Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем'яў. X. Выбіраючы жыццё | Друк |

Бог стварыў нас з пэўнай мэтаю. Яго любоў — нашае жыццёвае прызначэнне. Гэта дазваляе нам пазнаць сваю сапраўдную сутнасць. Усвядоміўшы сваё прызначэнне, мы пачынаем па-новаму глядзець на многія пытанні, і не толькі сямейныя. Ажыццяўляць пакліканне хатняга Касцёла азначае, што часам каталіцкія сем’і будуць меншасцю, якая жыве паводле іншых каштоўнасцяў, чым іх асяроддзе. Пакліканне да любові патрабуе ад нас мужнасці і сілы духу. Езус кліча нас, і мы можам адказаць Яму, выбіраючы жыццё ў веры, надзеі, міласэрнасці, радасці, служэнні і пакліканні.

Пакліканне ўсяго нашага жыцця

189. Мы пачалі гэты катэхізіс, вызначыўшы, што Бог стварыў нас з пэўнай мэтаю. Бог, якога мы сустракаем у Езусе Хрысце, любіць нас і заклікае любіць так, як любіць Ён. Калі мы разумеем, што любоў з’яўляецца нашым пакліканнем у сужэнстве, у сям’і, у нашых дзецях і нашых парафіях, гэта значыць, што мы спазналі фундаментальную праўду, якая паўплывае на многія іншыя сферы нашага жыцця.

190. Напрыклад, калі вернасць запавету патрабуе ад нас стрыманасці, калі нашыя целы і матэрыяльны свет могуць несці ў сабе Божую ласку, тады мы — у адноўленым духу пакоры — можам узяцца за пытанні экалогіі, тэхналогіі і медыцыны. Гэтаксама, калі мы будзем следаваць Божаму закліку і імкнуцца выяўляць, згодна з запаветам, любоў большую за ўсе пакуты, мы атрымаем новыя падставы, каб быць салідарнымі з засмучанымі і хворымі людзьмі. Калі мы разумеем, што вобраз Божы, а гэта значыць — і чалавечая годнасць, нашмат глыбей укаранёныя ў нас, чым любыя магчымыя чалавечыя ўменні або дасягненні, тады мы можам зразумець, чаму Касцёл так моцна любіць дзяцей, пажылых людзей, інвалідаў, а таксама ўсіх, хто заўжды будзе залежаць ад апекі іншых людзей.

191. Цяпер мы разумеем, чаму катэхізіс на тэму сям’і насамрэч становіцца катэхізісам, прысвечаным усім сферам жыцця. Як кажа Папа Францішак: «Абвяшчэнне Евангелля насамрэч спачатку пачынаецца ў сям’і, а пасля і ў іншых сферах штодзённага жыцця».170 Калі мы навучыліся думаць пра нашыя сем’і як пра хатні Касцёл, калі мы зразумелі, чаму каталіцкае веравучэнне нельга ўспрымаць у кантэксце маральнага індывідуалізму, тады мы прынялі пункт гледжання, які пераменіць усю нашую тоеснасць.

Жыць як творчая меншасць


192. Каталіцкі погляд на сэнс жыцця і на тое, якім павінна быць добрае жыццё, у нашыя часы не будзе пераканальным для ўсіх. Мінае эпоха «панавання хрысціянства», калі чалавек заходняй культуры мог згадзіцца прынамсі хоць з нейкай адпаведнасцю паміж грамадскімі і каталіцкімі каштоўнасцямі. Католікі заходняй цывілізацыі ў эпоху пасля панавання хрысціянства вучацца жыць як хрысціяне ў многіх іншых частках свету, у Афрыцы або Азіі, дзе хрысціяне ніколі не былі ў большасці.

193. Статус меншасці ў культуры не сінонім маргіналізацыі або недарэчнасці. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў вучэнні аб нашым пакліканні ўдзельнічаць у жыцці грамадства цытуе ліст, напісаны хрысціянінам у той час, калі Касцёл не атрымаў афіцыйнага прызнання і быў вельмі далёкі ад прэстыжу ў грамадстве. Спакуса пакінуць Касцёл была цалкам рэальнаю, але аўтар ліста кажа: «Не жывіце зусім адасоблена, замкнуўшыся ў сабе, як калі б вы ўжо былі апраўданыя, а наадварот — збірайцеся разам, каб шукаць агульнага дабра».171 Гэты дух — заклік заставацца скіраванымі да навакольнага свету і гатовымі служыць — мае нават больш старажытнае паходжанне. Нават тады, калі жыхары Бабілёна разрабавалі Ерузалем і ўзялі габрэяў у палон, прарок Ерамія звяртаўся да габрэяў, што знаходзіліся ў выгнанні ў Бабілёне, са словамі: «Клапаціцеся пра дабрабыт горада, у які Я перасяліў вас, і маліцеся за яго Пану; бо пры дабрабыце яго і вам будзе мір» (пар. Ер 29, 7).

