Ліст рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Cусвету | Друк |

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Перажываючы сёння ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, разам з усім Касцёлам мы клічам: “Езус Хрыстус Пераможца, Пан Сусвету і Валадар!”. Прымаючы ўдзел ва ўрачыстым заканчэнні Года веры, мы кажам: «Веру», а таксама просім: “Пане, дадай нам веры”.

Тым не менш, у гэтую нядзелю, так званую “семінарыйную нядзелю”, з нашых вуснаў павінна выйсці простае, сардэчнае «дзякуй». Дзякуем вам, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, за супольныя намаганні ў справе падрыхтоўкі да святарства нашых навучэнцаў. Моладзь XXI стагоддзя, стагоддзя секулярызму і рэлятывізму, спажывання, цвёрда трывае ў веры бацькоў. Нягледзячы на казачныя рэкламы, каляровыя вітрыны, гучнае і гаваркое асяроддзе, маладыя хлопцы пачулі запрашэнне Хрыста: “Ідзі за Мной” і адказалі: “Так!”

Як мы ведаем, шлях да святарства вядзе праз семінарыю. Тут навучэнцы вядуць малітоўны дыялог з Панам, каб пераканацца ў правільным выбары дарогі паклікання і цалкам даверыцца Хрысту Пану. Умілаваныя! Без вашай малітоўнай падтрымкі і фінансавай дапамогі гэта не было б магчымым. Таму сёння дзякуем вам за прынесеныя ахвяраванні і ў чарговы раз просім аб падтрымцы. У гэтую хвіліну мы не саромеемся евангелічнага вылучэння нас Хрыстом як “найменшых з Маіх братоў…”, бо мы верым, што далейшы змест гэтага евангелічнага ўрыўку скіраваны да вас, і гэта словы: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо быў Я галодны, сасмаглы, падарожны, і вы прынялі Мяне..."

Мы запэўніваем вас, што нашае накіраванае ў вашых намерах "Благаслаўлёныя вы", семінарыйная супольнасць паўтарае кожны дзень у малітве перад Панам. І няхай будзе вядома, што агульнымі намаганнямі гродзенскага Касцёла на чале з Яго Эксцэленцыяй біскупам Аляксандрам мы праклалі дарогу да алтара Пана амаль 200 святарам. Зараз шлях святарскага паклікання ў семінарыі распазнаюць 36 семінарыстаў. Зазіраючы ў будучыню Касцёла, мы пастаянна молімся аб новых пакліканнях. Таму просім вас, маладыя сябры, каб вы не баяліся Хрыстовага запрашэння. Брат! Ідзі за голасам Хрыстовага паклікання, каб у будучыні абвяшчаць Евангелле, будаваць Валадарства любові, справядлівасці і Хрыстовага супакою на нашай любімай беларускай зямлі.

З дарам малітвы ад імя семінарыйнай супольнасці ў Гродне
ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі — рэктар семінарыі


Адноўлена 24.11.2013 15:59
 
© 2003-2024 Catholic.by