Прывітальнае слова біскупа Антонія Дзям’янкі на пачатак асвячэння касцёла св. Бэнэдыкта ў Пінску | Друк |

27 кастрычніка 2015 г.

Сардэчна вітаю ўсіх вас на ўрачыстасці асвячэння новай святыні ў нашым горадзе. Гэтая радасная падзея цесна звязана са святкаваннем 90-й гадавіны эрыгавання Пінскай дыяцэзіі і духоўнай семінарыі, 145-й гадавінай нараджэння першага біскупа Пінскага Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.
 
Вітаю Яго Эксцэленцыю Папскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і яго супрацоўнікаў. Вітаю Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, якога прашу ўзначаліць урачыстае набажэнства, Яго Эксцэленцыю біскупа Віталія Скамароўскага, які прыбыў з суседняй Луцкай дыяцэзіі з Украіны. Вітаю біскупаў Беларусі, сабраных на 61-е пленарнае пасяджэнне, правінцыялаў манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у нашай дыяцэзіі, ксяндзоў прэлатаў, канонікаў, біскупскіх вікарыяў, дэканаў, пробашчаў, вікарыяў, кансэкраваных асобаў, семінарыстаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, вернікаў Пінскай і іншых дыяцэзій, прадстаўнікоў братніх хрысціянскіх канфесій.

Сённяшняя падзея для Пінска знакавая. Касцёл св. Бэнэдыкта – гэта першая святыня, збудаваная ў горадзе пасля амаль двухсотгадовага перапынку.

Знакавая таксама і назва касцёла. Яна звязана з бэнэдыктынскай духоўнасцю, якую развівалі прадстаўнікі гэтага ордэну на Піншчыне ў мясцовасці Гарадзішча. У 1662 годзе бэнэдыктынцы збудавалі там прыгожы касцёл. Сваім хараством і веліччу гэты храм не саступаў нашай катэдры. На працягу стагоддзяў манахі згодна з дэвізам заснавальніка, св. Бэнэдыкта з Нурсіі (тэрыторыя сённяшняй цэнтральнай часткі Італіі), – “Маліся, працуй і нясі людзям надзею” – перадавалі багацце сваёй духоўнасці палешукам. Святы Бэнэдыкт з’яўляецца пачынальнікам манаскага жыцця Касцёла лацінскага абраду, апекуном Еўропы. Манаскі Статут бэнэдыктынцаў не адно стагоддзе аказваў уплыў на культуру еўрапейскіх краін. Нездарма Папа Павел VІ менаваў св. Бэнэдыкта апекуном Еўропы.

На жаль, падчас Другой сусветнай вайны гітлераўцы ўзарвалі касцёл у Гарадзішчы і знішчылі шматвяковую спадчыну, якая пакаленнямі веруючых захоўвалася ў творах сакральнага мастацтва і архітэктуры. На памяць аб страчанай спадчыне пінчукі збудавалі касцёл пад іменем св. Бэнэдыкта амаль за шэсць месяцаў.

Гэта будоўля з’яўляецца не толькі памяццю пра мінулае, але і выразам патрэбы сучаснага грамадства ў святыні. Будаўніцтва касцёла пачалося па жаданні вернікаў, якія тут пражываюць. Святыня паўстала пры іх актыўнай падтрымцы, а таксама згодна з рашэннямі Святарскай рады нашай дыяцэзіі, якая звярнула ўвагу на неабходнасць будаўніцтва святыняў у новых мікрараёнах гарадоў, каб такім чынам больш актыўна праводзіць справу евангелізацыі. Новая пінская святыня будзе служыць шматлікім вернікам, якія пражываюць у мікрараёнах Лугі, Верасы, Радужны і Паўднёвы.

Прашу шаноўнага арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ўзначаліць набажэнства і асвяціць новазбудаваную святыню, крыж св. Бэнэдыкта ў галоўным алтары, абразы Маці Божай Лагішынскай, св. Бэнэдыкта і стацыі Крыжовага шляху. Няхай гэтая ўрачыстая падзея стане стымулам да хутчэйшага завяршэння будаўніцтва згодна з прадпісаннямі касцёльнага права. Трэба яшчэ ўсталяваць мураваны алтар, канфесіяналы, звон на касцёльную вежу, які сваім гучаннем будзе збіраць людзей на малітву і адганяць злога духа. Заданне для вернікаў – узвядзенне адпаведнай агароджы вакол тэрыторыі касцёла. Агароджа, таксама як і святыня, асвечана і нельга дапусціць яе прафанацыі праз здзяйсненне актаў, нязгодных з хрысціянскай маральнасцю. Жадаю, дарагія дыяцэзіяне, каб у хуткім часе адбылася і кансэкрацыя касцёла, гэта значыць канчатковы акт перадачы будынка для выключна Божых справаў, на ўласнасць самому Пану Богу.

 
© 2003-2024 Catholic.by