Зварот рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана | Друк |

6 студзеня 2015 г.

Вялебны ксёндз пробашч!
Ксёндз(ы) вікарый(і), дарагія сёстры законныя!
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Дарагая моладзь!


Сёння ў Каталіцкім  Касцёле мы перажываем урачыстасць Аб’яўлення Пана, якая часта называецца ўрачыстасцю Трох Каралёў.

Рашэннем Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча сённяшняя ўрачыстасць ужо на працягу многіх гадоў у нашай дыяцэзіі моцна звязана з Вышэйшай духоўнай семінарыяй у Гродне. Сёння біскуп Аляксандр Кашкевіч асабліва просіць усіх вернікаў нашага мясцовага Касцёла аб малітве ў інтэнцыі нашай Духоўнай семінарыі, за ўсіх семінарыстаў, дыяканаў і выкладчыкаў нашай установы, аб новых і святых пакліканнях да святарства, а таксама звяртаецца да усіх з просьбай аб фінансавай падтрымцы  нашай альма-матар.

З нагоды сённяшняй урачыстасці ксяндзы выкладчыкі, дыяканы і клерыкі семінарыі адправіліся ў парафіі нашай дыяцэзіі, каб асабіста сустрэцца з Вамі, разам маліцца аб Божым благаслаўленні для ўсіх нас і падзякаваць Вам, мае дарагія, за вашы малітвы і ахвяраванні.

Мае дарагія, сённяшняя ўрачыстасць не толькі заклікае нас задумацца аб нашым жыцці, аб тым, што яно праходзіць, але і ставіць перад пытаннем: што мы чакаем ад новага 2015 года і чаго чакае ад нас Бог? Несумненна, многія з нас, асабліва маладыя людзі, пытаюць сябе: як складзецца далей маё жыццё? Што я буду рабіць, калі скончу школу ці ўніверсітэт? Чаго чакае ад мяне Бог? Якая дарога будзе  найбольш прыдатнай да дома Айца: тая, якая звязана з заснаваннем сям’і і сумесным жыццём ў сямейнай супольнасці, або тая, на якой застаюся адзінокім пілігрымам, маючы больш часу для ўдасканалення святасці з дапамогай малітвы і служэння іншым у святарскім жыцці ці ў законе?

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, дарагая моладзь! Вядома, ёсць шмат спосабаў быць шчаслівым. Некаторыя з іх звязаны з намаганнямі і працай, іншыя здаюцца лёгкімі і прывабнымі, але яны маюць негатыўны смак горычы...

Мне ўспамінаюцца  выказванні, якія мы часта паўтараем: ты павінен быць практычным і бачыць сваю будучыню з такім чалавекам, які мае перспектыву, грошы, знаёмых і значны ўплыў, менавіта такі чалавек можа зрабіць цябе шчаслівым. Але насамрэч гэта робіць мяне залежным і нешчаслівым.

Таксама прыгадваюцца і такія выказванні: рабі кар'еру! Толькі  праца зробіць цябе шчаслівым і задаволеным. Але, з іншага боку, праца — гэта яшчэ не ўсё, урэшце рэшт яна  не напоўніць наша жыццё і сэрца 24 гадзіны ў суткі.

Як я павінен жыць далей, што будзе для мяне найлепшым? Некаторыя перакананы, што з дапамогай грошай можна дасягнуць усяго. Тады будзе шмат магчымасцей і можна забяспечыць сабе добрае месца пад сонцам, тады можна паглядзець на іншых з вышыні.

Умілаваныя ў Хрысце, дарагая моладзь! Гэтыя і падобныя выказванні і меркаванні можна працягваць. Але маё сэрца не прымае такіх жыццёвых дарог. У сённяшнім Евангеллі мы знаходзім дапамогу і параду: будзеш шчаслівым, шмат дасягнеш, калі прыслухаешся да свайго сэрца і ўважліва паглядзіш на знакі, якія Бог ставіць на нашым шляху. Сёння Евангелле, якое паказвае нам трох каралёў, што пайшлі за зоркай і слухалі ўласнае сэрца, заахвочвае нас, каб мы таксама ішлі па жыцці за зоркай, якая называецца ЛЮБОЎ.

Зорка зрабіла мудрацоў цікавымі і адкрытымі для пошукаў, гэтая зорка заахвочвала іх да шукання дарогі, да даследаванняў і пытанняў. За ёю яны ідуць усё далей. Ідуць да Іерусаліма, ідуць у Бэтлеем, праходзяць не толькі кіламетры, але і дазваляюць свайму сэрцу і думкам ісці ўсё далей і адкрыць у  тым маленькім Дзіцятку Уладара свету, Збаўцу і Бога.

Мае дарагія! Бог стварыў чалавека як істоту, якая шукае. Не закрывайце нашыя сэрцы і розум на пытанні, на пошукі і на шлях наперад.

Паважаны юны сябар! Калі тваё сэрца, бляск зоркі вядзе цябе да стварэння сям’і — ідзі адкрыта па жыцці і не прапусці гэтае шчасце, будзь паслухмяны святлу той зоркі, якая называецца любоўю. Але калі ў сваім сэрцы ты чуеш ціхі голас, які заклікае цябе ісці за Езусам, каб служыць Богу і людзям у самотным святарскім жыцці — даверся Богу, будзь адкрытым на прыгоды, якія чакаюць цябе, ужо пакліканага да святарства, будзь як тыя Мудрацы, што пайшлі ў невядомае, заахвочаныя цягай святла незвычайнай зоркі, што прывяла іх да сустрэчы з Нованароджаным Дзіцяткам.

Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры. Давайце дапаможам малітвай сёння ўсім нам, асабліва маладым людзям, якія стаяць перад выбарам жыццёвай дарогі, даверыцца Богу і быць тымі, каго вядзе зорка да сустрэчы з Богам у Нованароджаным Езусе.

У заключэнне дазвольце мне, як рэктару, ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста падзякаваць Вам за малітвы, за ўсё добрае, што робіце нам, а таксама за матэрыяльныя ахвяраванні, складзеныя на ўтрыманне нашай семінарыі. Памятайце, што малітва за працаўнікоў на жніве Пана, а таксама падтрымка тых, хто жадае прысвяціць сваё жыццё прапаведаванню Евангелля, з’яўляюцца нашым агульным абавязкам.

Са свайго боку я запэўніваю Вас у нашых малітвах ва ўсіх вашых інтэнцыях. Святая Імша за ахвярадаўцаў і дабрадзеяў семінарыі праводзіцца ў апошні дзень кожнага месяца ў нашай семінарыйнай капліцы.

Няхай усіх вас благаславіць народжаны Месія, Езус Хрыстус, наш Брат і Збаўца. Амэн.

Гродна, 30.12.2014

Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
Кс. доктар Раман Рачко

Адноўлена 04.01.2015 16:48
 
© 2003-2021 Catholic.by