Прамова намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадарыні Алены Купчыной на ўрачыстым прыёме з нагоды завяршэння Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці місіі ў Беларусі | Друк |

Ваша Эксцэленцыя, дарагі Клаўдыё, спадарыні і спадары, шаноўныя Паслы, паважаныя сябры,

Ваша Эксцэленцыя, з Вашага дазволу я прамоўлю без афіцыйных фармальнасцяў, так, як мы заўжды з Вамі размаўлялі. Я не рыхтавалася да прамовы, але мне б хацелася адзначыць, што Вы, Ваша Эксцэленцыя, сваёй дзейнасці тут, у Беларусі, надалі амаль незлічоную колькасці накірункаў.

Мне хацелася б вылучыць тры найбольш важныя з іх, якія назаўжды застануцца ў маёй памяці. Першы накірунак — гэта, безумоўна, Ваша дыпламатычная дзейнасць, Вашая адкрытасць для маёй краіны, Ваш клопат пра краіну, дзеля якой і ў якой Вы працуеце. Мы высока ацанілі Вашую прафесійную дзейнасць у гэтым накірунку, што і было дастаткова выразна падкрэслена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падчас Вашай сустрэчы з ім некалькі дзён таму, а таксама зусім хутка, я ўпэўнена, Вы пачуеце гэта і ад нашага міністра, з якім сустрэнецеся ўжо праз некалькі гадзінаў. Гэта па-першае, і гэта вельмі важна, таму што за непрацяглы час намі было дасягнута нямала дзякуючы абмену думкамі, дзякуючы клопату не толькі пра саміх сябе, але адзін пра аднаго.

Другі накірунак — рэлігійны. Сама я праваслаўная, але мне хацелася б аддаць належнае Вашай дзейнасці ў рэлігійнай сферы, а менавіта адзначыць Ваш унёсак у развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які дзякуючы Вам стаў больш адпавядаць чаканням беларускага народа, найглыбейшым пачуццям і імкненням беларускіх католікаў, якія, я ўпэўнена, ніколі пра гэта не забудуццца і якія заўсёды будуць ганарыцца тым вялікім сяброўствам, якога Вы дасягнулі з каталіцкай супольнасцю Беларусі, еўрапейскай нацыі, члена вялікай еўрапейскай сям’і.

Апошнім, але не найменш важным накірункам з’яўляюцца для мяне, безумоўна, чалавечыя адносіны: асабістыя, сяброўскія. Таму так цяжка развітвацца з Вамі. Усёй Вашай дзейнасцю: прафесійнай, чалавечай, рэлігійнай — Вы заўсёды нагадвалі нам пра тое, што Бог ёсць любоў, што нам тут, у Беларусі, вельмі неабходна як грамадству і як члену міжнароднай супольнасці.

Вы ўжо сказалі, што Вашая місія сёння ў Беларусі завяршаецца, але гэта датычыцца толькі Вашай прафесійнай, дыпламатычнай місіі. Я ганаруся тым, што мы з Вамі з’яўляемся сябрамі, а таму Вы назаўжды застанецеся з намі, у нашых думках і ў нашых сэрцах, і я спадзяюся, што Вы яшчэ не раз наведаеце Беларусь.

Вялікі Вам дзякуй, Ваша Эксцэленцыя!

Адноўлена 09.12.2015 02:29
 
© 2003-2024 Catholic.by