Канферэнцыі а. Пятра Фраштэнгі OCD для Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых | Друк |

Смак сяброўства – лучнасць з Хрыстом

Малітва сапраўдная і сімуляваная

У Кнізе Жыцця св. Тэрэза ў сваім стылі дае “дэфініцыю” малітвы: малітва думкамі не ёсць нічым іншым – на маю думку – як стварэннем сяброўства, няспынна намагаючыся ствараць яе сам-насам з Тым, пра каго ведаем, што Ён нас любіць (Ж 8, 5). З гэтага апісання можна вылучыць тры асноўныя элементы сапраўднай, ажыўляючай душу малітвы. Першы – гэта стваранне сяброўства. Сапраўды, у творах нашай Святой Маці шмат, шмат разоў знаходзім прыклады яе руплівай малітвы, калі вельмі простымі словамі звяртаецца да ўмілаванага Бога. Уражвае яе шчырасць, захапляе непасрэднасць; хіба кожны, хто яе чытае, хацеў бы, як яна, увайсці ў сяброўства, у сардэчную, жывую сувязь з Богам. Святая Тэрэза добра ведае, што гэта не так проста і зразумела, што мы ўнутры перакручаныя праз нашыя слабасці, залежнасці, грахі. Таму, як вопытны настаўнік, падказвае, як перайсці ад нашай недасканалай малітвы да сардэчнага, інтымнага спаткання з Хрыстом – жывой асобай. Святая Тэрэза ў Дарозе дасканаласці вучыць, як змагацца са спакусай “залічэння” малітвы як толькі знешняга абавязку. Гэтая навука актуальная таксама ў наш час. Гэтая спакуса выражаецца, напрыклад, у такіх думках: “я ж быў на нешпарах”. Неістотна, як я іх правёў – важна, што я іх правёў, што я выканаў свой абавязак. Чалавек думае: “абавязак залічаны…” З’яўляецца думка пра стыль і якасць нашых супольных малітваў, як цэлебруем святую Імшу або Літургію Гадзінаў. Бо, калі гэта было б хуткім “адкляпаннем”, без разважання, без неабходнай для малітвы ўвагі, то святая Тэрэза спыталася б, ці гэта ўвогуле можна назваць малітвай.

Ключ – гэта вернасць

Другі элемент малітвы – гэта ТРЫВАЛАСЦЬ, “няспыннае стваранне сяброўства”. Бачым, што для кожнага чалавека – таксама і для босага кармэліта – галоўнай перашкодай на шляху да з’яднання з Богам з’яўляецца трываласць. Быць верным Богу, нягледзячы на цяжкасці, якія мяне спатыкаюць. І гэта цяжкасці звонку, са свету, і тыя цяжкасці, якія спатыкаю ў сабе самім. Для “старога чалавека” гэта фактычны ўдзел у нясенні крыжа Пана. Таксама святая Тэрэза перажывала свае цяжкасці: “на працягу некалькіх гадоў мяне займала прагненне, каб скончылася гадзіна, якую мела для сябе на прабыванне ў малітве, і наслухоўванне, калі гадзіннік праб’е” (Ж 8,7). Так бывае і з намі. Бачу, якая ў мяне сітуацыя, чытаю Тэрэзу і разумею, як можа выглядаць сапраўдная сяброўская блізкасць з Панам, і хачу гэтага. Шчыра намагаюся, а атрымоўваецца слаба, часам з пробліскамі святла і любові, але штодзень ёсць шмат няўвагі, часта адчуваецца сухасць. У такой сітуацыі лёгка знеахвоціцца. У гэтае знеахвочванне ўдарае Тэрэза, заклікаючы: будзь верны, трывай, і ўбачыш плёны! Бачым, як у рэальнасці выглядае практыка медытацыі ў нашых хорах. Для тых, хто адышоў ад унутранай малітвы, а хацеў бы вярнуцца, але не мае сілы, Тэрэза дае вельмі простую і практычную параду (Ж 4, 9). Трымаючыся яе парады, душа паступова прывыкне да практыкавання штодзённай гадзіны ўнутранай малітвы.