194. Каб здолець жыць у свеце як творчая верная меншасць, неабходная духоўная дысцыпліна.У Кнізе прарока Даніэля Даніэль і яго сябры габрэі былі выбраныя служыць у палацы бабілёнскага караля Навухаданосара. Тое, што габрэі згадзіліся служыць язычніцкаму каралю, ужо само па сабе дзіўна. Але яны дапамагалі каралю дакладна ў той меры, каб заставацца вернымі габрэямі.

195. Прычына ўласцівай ім мудрасці, якою не валодалі чараўнікі караля, заключалася ў тым, што іх жыццё адпавядала веры ў адзінага сапраўднага Бога. Яны маліліся172 і прытрымліваліся асноўных юдэйскіх прадпісанняў (напрыклад, абмежаванняў у ежы173). Яны здолелі быць закваскаю ў палацы язычніка, таму што ведалі, кім насамрэч з’яўляюцца. Яны ведалі, як жыць у пэўным грамадскім асяродку, але не належаць яму. І яны ведалі, калі нельга ісці на кампраміс —ведалі, што іх рэлігійная тоеснасць можа дорага ім каштаваць, — і пайшлі ў яму з ільвамі і ў вогненную печ, але не здрадзілі свайму Богу і не пакланіліся ідалам.

196. Такім чынам, католікі маюць стратэгію і досвед таго, як жыць вераю ў свеце, які не разумее іх перакананняў і не пагаджаецца з імі. Калі наш лад жыцця адрозніваецца ад жыцця свету, мы, аднак, маем цвёрдую надзею і яснае ўсведамленне, што ёсць «большы за нашыя праекты план, які нас падтрымлівае i дазваляе нам ахвяраваць умілаванай асобе ўсю будучыню».174 Мы маем трывалы падмурак, каб быць незалежнымі ад дэструктыўных сіл, якія пануюць у грамадстве і культуры, і гэты самы падмурак вызначае нам накірунак да любові і ўдзелу ў жыцці грамадства і культуры. «Любоў, якая рухае сонца і іншыя свяцілы»,175 любоў, якая стварыла і падтрымлівае ўсё, што існуе — гэта тая самая любоў, якая ажыўляе нашыя сужэнствы, нашыя сем’і, нашыя дамы і наш Касцёл. Можна быць упэўненымі, што калі мы ідзём за гэтай любоўю, нават да падножжа крыжа, нашыя пакуты насамрэч робяць нас больш сапраўднымі, больш чалавечнымі, і што надыходзіць уваскрасенне і збаўленне, таму што мы следуем за вартым даверу Панам. Гэтая любоў дасць нам трываласць жыць асаблівым чынам, становячыся соллю зямлі.176

Усе мы з’яўляемся місіянерамі


197. Святы Ян Павел II заклікаў: «Сям’я, стань тым, чым ты ёсць»177, — і яго словы зусім не страцілі вастрыні; іх актуальнасць толькі ўзмацнілася перад абліччам многіх выпрабаванняў, з якімі сем’і сутыкаюцца сёння. Папа Ян Павел II добра разумеў, што пакліканне сям’і вынікае з яе тоеснасці паводле Божага плану. «Створаная паводле Божага плану як “глыбокая супольнасць жыцця і любові”, сям’я пакліканая пастаянна станавіцца ўсё больш тым, чым яна ёсць, а менавіта —супольнасцю жыцця і любові, і гэтае яе памкненне цалкам споўніцца <...> ў Валадарстве Божым».178 Па словах Яна Паўла II, асноўная задача сям’і, такім чынам, заключаецца ў тым, каб «захоўваць, адкрываць і перадаваць любоў», гэтае пакліканне з’яўляецца «жывым адлюстраваннем і сапраўднай выявай Божай любові да чалавецтва і любові Езуса Хрыста да Касцёла, Яго Нявесты».179 Прымаючы сваю місіянерскую тоеснасць, сям’я становіцца тым, чым яна павінна быць.

