Канферэнцыя кс. Мікалая Ціхановіча падчас урачыстасцяў у Тракелях | Друк |

11 ліпеня 2014 г.

Марыя пад крыжам – узор хрысціянскай вернасці

“Вось Маці твая!” (Ян 19, 27)

Аналізуючы гісторыю ўласнага жыцця, можна заўважыць цікавую сітуацыю. Многія з нас пад уплывам розных матываў і жыццёвых абставін хацелі ўцячы, адысці, вызваліцца ад цяжару адказнасці (свайго абранага жыццёвага шляху), якая здаецца непасільнай, адчувалі жаданне вярнуцца і жыць мінулым або шукаць чагосьці іншага. Вернасць свайму пакліканню - асабліва цяжкая справа ў час, які, як заўважыў кс. Аляксандр Яцыняк, называецца эпохай “ламаных слоў”. Штодзённа мы з’яўляемся сведкамі таго, як ламаюцца дадзеныя на ўсё жыццё абяцанні: сужэнскія, законныя або святарскія шлюбы. Часовыя абяцанні таксама не выключэнне: калі асоба клянецца выконваць шчыра сваё служэнне на карысць грамадству (напр. вайскоўцы, міністры, суддзі і г. д.). Ствараецца ўражанне, паўсюднай адмовы, нявернасці, здрады свайму жыццёваму шляху. Спрыяе гэтаму адсутнасць як знешніх, так і ўнутраных наступстваў. Аднак адсутнасць наступстваў – памылковы погляд, ілюзія… Кожнае слова чалавека, а тым больш яго рашэнне, заўсёды выклікаюць наступствы. Таму Езус казаў сваім вучням: “Хай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”” (Мц 5, 37).

Мы жывем у культуры непастаянства, якая таксама і нас, веруючых людзей, схіляе да пошуку нібыта чагосьці новага, ставячы пры гэтым пад сумніў нашую веру і тоеснасць. У такіх умовах менавіта вернасць з’яўляецца асаблівай каштоўнасцю, - напісаў Папа Францішак у адной са сваіх гамілій (з нагоды візіту ў рымскую клініку “Джэмэллі” 27 чэрвеня 2014 г.). “Без вернасці сваім караням грамадства не можа развівацца. Можа дасягнуць вялікага тэхнічнага прагрэсу, але не ў стане прывесці да інтэгральнага прагрэсу ўсяго чалавека і ўсіх людзей”, – сказаў Пантыфік. А без вернасці хрысціянскаму пакліканню немагчыма дайсці да святасці і Неба. Езус папярэджвае: “Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага” (Лк 9, 62).

Нам, браты і сёстры, нельга забываць, што верная любоў Бога да нас, людзей, у поўнай меры праявілася ў Езусе Хрысце, які для таго, каб захаваць сувязь Бога з намі, стаў нашым нявольнікам, пазбавіў сябе славы і прыняў вобраз слугі. У сваёй любові Ён не спыніўся нават ва ўмовах нашай няўдзячнасці і адрачэння. У Аліўным садзе ў крытычны момант змагання Езус прыняў волю Айца, застаўся да канца верным сваёй місіі.

Усе мы перажываем крызіс. Аднак крызіс – не заўсёды дрэнны. На думку Папы Францішка, моладзь павінна спрабаваць зразумець сапраўднае значэнне крызісу, бо толькі гэта дапаможа выйсці з яго. Сённяшні крызіс вернасці – гэта перш за ўсё крызіс чалавечнасці, крызіс чалавечай асобы, якая патрабуе ідэальнага ўзору вернасці. На нашым шляху Езус даў нам сваю Маці: “Вось Маці твая!” (Ян 19, 27). Гэта Марыя з’яўляецца для нас усіх настаўніцай і ўзорам вернасці Богу. Марыя засталася вернай Божым планам і свайму пакліканню ажно да крыжа свайго Сына.

Звяртаючыся да маладых, якія яшчэ не адкрылі свайго паклікання, Папа Францішак і яго папярэднікі адзначаюць патрэбу прыняцця цвёрдых, канчатковых рашэнняў. Адзін біскуп, па словах Папы, распавядаў яму пра маладога чалавека, добра адукаванага, які сказаў, што “хацеў бы быць святаром, але толькі на дзесяць гадоў”. Так, гэта непастаянства. Мы баімся канчатковых рашэнняў, але каб адкрыць любое пакліканне: сужэнства, кансэкраванае жыццё, святарства, - трэба зрабіць канкрэтны і канчатковы выбар. Гэтаму ж супрацьпастаўляецца сённяшняя культура непастаянства. Гэта элемент культуры, у якой нам прыйшлося жыць. Мы павінны ў ёй жыць і яе перамагчы, – кажа Святы Айцец. Нам трэба больш слухаць сведкаў Езуса, тых, хто перамог непастаянства гэтага свету праз вернасць свайму пакліканню. Святы Пётр нас заклікае: “Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся” (2 П 1, 10).

Браты і сёстры, асабліва маладыя людзі, я заклікаю вас сур'ёзна ставіцца да ўзаемаадносін з Богам і да сваіх жыццёвых выбараў. Словамі Папы Францішка я прашу вас: “Скажыце «не» эфемернай, павярхоўнай культуры, культуры адкідаў, культуры, якая не лічыць вас моцнымі, якая мяркуе, што вы не здольныя адказаць на вялікія выклікі нашай эпохі. Думайце грандыёзна!” Будзьце вернымі сваім выбраным жыццёвым шляхам і давярайце Богу так, як гэта рабіла наша нябесная Маці. «Не бойцеся Хрыста, — казаў Папа Бэнэдыкт XVI, - Ён нічога не адбірае і ўсё даруе”.

Адноўлена 12.07.2014 00:27
 
© 2003-2024 Catholic.by