Слова біскупа Аляксандра Кашкевіча падчас экуменічнай сустрэчы ў Гродне | Друк |

23 студзеня 2014 г.

Вялікі дзякуй папярэднім шаноўным прамоўцам – айцу Аляксандру, пастару Уладзіміру.

Усе мы абвяшчаем Хрыста. Усіх Бог кліча да святасці і збаўлення.

Як пачулі ў прамовах, маем сумесныя хрысціянскія мэты, імкнемся быць вернымі словам Хрыста, жадаем клапаціцца аб развіцці духоўнага жыцця сваіх хрысціянскіх супольнасцяў і ўсяго нашага грамадства.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Ёсць больш спраў і рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць, і ёсць намнога менш таго, што нас раздзяляе.

Могуць нас адрозніваць знешнія формы і рэлігіныя цырымоніі, вопратка духоўных асобаў, структуры нашых супольнасцяў і разуменне некаторых праўдаў веры і дагматаў.

Калі мы будзем толькі прытрымлівацца гэтых знешніх адзнакаў і шукаць адрознення, калі будзем падкрэсліваць, якія мы розныя, то можам згубіць галоўныя мэты нашага жыцця ў святле Божага слова і ласкі збаўлення.

Мы ведаем, якімі балючымі з’яўляюцца падзелы між блізкімі людзьмі, у сем’ях і ў грамадстве.

Ведаем аб тым, што нявырашаныя падзелы вядуць да новых канфліктаў і непаразуменняў.

Апостал Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў глыбока перажываў падзел між хрысціянамі ў Карынцкай супольнасці. У першых словах свайго паслання ён заклікае, каб усе хрысціяне заўважылі ў сябе аднолькавую Божую ласку і дары, дадзеныя праз Хрыста, у якім усе маюць духоўнае багацце, каб праз слова і спазнанне зрабіць моцным сведчанне аб Хрысце. Павел просіць, каб праз імя Хрыста усе былі згодныя з сабой і каб не было разломаў, каб усе мелі адны думкі і разважлівасць. Апостал кіруе заўвагу, каб Карынцяне не забываліся, дзякуючы каму яны адкупленыя – дзякуючы Хрысту, а Ён для ўсіх Збаўца, Ён не падзелены.

Словы апостала Паўла падказваюць нам, якім чынам мы можам ацаніць адзін аднаго, як прымаць дары ад іншых, нават цяпер, калі належым да розных веравызнанняў.

На шчасце, маем шмат прыкладаў супрацоўніцтва хрысціян і еднасці між імі.

Дзякуй вялікі тым, хто ўмее ўшанаваць хрысціяніна іншага веравызнання і не глядзіць на яго, як на ворага, але прызнае за свайго брата і сястру ў Хрысце Пану.

Дзякуй тым, хто ў сваіх сем’ях і асяроддзі ўмее разам святкаваць святы заходняй і ўсходняй традыцыі хрысціянства.

Дзякуй тым, хто не асуджае іншых вызнанняў, не спрабуе ацаніць, хто лепшы, а хто горшы, але памятае аб тым, што ўсе мы разам хрысціянская сям’я, і прычыняецца да яе еднасці.

Малітва адзін за аднаго, разважлівасць і памяць аб галоўных мэтах нашай веры, да якіх мы пакліканы ў Хрысце, дапамогуць нам заўсёды захаваць мудрае і адказнае стаўленне да ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў. І хоць паміж намі існуюць розніцы, яны не могуць быць прычынай разломаў.

Заклікаю вас, браты і сёстры ў Хрысце Пану, каб гэтыя адрозненні, наадварот, дапамагалі нам узрастаць ва ўзаемным шанаванні і клопаце аб збаўленні.

Асабліва ў нашым шматкультурным асяроддзі, дзе развіваюцца дзве асноўныя традыцыі хрысціянства – заходняя і ўсходняя, – патрэбны нам узаемны клопат аб нашым адзінстве.

Настолькі верна будзем сведчыць аб Хрысце і абвяшчаць Яго Евангелле, наколькі будзем верна жыць паводле Яго навучання і будзем вернымі Ягоным словам.

Пан Езус у Евангеллі паводле Марка сказаў нам выразна, што першы і вялікі той, хто служыць. Хто ўмее служыць, стаецца падобным да Хрыста і жыве з іншымі ў хрысціянскім адзінстве.

Служэнне адзін аднаму ў дабрыні і праўдзе яшчэ больш наблізіць нас да Хрыста. І няхай гэта будуць нават маленькія і сціплыя крокі хрысціянскага служэння ў любові, але патрэбна імі ісці наперад, каб дайсці да адзінага Хрыста, нашага Збаўцы. Амэн.

Адноўлена 23.01.2014 20:19
 
© 2003-2024 Catholic.by