Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас сустрэчы на тэму “Шляхі ўзаемаразумення паміж немцамі і беларусамі” | Друк |

Мінск, храм Усіх Святых, 3 мая 2015 г.

Глыбокапаважаныя прадстаўнікі розных веравызнанняў, дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, госці, браты і сёстры!

Беларусь, як і ўвесь свет, адзначае юбілей 70-годдзя Перамогі ў II Сусветнай вайне. Сёння мы ўспамінаем тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду ад фашысцкай чумы. Мы ўспамінаем таксама і ахвяр той жудаснай вайны. Успамінаем і схіляем свае галовы перад тымі, хто страціў сваё жыццё на яе франтах, загінуў падчас бамбардзіровак, карных аперацый і ў такіх месцах, як Трасцянец, Хатынь, сумна вядомая Яма ў Мінску і многія іншыя месцы генацыду беларускага і іншых народаў.

У Трасцянцы загінула больш за 200 тысяч чалавек, у асноўным габрэяў, з якіх многія былі прывезены з Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Польшчы і іншых краін. Сярод загінуўшых у гэтым лагеры смерці былі таксама і людзі іншых нацыянальнасцяў і веравызнанняў, у тым ліку католікі і праваслаўныя. У Трасцянцы спачываюць парэшткі каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага, забітага нацыстамі ў вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1942 г.

Напэўна, многія могуць спытацца: “Божа, дзе Ты тады быў? Чаму не затрымаў рукі, якая забівала нявінных?” На такое пытанне Бог нам адказвае: “Я быў на сваім месцы. Я даў табе, чалавек, свой закон, любіць бліжняга як самога сябе. Але дзе ты быў? Чаму ты супрацівіўся Майму закону?” У адказе на гэтае пытанне крыецца праблема Трасцянца, Хатыні, Курапатаў і многіх іншых месцаў масавых рэпрэсій.

Мы сабраліся ў мінскім праваслаўным храме Усіх Святых у межах беларуска-нямецкай вандроўкі ў Трасцянец, каб, памятаючы аб фашысцкіх злачынствах, не раздзіраць нанова раны мінулага і пасыпаць іх соллю. Мы ўспамінаем тыя трагічныя падзеі, каб новыя пакаленні вучыліся на памылках мінулага і іх не паўтаралі, але каб яны засталіся толькі на старонках гісторыі. Мы, прадстаўнікі Беларусі, трэцяя частка насельніцтва якой загінула падчас II Сусветнай вайны, і Германіі, сабраліся тут, каб, як еўрапейцы – жыхары таго ж самага кантынента, - памаліцца ў інтэнцыі загінуўшых, ачысціць памяць і падаць адзін аднаму рукі ў імя будучыні Еўропы.

Мемарыяльны комплекс Трасцянца, як былога лагера смерці, павінен стаць месцам паяднання і мастом для далейшага развіцця адносін паміж Беларуссю і Германіяй з мэтай будавання новай Еўропы на духоўных каштоўнасцях, любові да бліжняга і ўзаемаразумення.

А гэтага так нам не хапае. Не трэба далёка хадзіць. Наш паўднёвы сусед Украіна, з яе больш чым тысячагадовай гісторыяй хрысціянства і гісторыяй мірнага суіснавання людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, сёння стала месцам узброенага супрацьстаяння, калі брат падымае руку на брата, калі вернікі той самай канфесіі выступаюць адзін супраць аднаго, калі ў цэнтры Еўропы ізноў льецца кроў, разбураюцца гарады і вёскі, гінуць мірныя людзі, а каля мільёна бежанцаў павінна шукаць прытулку ў іншых рэгіёнах Украіны і іншых краінах. Гэта не што іншае, як трагедыя, якая адбываецца на нашых вачах.

Мінск стаўся пляцоўкай па мірным вырашэнні гэтага канфлікту. Дзякуючы гэтаму спыніліся маштабныя вайсковыя дзеянні, аднак для поўнага вырашэння канфлікту яшчэ патрэбны новыя намаганні як міжнародных арганізацый, так і канфліктуючых бакоў.

Сёння мы таксама сабраліся ў Мінску, каб успомніць Трасцянецкую і іншыя падобныя трагедыі. Сёння з Мінска плыве новае пасланне народам Еўропы і ўсяго свету: ніколі больш вайны, ніколі забойства людзей, ніколі насілля. Замест гэтага няхай будзе мір, узаемная любоў і пашана адзін да аднаго.

Памяць аб Трасцянцы і многіх іншых месцах масавага забойства людзей заклікае нас вучыцца з гісторыі, якая з’яўляецца Маці-настаўніцай, і быць будаўнікамі міру, чаму паспрыяла б правядзенне навукова-гістарычных даследаванняў на месцах трагедый.

Неабходна таксама звярнуць увагу на адпаведную фармацыю моладзі, як будучыні Еўропы. У гэтым сэнсе вельмі важнае значэнне можа мець рэалізацыя ідэі стварэння сумеснага беларуска-нямецкага праекту па выхаванню моладзі, якая павінна ведаць гісторыю і на ёй вучыцца. Такі праект таксама павінен уключаць у сябе ўзаемны абмен беларускай і нямецкай моладзі, каб лепей выкарыстаць яе патэнцыял і адкрытасць да дыялогу з мэтай будаваць новыя адносіны паміж нашымі народамі.

Трасцянецкі мемарыял павінен мець таксама і духоўны складнік, а менавіта малітоўныя дамы розных веравызнанняў, дзе людзі маглі б памаліцца аб загінуўшых і прасіць Бога, каб падобных трагедый больш ніколі не было.

Молячыся за ахвяр II Сусветнай вайны і Трасцянца, выказваю надзею, што сённяшняе мерапрыемства зверне яшчэ большую ўвагу міжнароднай супольнасці на неабходнасць будавання мастоў паміж людзьмі розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў, сацыяльных і палітычных поглядаў. Упэўнены, што яно таксама  надасць новы імпульс развіццю адносін паміж Беларуссю і Германіяй, каб нас злучала не толькі прыналежнасць да еўрапейскіх народаў, але перад усім заўсёды актуальныя духоўныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца гарантыяй мірнага суіснавання і канструктыўнага супрацоўніцтва паміж рознымі народамі.

Дзякую за ўвагу.  

Адноўлена 04.05.2015 00:03
 
© 2003-2024 Catholic.by