198. Гэтае пакліканне — не прывілей для нямногіх або для нейкіх асаблівых сем’яў. Гэта таксама не азначае, што сем’і павінны нейкім чынам перастаць быць сабою або шукаць нейкай недасяжнай дасканаласці ў сваім імкненні сведчыць пра Евангелле. Хрысціянская сям’я пакліканая паглыбляць, разважаць над сутнасцю любові і жыцці і сведчыць пра гэта, што ўжо з’яўляецца асноваю сапраўднай сям’і.

199. Сям’я — гэта супольнасць любові, заснаваная на самаадданні ў еднасці асобаў мужа і жонкі, якія сталі адным целам. Менавіта гэтая непарушная лучнасць мужа і жонкі становіцца асноваю для ўсёй сям’і як сапраўднай еднасці асобаў.180 Менавіта ў сям’і вучацца любові як самаадданасці, як дару, спачатку атрыманаму дзіцём ад бацькі і маці, які яно пазней вяртае і дзеліцца ім з іншымі. Сям’я — гэта месца, дзе пазнаецца каштоўнасць еднасці, фармуючы аснову для стварэння еднасці ў грамадстве. Такім чынам, сужэнствы і сем’і, якія імкнуцца да любові ў лучнасці і вернасці, даюць жыццёва важнае сведчанне ў сваіх дамах, асяродках, парафіях, мясцовых супольнасцях і паўсюль, дзе б яны ні знаходзіліся, ці ў служэнні, ці ў працы, ці ў забавах.

Хатні Касцёл дасягне свайго прызначэння ў пакліканні быць часткаю Паўсюднага Касцёла


200. Касцёл заўсёды быў побач з сем’ямі. Сам Хрыстус нарадзіўся, вырас і быў выхаваны «ў коле святой сям’і Юзафа і Марыі».181 Марыя, з’яўляючыся Дзеваю і Маці, непаўторна і прыгожа ўвасабляе і пакліканне да чыстасці, і пакліканне да мацярынства.182 У сваім сумесным жыцці Святая Сям’я з Назарэта з’яўляецца прыкладам і заступніцтвам для ўсіх сем’яў. Падчас свайго грамадскага служэння Езус часта наведваў сем’і, заставаўся ў іх на начоўку, асабліва ў сям’і святога Пятра ў Капэрнауме.183 Святы Павел, перадаючы прывітанні ў сваіх пасланнях, таксама ўзгадваў асобных вучняў і сярод іх сужэнства Прысцылы і Аквіла і «Касцёл, які збіраецца ў іх доме».184 Як вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: «З самага пачатку ядро Касцёла часта складалі тыя, хто стаў вернікам “разам з усім домам [сваім]”. Навярнуўшыся, яны хацелі, каб “увесь іх дом” таксама быў збаўлены. Гэтыя сем’і, якія сталі вернікамі, былі выспамі хрысціянскага жыцця ў няверуючым свеце».185

201. Разумець сям’ю як хатні Касцёл — азначае, што словы, сказаныя пра сам Касцёл, часта датычаць і хрысціянскай сям'і. І такім чынам хрысціянская сям’я выконвае ключавую ролю ў Касцёле і свеце. Папа Ян Павел II гаварыў пра «асаблівую і непаўторную ролю» хрысціянскай сям’і: «Хрысціянская сям’я пакліканая прымаць актыўны і адказны ўдзел у пакліканні Касцёла ўласцівым толькі ёй асаблівым чынам — служачы Касцёлу і грамадству сваёю сутнасцю і ўчынкамі, як «глыбокая супольнасць жыцця і любові».186

202. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла называе сакрамэнт сужэнства разам з сакрамэнтам пасвячэння «сакрамэнтамі служэння супольнасці і місіі».187 Сужэнства і сям’я служаць будаванню супольнасці Касцёла, выконваюць і рухаюцца наперад у сваім пакліканні абвяшчаць Евангелле і любіць так, як палюбіў людзей Хрыстус. Часам можа ўзнікнуць жаданне думаць выключна пра тое, як Касцёл (і ў прыватнасці дыяцэзія і парафія) служыць сужэнству і сям’і. Сапраўды, гэта жыццёва важная частка душпастырскай працы Касцёла.

