Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас гала-канцэрту фестывалю “Магутны Божа” | Друк |

Магілёў, стадыён “Спартак”, 25 чэрвеня 2015 г.

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Сардэчна вітаю ўсіх вас і дзякую за запрашэнне прыняць удзел у такім важным грамадска-рэлігійна-культурным мерапрыемстве, якое праводзіцца ўжо ў дваццаць першы раз, што само па сабе нагадвае аб яго папулярнасці і запатрабаванасці.

Я не баюся назваць гэты фестываль грамадска-рэлігійна-культурным, бо ў яго арганізацыі і правядзенні прымае ўдзел не толькі кіраўніцтва горада і вобласці, не толькі дзяржаўныя, грамадскія і культурныя арганізацыі, але таксама і рэлігійныя, асабліва Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква.

У мінулы аўторак на распачацце фестывалю я ўзначаліў святую Імшу ў магілёўскай катэдры. У ёй прыняло ўдзел шмат вернікаў, што з’яўляецца паказчыкам духоўнага элементу гэтага магілёўскага форуму, які, у сваю чаргу, з’яўляецца знакам духоўнага адраджэння зямлі, скажонай не толькі радыяцыяй Чарнобыля, але і праменяваннем ваюючага атэізму.   

Фестываль, які пачаў пісаць сваю гісторыю ў 1992 г. на берагах вялікага Дняпра, жыве і развіваецца, а геаграфія яго ўдзельнікаў пашыраецца. Гэта знак таго, што ён адыгрывае вельмі важную ролю ў духоўнай фармацыі сучаснага чалавека і спрыяе будаванню мастоў паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, што асабліва важна ў наш час, калі мы павінны імкнуцца да еднасці і да сумеснага сведчання хрысціянскіх каштоўнасцяў, з якіх вырасла Еўропа і наша Бацькаўшчына – Беларусь.

Прыемна ўражвае вельмі багатая духоўная і культурная праграма фестывалю. Пры гэтым неабходна памятаць аб тым, што корань слова “культура” - “культ”, што нагадвае аб яе духоўным складніку. Гэта азначае, што культура павінна спрыяць евангелізацыі нашага грамадства, што вельмі важна ў наш час, калі мы перажываем сапраўдны парадокс. З аднаго боку мы цешымся свабодай веравызнання, а з іншага бачым, што так шмат людзей жыве так, як быццам Бог не існуе. Замест Божага закону чалавек часта ў сваім жыцці кіруецца сваім законам, які супярэчыць Божаму. У гэтым якраз і знаходзіцца прычына ўсіх крызісаў.

Касцёл заўсёды выкарыстоўваў культуру для новага абвяшчэння Евангелля, а таксама ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і традыцый. Гэты год у Беларусі адзначаецца як Год моладзі. Моладзь – наша будучыня, і гэтая будучыня будзе такой, якой будзе моладзь. Таму знакавым з’яўляецца тое, што яна прымае актыўны ўдзел у фестывалі “Магутны Божа”. Упэўнены, што ён будзе спрыяць яе духоўнаму росту, каб выхоўваць добрых, сумленных грамадзян і верных сведкаў заўсёды актуальнага Евангелля, а таксама будаўнікоў мастоў паяднання.

У гэтым сэнсе вельмі сімвалічна тое, што фестываль адбываецца ў Магілёве, на берагах Дняпра. Менавіта гэтая вялікая і магутная рака аб’ядноўвае многія славянскія народы з багатай хрысціянскай традыцыяй, якая налічвае больш за тысячу гадоў. А хрысціянства – гэта рэлігія адзінства, якога сучасны свет так патрабуе.

Няхай жа фестываль “Магутны Божа 2015” стане яшчэ адным крокам да распаўсюджвання і ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцяў на нашай зямлі, а таксама да дасягнення так неабходнай у нашым грамадстве і свеце еднасці.

“Ad multos et faecundos annos” – “многія і плённыя гады” табе, фестываль “Магутны Божа!”

Адноўлена 25.06.2015 15:57
 
© 2003-2024 Catholic.by