Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прысвечаным сям’і сімпозіуме “Не пакіну цябе ажно да смерці” | Друк |

Актуальная сітуацыя сям’і

Мінск, Чырвоны касцёл, 14 снежня 2013 г.

1. Паводле Святога Пісання і вучэння Касцёла, сям’я – гэта Богам заснаваны, адзіны і непарыўны саюз мужчыны і жанчыны, мэтай якога з’яўляецца сумеснае жыццё сужэнцаў, узаемная дапамога, нараджэнне патомства і яго выхаванне (пар. Быц 1, 28; KPK 226 § 2. 1055 § 1). Такім чынам, сям’я з’яўляецца сацыяльным інстытутам і першым у гісторыі чалавецтва саюзам. Перад тым, як быў заснаваны Савецкі Саюз, які загадаў доўга жыць, Еўрасаюз і Мытны саюз ці іншыя саюзы і альянсы, ужо на пачатку гісторыі чалавецтва нашым Творцам была заснавана сям’я як саюз мужчыны і жанчыны, які з’яўляецца школай найбольшай чалавечнасці і фундаментам кожнага грамадства, як навучае Другі Ватыканскі Сабор (пар. GS 52). Гэты саюз паміж ахрышчанымі з’яўляецца сакрамэнтам (пар. КPK 1055).

На жаль, з часам гэты саюз адыйшоў ад сваіх, Богам закладзеных, асноў і трансфармаваўся да такой ступені, што сучасная сям’я перажывае не бачны дасюль крызіс, які вельмі моцна ўплывае на жыццё і маральнае становішча кожнага грамадства. Таму сёння вельмі важна правесці аналіз стану сям’і, выявіць яе хваробы, каб ведаць, якімі лекамі іх лячыць.

2. На сучасны стан сям’і вялікі ўплыў аказваюць тэндэнцыі развіцця свету і грамадства з іх крызісамі. Менавіта таму ў сучасным свеце сям’я перажывае якасныя перамены, якія найперш звязаны з глабальнымі працэсамі індустрыялізацыі, урбанізацыі, імкнення да роўнасці палоў, секулярызацыі, бездухоўнасці, абсалютнай, без пачуцця адказнасці, свабоды, спажывецтва, задавальненняў і г.д.

У выніку чаго адыйшоў у мінулае патрыярхальны тып сям’і, у якой мужчына адыгрываў галоўную ролю, а жанчына займалася нараджэннем і выхаваннем дзяцей і працай па дому.  

У сувязі з працэсамі урбанізацыі аслабляюцца сувязі паміж бацькамі, дзецьмі і блізкімі і парушаецца шматпакаленная сям’я. У наш час валадарыць двухпакаленны тып сям’і – бацькі і дзеці – і ўсё менш становіцца трохпакаленных, калі разам з бацькамі і дзецьмі жылі бабулі і дзядулі.

3. Сям’я, як сацыяльны інстытут, паклікана выконваць шэраг функцый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць грамадства. Галоўнымі з іх з’яўляюцца наступныя: рэпрадуктыўная, выхаваўчая, гаспадарча-эканамічная і рэкрэацыйная.

Рэпрадуктыўная функцыя выводзіцца з наказу Творцы: “пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю” (Быц 1, 28). Каб чалавечы род не спыніўся ў сваім існаванні, а грамадства не перамянілася ў інтэрнат для састарэлых і не было дэмаграфічнага крызісу, неабходна, каб у кожнай сям’і было ад дваіх да траіх дзяцей. На самой жа справе ў нашай краіне нават на дзве сярэднестатыстычныя сям’і не прыходзіцца трое дзяцей. Таму насельніцтва не толькі старэе, але і проста вымірае.

Прычын такога працэсу шмат. Гэта нялёгкая сацыяльна-эканамічная сітуацыя сем’яў, асабліва маладых. Гэта таксама раннія сужэнствы, якія ўяўляюць сабой вялікую катэгорыю рызыкі і ў якіх праяўляецца нежаданне мець дзяцей. Працэнт разводаў у такіх сем’ях вельмі вялікі.

Іншы бок праблемы дзетанараджэння – гэта пазашлюбныя дзеці, колькасць якіх расце і шмат іх проста з радзільнага дома адпраўляецца ў дамы малюткі, бо маці ад іх адмаўляюцца.

Расце таксама і колькасць няпоўных сем’яў, найчасцей маці-адзіночка і дзіця. Кожнае чацвёртае дзіця ў Беларусі выхоўвае маці-адзіночка, што становіцца вялікай праблемай, бо для нармальнага і гарманічнага выхавання дзіцяці патрэбныя бацька і маці.

