Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас абвяшчэння прызначэння ксяндза Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |
Мінская катэдра, 29 лістапада 2013 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Выконваючы даручэнне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, маю гонар абвясціць, што сёння Папа Францішак прызначыў шаноўнага святара Юрыя Касабуцкага, канцлера Мінска-Магілёўскай Курыі, адміністратара парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Кансэкрацыя (біскупскае пасвячэнне) адбудзецца 25 студзеня 2014 г. у мінскай катэдры ў 11.00.

Адначасова хачу паведаміць, што Папа Францішак сёння таксама прызначыў пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага і дэкана дэканату Віцебск-паўночны шаноўнага ксяндза Алега Буткевіча новым Віцебскім ардынарыем. Яго біскупскае пасвячэнне адбудзецца 18 студзеня 2014 г. у Віцебскай катэдры ў 12.00.

Таксама сёння Пантыфік прызначыў рэктара гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, віцэ-афіцыяла Гродзенскага касцёльнага суда шаноўнага мансіньёра Іосіфа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Яго біскупскае пасвячэнне адбудзецца 1 лютага 2014 г. у Гродзенскай катэдры ў 12.00.

Такім чынам, пасля гэтых рашэнняў Святога Айца Францішка беларускі каталіцкі епіскапат павялічыўся з чатырох да сямі біскупаў. Гэта вялікі дар Касцёлу ў Беларусі, які служыць духоўнаму дабру нашай краіны.

Сённяшняя дата з’яўляецца вельмі сімвалічнай. 29 лістапада 1961 г. быў узарваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, так званая Фара Вітаўта. Добра памятаю, як 52 гады таму ў той дзень раніцай я ехаў аўтобусам у школу. Людзей у аўтобусе было вельмі многа і было цёмна, так што праз акно я нічога не бачыў. На прыпынку на Савецкай плошчы нехта сказаў: «Усё, касцёла няма». Пасля заняткаў я пайшоў да касцёла і ўбачыў, што яго руіны вывозяць за горад. Сэрца разрывалася ад болю. Як можна знішчыць святое месца і помнік архітэктуры XVI стагоддзя?

Словы «Усё, касцёла няма» яшчэ да сённяшняга дня болем адгукаюцца ў сэрцах вернікаў. Аднак Касцёл ёсць, бо ён — гэта Хрыстус, які жыве ў часе і прасторы. Яго можна пераследаваць, але нельга знішчыць.

Святы Ігнацый Антыяхійскі кажа: «Дзе біскуп, там і Касцёл». І сённяшнія біскупскія прызначэнні — гэта знак як існавання Касцёла, так і яго ўмацавання.

Хрыстус у сённяшнім Евангеллі кажа, што калі распускаецца смакоўніца або іншыя дрэвы, то мы ведаем, што блізка лета, і таму гэтыя дрэвы прынясуць плён.

У Беларусі не растуць смакоўніцы і ў гэты час не распускаюцца дрэвы, але з новымі біскупскімі прызначэннямі мы звязваем надзею на новую вясну Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і новыя багатыя духоўныя плёны яго служэння ў нашай Бацькаўшчыне.

Эксцэленцыя, біскуп намінат Юрый!

Ад усяго сэрца віншую цябе з новым прызначэннем! Няхай добры Бог адорыць цябе сваімі патрэбнымі для выконвання адказнай місіі наступніка апосталаў духоўнымі дарамі і фізічнымі сіламі! Няхай Божая Маці мае цябе ў сваёй апецы! А твой нябесны апякун, св. Юрый, няхай дапаможа ў барацьбе з цмокам секулярызму, каб дзякуючы твайму біскупскаму служэнню аднавілася першапачатковая свежасць Евангелля, — як да гэтага заклікае Папа Францішак у Апостальскай адгартацыі “Evagelii gaudium”.

На многая і святая лета!
 

Адноўлена 30.11.2013 15:57
 
© 2003-2021 Catholic.by