Акт пакаяння на завяршэнне Будслаўскіх урачыстасцяў 2015 | Друк |

Сёння, у Год навяртання і ў юбілей 25-годдзя аднаўлення пілігрымак мы, свядомыя сваіх грахоў і адступленняў ад Бога, стаім перад Табой, Божая Маці Будслаўская – прытулак грэшнікаў, з жаданнем пакаяння за нашы грахі і грахі нашага народа, каб бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог вёў нас на шлях навяртання. Таму з надзеяй просім Яго, каб міласціва глянуў на наша пакаянне і аказаў нам сваю міласэрнасць, усклікаючы: Пане, змілуйся над намі!

– Даруй, Хрыстэ, усе блюзнерствы, адрачэнні ад веры і знявагі Бога і Касцёла.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Міласэрны Езу, будзь міласцівы да тых, хто паступіў насуперак голасу сумлення, адпаў ад веры і нават яе пераследаваў.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Даруй, Божа, усе святатацтвы – апаганьванне касцёлаў, святых месцаў, крыжоў, абразоў, могілак і г.д.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Будзь міласцівы да тых, хто пераследаваў нявінных.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Даруй, Хрыстэ, грэх падзелаў у Тваім адзіным Касцёле.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Акажы сваю міласэрнасць, Божа, за нецярпімасць і недахоп любові ў справе абвяшчэння і сведчання Евангелля, а таксама ўзаемаадносін з іншымі веравызнаннямі, народамі і культурамі.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Даруй, Пане, усялякі грэх разбэшчанасці, разбурэння сем’яў і сямейнай нявернасці, злачынства супраць самага дарагога Божага дару жыцця, алкагалізму, наркаманіі і г.д.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!
– Даруй нам, Божа, усе грахі, якія мы вольна і нявольна ўчынілі, і дазволь нам быць Тваімі сведкамі.
Цябе просім, Пане, змілуйся над намі!

Пане Езу, прадстаўніцтвам Марыі – прытулку грэшнікаў – мы прыносім Табе гэта наша пакаянне і, даруючы ўсім, хто вінаваты перад намі, просім аб Тваім і тых, перад кім мы вінаватыя, прабачэнні, каб замест граху памножылася ласка (пар. Рым 5, 20) і каб ніхто не быў выключаны з абдымкаў Міласэрнага Бога. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн

 
© 2003-2024 Catholic.by