Трывожнай з’яўляецца растучая колькасць абортаў, што побач з сучаснай тэндэнцыяй мець нешматдзетныя сем’і з’яўляецца галоўнай прычынай дэмаграфічнага крызісу. Беларусь прапагандуе і падтрымлівае шматдзетныя сем’і, аднак гэта, пакуль што, не вырашае дэмаграфічнай праблемы. Каталіцкі Касцёл не згодны з узаконенай практыкай абортаў, бо гэта супярэчыць Божаму закону і на самой справе — не што іншае, як забіццё безабароннага жыцця. Таму Касцёл вітае апошнія ініцыятывы Парламента заканадаўча замацаваць права ўрача адмовіцца рабіць аборт (пар. http://ont.by/news/our_news/00111751).

У выпадку абортаў трэба таксама звярнуць увагу і на тое, што гэта асабістае рашэнне жанчыны, нярэдка падтрыманае бацькам ненароджанага дзіцяці. Ніхто і ніякі закон не змушае жанчыну згадзіцца на забойства свайго дзіцяці, якое яшчэ не ўбачыла свету. І таму на праблему абортаў неабходна глядзець не толькі з пункту гледжання дзяржаўнага закону, які яго дазваляе ў канкрэтных выпадках, але і з пункту гледжання маральнага закону, які ў імя захавання бясцэннага Божага дару жыцця забараняе гэта чыніць. Забіццё ненароджанага жыцця – гэта генацыд свайго народу.

У сувязі з вышэй сказаным можна адзначыць, што ў сучасных сем’ях да мінімуму абмежавана яе рэпрадуктыўная функцыя, што вядзе да дэвальвацыі Божага дару жыцця і мацярынства. Жанчына, якая застаецца дома і прысвячае сябе выхаванню дзяцей, сёння не ў модзе і належным чынам не ацэньваецца.

Выхаваўчая функцыя сям’і не можа быць заменена ніякім іншым інстытутам. Касцёл вучыць, што менавіта сям’я з’яўляецца першай школай выхавання маладога пакалення (пар. GS 52). Увага, якая сёння звяртаецца на матэрыяльнае забеспячэнне дзяцей, значна перавышае клопат аб іх духоўным выхаванні. Занятыя працай, кар’ерай і клопатам пра сябе, бацькі, рэлігійнае жыццё якіх вельмі часта пакідае жадаць лепшага, усё менш увагі прысвячаюць духоўнаму выхаванню маладога пакалення і мала з ім кантактуюць.

Некалі, напрыклад, абедзенны стол быў месцам сустрэчы, сумеснай размовы, вырашэння праблем і г.д. А дзе ён цяпер? Яго практычна няма. Найчасцей у сувязі з працай, вучобай і рознымі заняткамі бацькі і дзеці спажываюць ежу раздзельна і агульнага стала, які аб’ядноўваў, больш няма. А нават калі ён часамі і ёсць, то пасля абеду ўсе хуценька разбягаюцца па сваіх кутках, кожны заняты сваімі справамі.

Яшчэ зусім нядаўна веруючыя сем’і – бацькі і дзеці – штодзённа разам маліліся, а ў нядзелю ішлі на святую Імшу, ад чаго сучасныя сем’і адыходзяць усё больш і больш. Яны едуць на прыроду або ў гіпермаркетах праводзяць цэлыя дні і потым кажуць, што не мелі часу схадзіць у касцёл на набажэнства. У выніку гэтага дзеці не маюць прыкладу рэлігійнага жыцця сваіх бацькоў.    

Такім чынам, прафесійныя інтарэсы мужчын і жанчын, іх пастаянная занятасць, нядбаласць аб духоўным выхаванні дзяцей, а таксама імкненне моладзі да аўтаноміі, становяцца сур’ёзнымі канкурэнтамі для цэласнасці і адзінства сям’і. У выніку гэтых і падобных прычын таксама зніжаецца выхаваўчая роля сям’і.

Гаспадарча-эканамічная функцыя сям’і ўключае ў сябе вельмі шырокі спектр сямейных адносін, такіх, як вядзенне хатняй гаспадаркі, бюджэту, арганізацыі побыту і адпачынку і г.д. У сям’і не толькі фарміруюцца матэрыяльныя патрабаванні чалавека і здаровыя, згодныя з сацыяльным вучэннем Касцёла адносіны да матэрыяльных каштоўнасцяў, але таксама ўзнікаюць і падтрымліваюцца традыцыі, ажыццяўляецца ўзаемадапамога, праяўляецца дух салідарнасці і г.д. Таму сям’я з’яўляецца школай, у ёй маладое пакаленне вучыцца, як потым весці самастойнае жыццё.

