Зварот рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі на семінарыйную нядзелю ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету | Друк |

23 лістапада 2014 г.

Вялебны ксёндз пробашч!
Ксяндз(ы) вікарый(і), дарагія сёстры законныя!
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!


Сёння ў Каталіцкім Касцёле мы перажываем урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якая ў нашай дыяцэзіі з’яўляецца семінарыйнай нядзеляй. Ксяндзы выкладчыкі і навучэнцы семінарыі выязджаюць у парафіі нашай дыяцэзіі, каб асабіста сустрэцца з вамі, падзякаваць за вашы малітвы і ахвяраванні, а таксама разам перажыць урачыстасць. Як у канцы Года Панскага, так і на сённяшняй урачыстасці — у канцы літургічнага года — спынімся над нашым жыццём, над зменамі, што ў ім адбыліся, падвядзём пэўныя вынікі, паглядзім на мінулае і паспрабуем зазірнуць у будучыню.

Мае дарагія!  Мы часта чуем розныя сентэнцыі, выказванні пра час: час цячэ, як вада; час ляціць хутка, час робіць нас хворымі, час лечыць раны, ці маеш час, у мяне няма часу, час — гэта грошы, час — гэта любоў… Падобныя выразы можна працягваць. Час пражываецца па-рознаму, але заўсёды гэты ЧАС датычыцца нас. Мы з’яўляемся тымі, хто пражывае час, бо жывём у часе і разумеем гэта. Разумеем, але  не можам паўплываць на яго, многае не можам зрабіць. На многія рэчы ў жыцці — як службовыя, так і прыватныя — мы не можам аказаць вялікага ўплыву, многае даецца толькі ў некаторай ступені або вызначаецца жыццёвай сітуацыяй. Таксама і на час, які нам даецца, не маем значнага ўплыву. Не можам уплываць на мінулае, хоць часам некаторыя цудоўныя хвіліны хацелі б яшчэ раз перажыць ці, наадварот, хацелі б атрымаць шанс прыняць іншае рашэнне, каб пазбегнуць балючых і непрыемных памылак. Ці зрабілі б мы па-іншаму — застаецца для нас загадкай. Дакладна невядомай з’яўляецца для нас і будучыня. Ні мінулае, ні будучыня не належыць нам. Тое, што належыць нам — і гэта дакладна, — гэта імгненне, гэта момант, гэта хвіліна паміж мінулым і будучыняй. Гэта невялікае, але вельмі каштоўнае ЦЯПЕР.

Мае дарагія, у кожную хвіліну пачынаецца наша будучыня, кожная хвіліна з’яўляецца вынікам нашага мінулага. 700 гадоў таму настаўнiк Экхарт выказаўся пра  гэта так: «Найважнейшым момантам у тваім жыцці з’яўляецца ЦЯПЕР», бо толькі ЦЯПЕР табе падпарадкоўваецца. Гэта не так і шмат. Свядомасцю мы ўсё разумеем, але гэта павінна зразумець і наша сэрца. Часта мы жывём мінулым — не можам ці не хочам пазбавіцца ад успамінаў; часам жывём чаканнем будучыні. ЖЫВІ ЦЯПЕР! Цяпер неабходна жыць, цяпер неабходна любіць, цяпер неабходна прабачаць, цяпер трэба верыць і пазнаваць Хрыста, Валадара майго жыцця.

Умілаваныя, пакінем наша мінулае ў руках Пана і скажам Яму ДЗЯКУЙ, скажам  гэта без страху, нават калі наша мінулае не самае добрае. Як веруючыя людзі,  можам сказаць Богу: дадай, удасканаль тое, чаго не хапіла майму мінуламу.

Даверымся таксама нашай будучыні. Столькі людзей жыве ў страху: страх перад старасцю, перад хваробай, страх ад таго, што застанешся нялюбым, адкінутым і  непрабачаным у старасці. Але памятайце, дарагія, Бог большы за нашыя страхі. Калі мы, людзі, здольныя прабачаць, хоць з’яўляемся слабымі і грэшнымі, ці не прабачыць нам Хрыстус на Апошнім судзе? Пытанне толькі ў тым, ці хочам мы гэтага прабачэння, ці хочам мы гэтай любові, ці верым мы ў Божую міласэрнасць і практыкуем Яе?

Калі гэта так, калі гэтага чакаем ад Бога, то памятаем, што Бог чакае, што мы таксама павінны так адносіцца да нашых бліжніх: акажам ім шмат дапамогі і разумення, прабачэння і цяпла, бо патрэбы і чаканні іншых велізарныя.Дапамагчы і прабачыць, а не асудзіць і патапіць — так разумею, як хрысціянін, пасланне нашага Збаўцы.

Мае дарагія! Свет патрабуе добрай весткі пра любоў і міласэрнасць, патрабуе тых, хто будзе абвяшчаць любоў Бога. Таму просім вас, дарагія хрысціяне, у адпаведнасці з заахвочваннем Езуса маліцца за тых, хто працуе на жніве Пана: маліцеся ў сваіх парафіяльных супольнасцях і ў сем’ях аб пакліканнях да святарства і закону, каб не было недахопу ў тых, хто, нягледзячы на тое, што самі слабыя і грэшныя, але усё ж з верай і даверам у Божую дапамогу, пойдзе да ўсіх, хто чакае той добрай навіны пра любячага Бога.

Умілаваныя ў Хрысце!  Сёння ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста я хацеў бы падзякаваць вам за малітвы, за ўсё добрае, што вы робіце для нас, а таксама за вашы матэрыяльныя ахвяраванні, якія вы складаеце на ўтрыманне нашай семінарыі. Памятайце, што малітва аб працаўніках на жніве Пана, а таксама падтрымка тых, хто жадае прысвяціць сваё жыццё прапаведванню Евангелля, з’яўляюцца нашым агульным абавязкам.

Умілаваныя праз Хрыста!  Восенню ў многіх парафіях дыяцэзіі для нашай навучальнай установы сабралі бульбу, гародніну і грашовыя ахвяраванні. За ўсе дары і сённяшнія ахвяраванні, складзеныя падчас Імшы, выражаем шчырую падзяку! Няхай Бог шчодра ўзнагародзіць вашу дабрыню! Мы добра ведаем, што перад намі цяжкі зімовы перыяд, падчас якога значна павялічваецца кошт утрымання семінарыі. Але я перакананы, што дзякуючы вашай дабрыні мы зможам спакойна працягваць фармацыйную працу.

Са свайго боку я запэўніваю вас у нашых малітвах ва ўсіх вашых інтэнцыях. Святая Імша за ахвярадаўцаў і дабрадзеяў семінарыі адбудзецца 8 снежня, а таксама праводзіцца ў апошні дзень кожнага месяца.

Няхай усіх вас благаславіць Езус Хрыстус, Валадар Сусвету, часу і вечнасці. Амэн.

Гродна, 15 лістапада 2014 г.

Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
Кс. доктар Раман Рачко

Адноўлена 23.11.2014 15:38
 
© 2003-2024 Catholic.by