Чэрпаючы з Пісання

У тэме вернасці Хрысту, вернасці ўнутранай малітве, трэба адзначыць вялікую дапамогу, якую святая Тэрэза знайшла ў прыкладах, узятых са Святога Пісання. Найлягчэй ёй было знайсці сябе пры Езусе, калі бачыла спатканні – размовы іншых асобаў з Хрыстом. Перадусім тут маецца на ўвазе Марыя Магдалена (Ж 9, 2 і Дс 42), а таксама самаранка (Ж 30, 19). Канешне, да кожнага з нас прамовіць іншы прыклад, іншае спатканне з Езусам. Важна, каб у Пісанні шукаць падтрымкі для сваёй сувязі з Хрыстом. Для Тэрэзы найважнейшымі і пераломнымі былі фрагменты Евангелля, якія кажуць пра Езуса, калі Ён заставаўся адзін, асабліва сітуацыі, калі па-чалавечы знаходзіцца ў патрэбе, калі хацеў бы, каб нехта быў пры Ім (Ж 13, 22).

Тое, што найважнейшае

Трэці элемент – гэта свядомасць, што ўваходжу ў кантакт “з Тым, пра каго ведаю, што нас любіць”. Вернасць малітве прынясе плён у тым, што найважнейшае ў спатканні з Хрыстом. Тым, што з’яўляецца крыніцай для майго жыцця, тым, што надасць сэнс, смак і радасць майму жыццю, што вырве мяне са смутку і знеахвочвання. Маецца на ўвазе любоў, дасведчанне таго, што Бог мяне любіць, а ў выніку што і я магу любіць: “Хачу толькі, каб вы ўсведамлялі, што для атрымання карысці на гэтым шляху і ўзнясення да памяшканняў, якіх прагнем, уся гэтая справа заключаецца не ў тым, каб шмат думаць, але шмат любіць”. Дарогай да любові ёсць пазнанне і прыляпленне да Праўды. Тут маецца на ўвазе праўда пра Бога, пра свет і тое, што “найцікавейшае” пра чалавека, пра мяне самога. Пан вядзе нас праз пазнанне праўды паралельна пра вялікую годнасць кожнага з нас і праз пазнанне галечы, якую кожны з нас нясе. Проста і прыгожа пра гэта кажа таксама св. Ян ад Крыжа ў Духоўнай песні: “О душы, створаныя для такіх вялікіх рэчаў і да іх пакліканыя! Што робіце? Над чым затрымліваецеся? Якія ж нізкія вашыя прагненні і якія бедныя вашыя скарбы!

Гарызонт кантэмпляцыі


Сяброўства з Хрыстом, кармэліцкая малітва, адкрытая на дар кантэмпляцыі. Нашыя святыя Бацькі — гэта містагогі. Пан даў ім адчуць сябе звышнатуральным чынам, і цяпер яны спрабуюць падрыхтаваць нас да прыняцця такіх вялікіх дароў. Здаецца, што пачаткі кантэмпляцыі і сёння не з’яўляюцца рэдкасцю. Аднак мала хто можа выразна сфармуляваць тое, што адчувае. Блізкае спатканне з Богам магчымае толькі тады, калі чалавек умацуецца ў любові, калі цноты будуць у ім угрунтаваныя, калі ягонае жыццё будзе прасякнута Евангеллем.

Пытанні для супольнай рэфлексіі


1. Як выглядае нашая супольная малітва брэвіярыя? Ці праводзім яе годна, не спяшаючыся, з унутраным удзелам?
2. Што з маёй вернасцю? Ці я прысутнічаю на малітве ў хоры? Ці я верны штодзённай унутранай малітве? Калі не, то як я тлумачу маю нявернасць?
3. Як абуджаць у сабе і потым падтрымліваць гэтае святое жаданне блізкасці, да сардэчнай сувязі з Хрыстом?

 
© 2003-2024 Catholic.by