На жаль, у наш час усё больш праяўляюцца тэндэнцыі нездаровага імкнення да багацця і спажывецтва. Выхаванне маладога пакалення ў такіх умовах можа ўчыніць з іх духоўных інвалідаў, зацікаўленых толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Рэкрэацыйная (абнаўленчая) функцыя сям’і мае вельмі важнае значэнне для ўсіх яе членаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што добрая сем’я – гэта палова поспеху ў кар’еры, бізнесе, вучобе і г.д. Сучасны свет жыве ў абставінах гонкі за лідарам. Амерыканцы нездарма кажуць, што, каб заставацца на месцы, трэба хутка бегчы. Парадокс? Не. Гаворка ідзе пра тое, што трэба паспяваць адказваць на выклікі часу і хутка вырашаць праблемы, каб захаваць сваю пазіцыю (заставацца на месцы). А каб у абставінах вельмі вялікай і жорсткай канкурэнцыі рухацца наперад, трэба бегчы вельмі хутка.

У выпадку сям’і і заданняў, якія стаяць перад ёю, нельга заставацца пасіўнымі. Трэба дзейнічаць хутка і эфектыўна, каб своечасова адказваць на небяспечныя выклікі часу і захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць. Таму неабходна бегчы, і вельмі хутка. А каб кожны дзень бегчы марафон, трэба быць у добрай форме, якая аднаўляецца і падтрымліваецца ў добрай сям’і.

Што можа замяніць сітуацыю, калі бацькі і дзеці знаходзяцца разам? А яшчэ лепей - калі з імі знаходзяцца іх дзядулі і бабулі. Рэкрэацыйныя функцыі сям’і з’яўляюцца тым вышэйшымі, чым вышэйшая культура сямейнага жыцця, якая з’яўляецца часткай духоўнай і маральнай культуры грамадства. На жаль, у гэтай сферы грамадства бачны не прагрэс, але рэгрэс. Агульная, можна сказаць глабальная варварызацыя і дэмаралізацыя звычаяў балюча адбіваецца на сям’і, у выніку чаго ўмацоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі ў яе функцыянаванні. Як вынік, расце колькасць разведзеных сем’яў, калі пры жывых бацьках дзеці застаюцца як быццам сіротамі, і ў такіх выпадках іх найчасцей выхоўвае вуліца. У Беларусі колькасць разведзеных сям’яў дасягае 50%, а сярод маладых нават даходзіць да 70%. Моладзь безадказна ставіцца да справы стварэння сям’і, вельмі часта дзейнічае паводле прынцыпу: пажывём-пабачым.

Вялікі ўплыў на колькасць разводаў мае таксама эканамічная самастойнасць жанчын, уплыў урбанізацыі і звязаны з ёй рост сацыяльнай ананімнасці, навукова-тэхнічная рэвалюцыя і яе ўплыў на інтэнсіфікацыю працы, сацыяльна-эканамічныя, культурныя, этнічныя і часамі нават рэлігійныя, калі сужэнцы належаць да розных веравызнанняў, прычыны, насілле ў сям’і, п’янства, сужэнская нявернасць і г.д.

У апошнія часы з’явіўся новы феномен, калі многія жывуць у свабодных саюзах, не афармляючы іх нават у ЗАГСе, не кажучы ўжо пра сакрамэнт сужэнства.

У некаторых, асабліва высокаразвітых краінах свету, як напрыклад, ЗША, уводзіцца прынцып дагаворных асноў сужэнства, калі перад заключэннем сужэнскага саюзу сужэнцы дамаўляюцца аб тым, як раздзеляць сваю маёмасць у выпадку разводу. Такім чынам, ужо на самым пачатку яны дапускаюць магчымасць разводу, што супярэчыць Богам устаноўленаму прынцыпу, што сям’я – гэта адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны.

Пачынаючы ад прайшоўшай у 1995 г. у Пекіне і прысвечанай жанчыне міжнароднай канферэнцыі якасна змянілася само паняцце “сям’я”. Цяпер яна можа азначаць традыцыйныя сем’і (мужчына, жанчына і іх дзеці), але можа таксама азначаць гомасексуальныя і лесбійскія саюзы, і нават так званыя монабацькоўскія саюзы, калі сям’я складаецца з жанчыны і дзіцяці ад нейкага старонняга мужчыны. Такім чынам мы з’яўляемся сведкамі фундаментальнай рэвалюцыі, у негатыўным значэнні гэтага слова, адносна значэння паняцця “сям’я”. Можна сказаць, што сям’я на самой справе сталася палімарфічнай, гэта азначае, што паняцце “сям’я” застаецца без усялякай канкрэтыкі.

