Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да ўдзельнікаў канферэнцыі “Роля традыцыйных веравызнанняў у вырашэнні праблем захавання жыцця і дэмаграфічнай бяспекі Беларусі” | Друк |

Канферэнц-зала Цэнтра духоўнай асветы і сацыяльнага служэння іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць”. Мінск, 13 сакавіка 2014 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, браты і сёстры!

Праблемы захавання жыцця і дэмаграфічнай бяспекі з’яўляюцца аднымі з найбольш вострых у сучасным свеце, асабліва ў развітых краінах. Усё часцей чалавецтва не прымае праўды, што жыццё пачынаецца ад зачацця. Пятая Божая запаведзь “Не забівай” у адносінах да чалавечага плоду, які знаходзіцца ва ўлонні маці, ігнаруецца. Чыніцца ўсё гэта ў пошуку асабістай выгоды і неадпаведна зразумелага права на свабоду выбару. У выніку чаго бясцэнны Божы дар жыцця дэвальвуецца і мы перажываем дэмаграфічны крызіс.

Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква і іншыя веравызнанні, цвёрда стаіць на пазіцыі захавання Божага дару жыцця. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II у энцыкліцы “Евангелле жыцця” вучыць, што першым правам чалавека з’яўляецца права на жыццё ад зачацця аж да натуральнай смерці (пар. EV 2). Гэтае права абумоўлівае ажыццяўленне ўсіх іншых правоў і мае на ўвазе незаконнасць любых формаў аборту (пар. EV 7-28).

Неабходнасць абароны жыцця на кожным этапе яго развіцця выплывае  з Богам устаноўленых і ўпісаных у нашы сэрцы маральных нормаў, у якіх выражана любоў Творцы да свайго стварэння. Маральная запаведзь “Не забівай” мае абсалютнае значэнне для чалавечай свабоды і абавязвае заўсёды, без аніякіх выключэнняў, – як вучыць благаслаўлёны Ян Павел II (пар. EV 75). Гэтая запаведзь уключае ў сябе не толькі клопат пра многія мільёны нявінных і безабаронных ненароджаных дзяцей, але таксама пра дабро, здароўе і супакой сэрца жанчын, якія згаджаюцца на аборты, бо без іх просьбы і дазволу яны не могуць адбыцца. Уключае яна таксама і маральную адказнасць медыкаў, які складаюць прысягу Гіпакрата бараніць жыццё, а не забіваць яго.

У выступленні да прадстаўнікоў Еўрапейскай народнай партыі 30 сакавіка 2006 г. Папа Бэнэдыкт XVI казаў пра існаванне прынцыпаў, якія не абмяркоўваюцца, сярод іх знаходзіцца абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/ speeches/2006/march/documents/hf_ben-xvi_spe_20060330_eu-parliamentarians _ it.html).

Кожнае ненароджанае і несправядліва асуджанае на аборт дзіця мае твар Езуса Хрыста, які яшчэ перад нараджэннем і адразу ж пасля таго выпрабаваў на сабе адмову свету. Парадаксальнай выглядае сітуацыя, калі людзі патрабуюць усё новых правоў і ў той жа час не прызнаюць асноўнага права кожнага чалавека – права на жыццё, – як кажа Папа Францішак (пар.  http://www.fronda.pl/a/franciszek-kazde-dziecko-nienarodzone-a-skazane-niesprawiedliwie-na-aborcje-ma-oblicze-jezusa-chrystusa,30798.html).

Патрыях Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл называе аборт, забойства дзяцей у матчыным улонні, страшным грахом (пар. http://www.youtube.com/watch?v =UISZnZPSKP8; http://infosmi.net/society/658-posle-skandala-s-embrionami-patriarkh-kirill-prizval-prekratit-aborty) і заклікае да яго забароны (пар. http://pravera.ru/index/patriarkh_kirill _ob_ abortakh _cerkov _otnositsja_protiv_ ubijstva_detej/0-1812).

