае яго завяршэнне. Дзякую Дону Джузэппе Ванціні за ўсё тое, што ён зрабіў у якасці дыяцэзіяльнага пастулятара.

Дыяцэзіяльны працэс бэатыфікацыі завяршыўся і цяпер усё ў руках Бога, які дзейнічае праз Кангрэгацыю па справах Кананізацыі. Для паспяховага завяршэння працэсу таксама неабходны цуд. Але такі цуд ужо ёсць. Гэта духоўнае адраджэнне Расіі і іншых краін былога Савецкага Саюза пасля трох пакаленняў ганенняў. Укрыжаваная Расія адраджаецца да новага духоўнага жыцця.

Сённяшні пратаганіст – Дон Бернардо Антаніні – не быў толькі назіральнікам гэтага працэсу, але прымаў вельмі актыўны ўдзел у духоўным адраджэнні Расіі, Казахстана і іншых краін былой савецкай імперыі, якая была імперыяй ваяўнічага атэізму, які імкнуўся ператварыць гэтую зямлю ў духоўную пустыню.

Памятаю вельмі добра, як у 1991 г. благаслаўлёны Ян Павел II перавёў мяне з Беларусі ў Расію і даверыў пастырскую апеку католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часці Расіі. Тады там было адкрыта толькі некалькі касцёлаў і было вельмі мала святароў. У адзін дзень да мяне затэлефанаваў святар з Вероны, які прадставіўся як Дон Бернардо Антаніні, і выказаў жаданне працаваць у Расіі. Маючы на ўвазе вялікую патрэбу ў святарах, гэта быў сапраўдны дар неба.

Вельмі хутка мы зразумелі, што гэты святар – экстраардынарная асоба. Ён хутка праявіў свае інтэлектуальныя і арганізатарскія магчымасці, а таксама вялікую духоўнасць. З іменем Дона Бернардо Антаніні звязаны заснаванне і развіццё Каледжа каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага, Вышэйшай духоўнай семінарыі “Марыя – Каралева апосталаў” у Санкт-Пецярбургу, часопіса “Святло Евангелля”, выданне тэалагічных і духоўных кніг, развіццё пастырскіх праграм, святкаванне Юбілею 2000-годдзя хрысціянства, арганізацыя пілігрымак і многае іншае.

Вялікія заслугі Дона Бернардо ў развіцці экуменічных адносін, асабліва з Праваслаўнай Царквой.

Будучы італьянцам паводле нараджэння, ён стаў рускім паводле сэрца. Любіў Расію ўсім сваім сэрцам, якое было вельмі вялікім і адкрытым для ўсіх – католікаў і праваслаўных, веруючых і няверуючых. Яго незвычайныя інтэлектуальныя магчымасці і малітва, служэнне любові і адкрытасць на ўсіх, надзея, нават насуперак надзеі, і нястомная праца днём і ўначы прынеслі яму вялікую павагу сярод рускага народа. Дастакова было сказаць – Дон Бернардо – і без прозвішча ўсе ведалі, аб кім ідзе гаворка.

Ён быў чалавекам правідэнцыяльным, адпаведным, у адпаведны час і ў адпаведным месцы пастаўленым Богам.

Асабіста я вельмі ўдзячны яму, бо быў маёй правай рукой, найбліжэйшым супрацоўнікам і памочнікам.

Дзякую яму за ўсё!

Дзякую і адначасова перапрашаю, бо, можа, часамі мы не былі здольнымі зразумець яго планы, думкі і праекты. Час, аднак, паказаў, што ён меў рацыю.

Дарагі Дон Бернардо!

Дзякую табе і Богу за тваё гераічнае служэнне Паўсюднаму Касцёлу!

Упэўнены, што ты знаходзішся ў доме нашага нябеснага Айца.

Благаславі з нябеснага акна сваю любімую Веронскую дыяцэзію! Благаславі не менш любімы Касцёл у Расіі і Казахстане! Благаславі Касцёл у Беларусі, да якога ты ставіўся з вялікай павагай! Благаславі сабраных у гэтай гістарычнай веронскай катэдры вернікаў. Благаславі на славу Богу і для збаўлення людей!

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 21.10.2013 23:24
 
© 2003-2024 Catholic.by