У выніку гэтага ў многіх краінах свету прыняты законы аб гомасексуальных саюзах, калі сям’ёй з роўнымі правамі прызнаецца як саюз мужчыны і жанчыны, так і двух мужчын ці жанчын, што супярэчыць Божаму закону і з’яўляецца грахом садаміі (пар. Быц 19, 4-5; Рым 1, 27). Святы апостал Павел кажа вельмі ясна, што мужаложцы не прыйдуць у Божае Валадарства (пар. 1 Кар 6, 9-10).

Больш за тое, гэтыя гомасексуальныя саюзы маюць права на ўсынаўленне дзяцей. Паўстае пытанне: “Як могуць нармальна выхаваць дзіця двое мужчын ці дзве жанчыны, з якіх ніхто не з’яўляецца ні бацькам, ні маці?”

Усё больш распаўсюджваецца сурагатнае мацярынства і штучнае апладненне, калі амаральна выкарыстоўваюцца дасягненні генетыкі.

Практыка кланавання жывёл, якая распаўсюджваецца, таксама выклікае вялікую трывогу, бо нязгоднае з маральнымі нормамі яе выкарыстанне можа адкрыць шлях да кланавання чалавека, які паводле Божага плану з’яўляецца адзінай і непаўторнай асобай са сваёй чалавечай годнасцю і сваім генетычным кодам.

Новай небяспекай з’яўляецца гендэрная ідэалогія, якая дапускае ўзаемазамену роляў мужчыны і жанчыны. Яе прыхільнікі кажуць, што ўсё залежыць ад культуры і гісторыі. Паводле гэтай тэорыі, неабходна новая культурная рэвалюцыя, якая знясе розніцу палоў. Як вынік гэтага, у некаторых краінах ужо прыняты законы, паводле якіх у пасведчаннях аб нараджэнні дзяцей не абавязкова ўказваць бацьку і маці дзіцяці. Замест гэтага пішацца першы і другі радзіцель, а само дзіця застаецца без канкрэтнага полу.

4. Такім чынам мы бачым дэфармацыю і нават адмаўленне ад мадэлі сям’і, як Богам створанага інстытуту, і таксама дэвальвацыю Божага дару жыцця. З жалем трэба канстатаваць, што сапраўдная, паводле Божай задумы, сям’я ператварылася ў нейкі тып інтэрнату, дзе людзі толькі жывуць адзін побач аднаго. Няўзброеным вокам бачна, што распыльваюцца і губляюцца базавыя каштоўнасці сям’і. Яна губляе свой першасны, Богам устаноўлены, сэнс, што негатыўна ўплывае на становішча ўсяго грамадства. Таму можна казаць, што на пачатку XXI стагоддзя мы не заўсёды ведаем, што значыць сапраўдная сям’я, бо замест яе сёння побач вельмі часта існуюць бацькі і дзеці, якіх амаль нічога не яднае і якія жывуць як быццам у інтэрнаце.

Нездарма Святы Айцец у Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” (“Радасць Евангелля”) кажа, што постмадэрнісцкі і глабалізаваны індывідуалізм спрыяюць аслабленню ўзросту і стабільнасці сувязяў паміж асобамі і дэфармуюць сямейныя сувязі (пар. EG 67).

Усё гэта змушае нас паставіць пытанне: “Што сучасныя сем’і пакінуць сваім нашчадкам, дзецям і ўнукам?” Багатыя катэджы і вялікі рахунак у банку, мадэль сям’і, якая распалася, і адмаўленне ад Божага дару жыцця, ці прыклад сапраўднай школы жыцця і хатняга Касцёла?  

Таму, пакуль яшчэ не позна, пакуль рак дэвальвацыі сямейных каштоўнасцяў не знішчыў нас, неабходна з усёй сур’ёзнасцю падыйсці да праблемы сям’і, бо ад яе здароўя будзе залежаць наша будучыня. У вырашэнні праблем сям’і неабходна аб’яднаць высілкі ўсіх здаровых сіл хрысціянства, асабліва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, а таксама грамадства, каб сумесна іх вырашаць. Будучы барометрам становішча грамадства, сям’я павінна стаць яго радасцю і надзеяй (пар. GS 1) і лекамі ад крызісу веры і секулярызму (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches /2013/ october/documents/ papa-francesco_20131025_plenaria-famiglia_it.html).

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS).
2. Kodeks Prawa Kanonicznego. Poznań … (KPK).
3. Францішак. Апостальская адгартацыя “Evangelii gaudium” (EG).
4. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/october/
documents/papa-francesco_20131025_plenaria-famiglia_it.html.
5. http://ont.by/news/our_news/00111751.

 
© 2003-2021 Catholic.by