Зварот Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў у сувязі з агульнабеларускай пілігрымкай на Святую Зямлю на асвячэнне абраза Маці Божай Будслаўскай | Друк |

Вялікі чацвер 2014 года

Умілаваны брат у Хрыстовым святарстве,

У дзень, калі мы распачалі збірацца пры алтары Хрыста, прагну агарнуць малітвай цябе разам з супольнасцю, да якой ты быў пасланы, і запэўніць аб пастырскім служэнні ў еднасці і братэрстве Хрыстовага святарства.

Папа Францішак у першы Вялікі чацвер свайго Пантыфікату звярнуўся да нас, святароў, з такімі словамі: “Вялікі тыдзень – гэта час ласкі, які дае нам Пан, каб адчыніць дзверы нашых сэрцаў, нашага жыцця, нашых парафій, рухаў, супольнасцяў і “выйсці” на сустрэчу з іншымі, стаць блізкімі, каб несці святло і радасць нашай веры”. Мы нясем гэтае святло і радасць веры ў штодзённым служэнні ў нашых парафіях, даверыўшыся Панне Марыі з Будслава, што ўжо 400 гадоў апякуецца нашай зямлёй.

У гэтым годзе мы жадаем у пілігрымцы ўдзячнасці змясціць выяву нашай Апякункі Беларусі побач з абразамі, якія ўшаноўваюцца ва ўсім свеце ў айчыне Марыі, Назарэце. Адначасова гэта будзе пілігрымка ўдзячнасці за кананізацыю Яна Паўла ІІ, які так цудоўна ўказваў шлях веры праз Марыю.

Прагну праінфармаваць, што арганізавана пілігрымка, звязаная з устанаўленнем мазаікі Маці Божай Будслаўскай у Назарэце. Гэта наша вялікая, нацыянальная пілігрымка, у якой мы чакаем удзелу каля 1000 вернікаў з Беларусі.

Напэўна, гэта задача дастаткова цяжкая, але магчымая. Арганізатары са Святой Зямлі ўжо зарэзервавалі гатэлі і аўтакары для пілігрымавання па святых мясцінах. Гэта менавіта яны ўзялі на сябе справу выканання мазаікі Марыі Будслаўскай. Яны - католікі, якім у сённяшні час даводзіцца вельмі цяжка. Таксама яны падрыхтавалі праграму са зніжанымі цэнамі і адкрытыя на супрацоўніцтва ў будучыні. У “Белавіа” зарэзерваваны самалёты і нават унесена ўступная плата.

Напэўна, для ўсіх нас вельмі важна, каб гэта быў благаслаўлёны час для нашых вернікаў і нашай зямлі. Арганізатары хочуць вызваліць ад платы кожнага святара, які арганізуе групу колькасцю каля 50 чалавек. Хачу таксама праінфармаваць, што, паколькі ёсць надзея на пэўную колькасць пілігрымаў, мы абавязаны незалежна ад іх колькасці пакрыць устаноўленыя кошты.

Скарыстаем жа з гэтага дару ласкі ў нясенні святла і радасці нашай веры, дапаможам нашым парафіянам прыняць удзел у гэтым. Каб гэта рэалізаваць, прашу праінфармаваць вернікаў аб пілігрымцы і заахвоціць іх да ўдзелу. Уся неабходная інфармацыя знаходзіцца на www.catholic.by.

Дарагі брат, вельмі разлічваю на ахвярную працу і сустрэчу ў Назарэце.

З сэрца благаслаўляю на ахвярнасць астатніх дзён, пазначаных крыжам Езуса, і на радасны час Уваскрасення.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


 
© 2003-2024 Catholic.by