Хрысціянін не можа быць абыякавым у справе абароны жыцця. Гэта яго маральны абавязак, бо “трэба слухаць болей Бога, чым людзей” (Дз 5, 29). Аборт – гэта злачынства, якога ніякае права не можа апраўдаць. Таму дазваляючыя аборты законы ні ў якім выпадку не з’яўляюцца абавязковымі для сумлення чалавека і ім трэба супрацьстаяць згодна з голасам сумлення. Таму ў выпадку закона, які дазваляе аборты, нельга карыстацца ім, удзельнічаць у фарміраванні спрыяльнай для такога закона грамадскай думкі і галасаваць за яго, –  кажа Папа Ян Павел II (пар. EV 73).

Неабходна памятаць і аб тым, што абавязак абароны жыцця выплывае не толькі з навучання Касцёла, але перадусім з натуральнага права, а менавіта з распазнання пачатку чалавечага жыцця праз зачацце і прызнання таго, што норма “не забівай” упісана ў чалавечую прыроду. Неабавязкова быць веруючым, каб забіццё ненароджаных, і таму найбольш безабаронных, лічыць злачынствам і генацыдам народу. Прызнанне ж грамадству права вырашаць, хто ёсць чалавекам, а хто не, вядзе да легалізацыі забойства.

Таму голас хрысціян і людзей добрай волі ў абароне жыцця павінен гучаць моцна і пераканаўча. Аб праве на жыццё зачатых дзяцей неабходна гаварыць не толькі на касцёльнай амбоне, але таксама ў парламенце, у палітычнай і грамадскай прасторы.

Калі мы гэтага не будзем чыніць, то дэмаграфічная сітуацыя будзе пагаршацца, і тады паўстане новае пытанне: для каго мы будуем гарады і дарогі, вырабляем аўтамабілі і трактары, праводзім геалагічныя пошукі карысных выкапняў і г.д., калі не будзе людзей, якія гэтым усім будуць карыстацца?

Канферэнцыя, якая распачынаецца, паклікана стаць яшчэ адным агульнахрысціянскім намаганнем звярнуць увагу беларускага грамадства на існуючую ў ім праблему абортаў і іх негатыўных наступстваў як у складанай дэмаграфічнай сітуацыі краіны, так і на здароўе жанчын, якія іх чыняць. Яна таксама павінна падкрэсліць негатыўны ўплыў абортаў на маральнае становішча грамадства і заклікаць заканадаўчыя ўлады да змены існуючых у гэтай галіне законаў у адпаведнасці з натуральным і Божым законам, а таксама Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Перафразуючы словы благаслаўлёнага Яна Паўла II (пар. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/speeches/1993/august/documents/hf_jp-ii_spe_19930812_welcome-denver-gmg_it.html), звяртаюся да ўсіх, каму не абыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны: “Беларусь, калі хочаш быць Вялікай, барані жыццё!”

Жадаю Божага благаслаўлення і поспехаў у працы канферэнцыі.

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Энцыкліка “Evangeliun vitae” (EV).
2. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/speeches/1993/august/documents/hf_jp-ii_spe_19930812_welcome-denver-gmg_it.html.
3. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2006/march/documents/hf_ben-xvi_spe_20060330_eu-parliamentarians_it.html.
4. пар. http://www.fronda.pl/a/franciszek-kazde-dziecko-nienarodzone-a-skazane-niesprawiedliwie-na-aborcje-ma-oblicze-jezusa-chrystusa,30798.html.
5. youtube.com/watch?v=UISZnZPSKP8.
6. http://infosmi.net/society/658-posle-skandala-s-embrionami-patriarkh-kirill-prizval-prekratit-aborty.
7. http://pravera.ru/index/patriarkh_kirill_ob_abortakh_cerkov_otnositsja_protiv_ubijstva_detej/0-1812.

Адноўлена 13.03.2014 12:24
 
© 2003-2024 Catholic.by