Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас экуменічнай малітвы | Друк |

Мінская архікатэдра, 19 студзеня 2014 г.

Ці Хрыстус падзелены (пар. 1 Kар 1, 1-17)?

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій!

1. Ці Хрыстус падзелены (пар. 1 Kар 1, 1-17)? Гэтыя словы святога апостала Паўла з’яўляюцца тэмай сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, праграма якога была падрыхтавана рознымі хрысціянскімі супольнасцямі Канады. У гэтай краіне, дзе жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, колераў скуры, розных культур і веравызнанняў, у большасці мігранты з Еўропы і іншых краін свету, склаліся вельмі добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны.

Таму праграма сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян уяўляе сабой супольную працу розных хрысціянскіх веравызнанняў з мэтай паказаць, што Хрыстус не з’яўляецца падзеленым, і таму на Ім, як на адзіным прынцыпе і падмурку еднасці, мы павінны будаваць бачнае адзінства.

Словы святога апостала Паўла заклікаюць да высілкаў, каб мы, як Касцёл, не былі падзеленымі і не дзейнічалі адзін супраць аднаго. Тым больш што выклікі сучаснага свету становяцца імператывам да супольнай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Таму адным з галоўных заданняў хрысціян розных канфесій з’яўляецца падтрымка лучнасці з усімі, хто вызнае імя Езус.

Трэба таксама падкрэсліць, што сёлетні Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць у год вельмі важных экуменічных юбілеяў: 50 гадоў таму, 5-6 студзеня 1964 г., Папа Павел VI у Ерузалеме сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальскім Афінагорам I, а 21 лістапада таго ж года быў прыняты Дэкрэт пра экуменізм “Unitatis redintegratio”.

2. Святы апостал Павел першае Пасланне да Карынцянаў распачынае моцным уступам, які можна назваць як быццам уверцюрай да оперы, у якой ён бароніць еднасць хрысціян.

На пачатку Павел звяртаецца да вернікаў-карынцянаў як да Касцёла, які дзейнічае у Карынце. Апостал прыгадвае ім, што яны пакліканы да святасці не паасобку, але ў супольнасці з тымі, хто заклікае імя Езус у розных месцах. Гэта азначае, што ў незалежнасці ад таго, дзе мы знаходзімся і кім мы з’яўляемся, мы павінны быць адзінымі.

Далей Апостал народаў зычыць вернікам Карынта міру, але міру можна дасягнуць толькі ва ўзаемных братэрскіх адносінах. Вельмі прыгожа аб гэтым навучае Папа Францішак у сваім пасланні на Дзень міру, які Каталіцкі Касцёл адзначае 1 студзеня. Сёлетняе яго пасланне на тэму “Братэрства – падмурак міру і шлях да яго” заклікае да будавання братэрскіх адносін паміж людзьмі, каб дасягнуць міру. Калі гэта актуальна для ўсіх людзей, то тым больш актуальна для хрысціян, якія сваё імя бяруць ад адзінага Збаўцы – Езуса Хрыста.

Потым святы апостал Павел выказвае ўдзячнасць Богу за дадзеную карынцянам Божую ласку. Гэта найперш ласка веры і ласка Божых дароў, якія гэтая хрысціянская супольнасць атрымала ў Хрысце. Кожная хрысціянская супольнасць атрымлівае ад Бога свае дары, якія павінны нас аб’ядноўваць, а не дзяліць. Гэтыя дары дапаўняюць адзін аднаго і чыняць хрысціянства больш багатым.

І на заканчэнне апостал Павел звяртаецца з моцным пасланнем да хрысціян Карынта, якія скажалі Евангелле і нішчылі адзінства супольнасці, кажучы, што “я належу да Паўла, да Апалоса, да Кефаса, да Хрыста”, гэта азначае, што яны былі падзелены. Павел крытыкуе нават тых, хто належыць да Хрыста, бо яны выкарыстоўваюць імя Хрыста для аддзялення ад іншых членаў хрысціянскай супольнасці.

У сувязі з гэтым Апостал народаў ставіць актуальнае і сёння пытанне: “Ці Хрыстус падзелены?” Пры гэтым ён падкрэслівае, што кожная хрысціянская супольнасць павінна шукаць сваёй тоеснасці ў Хрысце, а не па-за Ім, бо не Павел быў укрыжаваны, і мы не былі ахрышчаны ў імя Паўла. Хрыстус нас збавіў на дрэве крыжа, і мы былі ахрышчаны ў Яго імя.

3. Бачачы, што супольнасць карынцянаў падзеленая, Павел заклікае іх. каб былі адзіныя ў духу і адной думкі.

Пры гэтым ён не заклікае адмовіцца ад лідарства Паўла, Апалоса ці Кефаса. Гэта азначае, што ў хрысціянстве могуць быць розныя традыцыі. Аднак у той жа час ён указвае на фундаментальны элемент еднасці, якімі ёсць крыж і хрост. Мы не былі ахрышчаны ў імя Паўла, і не Павел быў укрыжаваны за нашы грахі. Наша еднасць і збаўленне ў Езусе Хрысце, і мы ўсе разам, у незалежнасці ад таго, да якой хрысціянскай супольнасці належым, павінны абвяшчаць Евангелле свету.

Гэта тое пытанне, якое ставіць перад намі сёлетні Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. І нам неабходна адказаць на яго, бо справа абвяшчэння Евангелля і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў у наш час з’яўляецца прыярытэтам, і яна вышэй за ўсе падзелы. Калі паглядзім на дары і благаслаўленні, якімі Бог адорвае нас, перадусім на свабоду веравызнання, то мы павінны сябе спытаць: як мы выкарыстоўваем новыя магчымасці для новай евангелізацыі? Бо ад гэтага будзе залежаць наша хрысціянская будучыня.

4. Евангелле нагадвае пра тое, што Слова, якое было Богам, сталася целам і жыло паміж нас. Яно прыйшло да сваіх, але свае Яго не прынялі. Ці мы сапраўды прымаем Яго? Адказ пазітыўным будзе толькі тады, калі мы будзем адзінымі.

Таму, дарагія браты і сёстры, супольна падзякуем Богу за дары, якімі Ён адорвае нас, і глыбока прымем да сэрцаў тое, што ўсе мы ахрышчаны ў Езусе Хрысце, і наша супольнае імя – хрысціянін.

Прыказка кажа, што адзін у полі не воін. Будзем жа разам і ўчынім усё магчымае, каб сумесна сведчыць наша хрысціянства, бо як адзіны Хрыстус – наш Збаўца, – таксама і мы павінны быць адзінымі, каб свет паверыў і, жывучы верай, будаваў шчаслівае жыццё на гэтай зямлі і прыйшоў у шчаслівую вечнасць. Амэн.
    

Адноўлена 19.01.2014 22:42
 
© 2003-2024 Catholic.by