Зварот дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB да вернікаў Магілёўскага рэгіёна | Друк |

Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы!
Дарагія браты і сёстры, асабліва сужэнскія пары!

У Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці ў нашым Магілёўскім рэгіёне запланавана некалькі мерапрыемстваў, мэта якіх у дапамозе розным рэлігійным рухам, групам, аб’яднанням і паасобным вернікам адкрыць новы досвед Божай любові і міласэрнасці і ўцелаўляць яго ва ўласным жыцці.

Адна з такіх сустрэч адбудзецца ў свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, 27 снежня 2015 года, а 11-й гадзіне ў нашай магілёўскай катэдры, якая стала юбілейнай святыняй.

Сардэчна запрашаю ўсе сужэнскія пары Магілёўскага рэгіёна на юбілейную святую Імшу, падчас якой сужэнцы будуць мець магчымасць прайсці ва ўрачыстай працэсіі праз Святыя Дзверы і аднавіць свае сужэнскія абяцанні, складзеныя калісьці падчас сакрамэнту шлюбу.

Асабіста заахвочваю да ўдзелу тыя пары, які святкуюць або будуць святкаваць юбілей 5, 10, 15, 20, 25, 30, 35, 40, 45, 50 і больш гадоў сумеснага жыцця, а таксама рух «Хатні Касцёл» у Магілёве.

Прашу душпастыраў аб апецы над вернікамі і дапамозе сужэнскім парам прыбыць на гэтае свята ў катэдру. Давяраючы ўсе сужэнствы нашага рэгіёну апецы Святой Сям’і, ад усяго сэрца благаслаўляю.

+ Аляксандр Яшэўскі, SDB
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
і біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці

Адноўлена 16.12.2015 12:50
 
© 2003-2024 Catholic.by