203. Але гэтак жа важна, а магчыма, нават больш неабходна, думаць пра тое, як хрысціянская сям’я любіць і служыць парафіі, дыяцэзіі, Паўсюднаму Касцёлу і свету. Служэнне, мэтаю якога з’яўляецца дапамога сем’ям, павінна дапамагчы ім у сваю чаргу стаць місіянерамі. Гэта ў пэўным сэнсе змена парадыгмы, якая павінна расквітнець у Касцёле: даць хрысціянскай сям’і свабоду ў працы па распаўсюджванні Евангелля. У аснове гэтага ляжыць менавіта адкрыццё нанова паклікання сужэнства як паклікання стаць хатнім Касцёлам.

204. Хатні Касцёл — не абстрактнае паняцце. Гэта рэальнасць, пакліканне і місія, заснаваныя на сакрамэнце сужэнства, якія ажыццяўляюць многія людзі. Хрыстус працягвае заклікаць: Хрысціянскія сем’і, вы патрэбныя Касцёлу; вы патрэбныя свету!

205. Сям’я, стань тым, чым ты ёсць.188 Выберы жыццё, каб ты і твае нашчадкі маглі жыць, любіць Пана, Бога твайго, слухацца Яго голасу і моцна трымацца Яго.189 Гэтая місія будзе часам адрозніваць вас ад іншых людзей у грамадстве. Каб даць уласнае сведчанне любові, вам спатрэбяцца духоўная самаадданасць і дысцыпліна, але не бойцеся. Касцёл з вамі. Пан з вамі. Пан заключыў з вамі запавет. Пан кліча. Ён будзе верны, і ваш запавет прынясе плён. Любоў — вашае пакліканне, аснова для еднасці, вялікая прыгода ў служэнні, харастве і праўдзе.

Пытанні для абмеркавання

a) Якім чынам катэхізіс, прысвечаны тэме сям’і, з’яўляецца насамрэч катэхізісам, што ахоплівае ўсе сферы жыцця? Як каталіцкае веравучэнне пра чалавечую прыроду, сексуальнасць, сужэнства і сям’ю звязанае з іншымі аспектамі жыцця?
б) Ці каштоўнасці і звычкі, прынятыя ў вашай супольнасці, дапамагаюць або ўскладняюць задачу быць католікамі? Ці вольныя вы ў сваёй краіне жыць у поўні як католікі, або існуе ціск, які ставіць веру пад пагрозу і прымушае ісці на кампрамісы? Як можна жыць грамадскім жыццём у вашай краіне, застаючыся пры гэтым верным хрысціянінам?
в) Ці вашая сям’я ўспрымае сябе як хатні Касцёл? Якімі відавочнымі каштоўнасцямі жыве ваша сям’я? Што вы можаце зрабіць, каб стаць лепшымі місіянерамі?
г) Якая падтрымка неабходная вашай сям’і ад Касцёла? Як Касцёл можа вам дапамагчы? Як вы можаце дапамагчы Касцёлу і іншым сем’ям?

Спасылкі

170. Папа Францішак, малітва Angelus «Talk about the Holy Family as refugees» («Калі гаварыць пра Святую Сям’ю як пра бежанцаў»), 29 снежня 2013 г.
171. ККК, 1905.
172. Дан 6, 11.
173. Дан 1, 8.
174. LF, 52. Гл. вышэй, 2.
175. Дантэ, «Боская Камедыя: Рай, Песня XXXIII».
176. Пар. Мц 5, 13.
177. FC, 17.
178. FC, 17. Пар. GS, 48.
179. FC, 17.
180. FC, 18–27.
181. ККК, 1655.
182. ККК, 507.
183. Пар. Мк 1, 29–31, Мц 8, 14–15, і Лк 4, 38–39. Пар. Мк 2, 1; 3, 19–20,
7, 17; 9, 33. Пар. Мк 5, 38; 7, 24; 10, 10; 14, 3; Мц 9, 23; 10, 11–13; 13, 1; 17, 25; 26, 6; Лк 5, 29; 7, 36; 8, 51; 10, 5–7; 11, 37; 14, 1; 19, 5–9; іЯн 4, 53; 12, 1–2.
184. Рым 16, 5 і 1 Кар 16, 19. Пар. Клс 4, 15 іФлп 4, 22.
185. ККК, 1655. Пар. Дз 18, 8; 16, 31; 11, 14.
186. FC, 50.
187. КККК, 321. Гл. вышэй, 91.
188. FC, 17.
189. Дрг 30, 19–20.

Адноўлена 23.09.2015 15:56
 
© 2003-2024 Catholic.by