Прывітальнае слова aрцыбіскупa Тадэвушa Кандрусевічa на Міжнароднай канферэнцыі «Смяротнае пакаранне: пераадольванне рознагалоссяў» | Друк |

Мінск, 10 сакавіка 2016 г.

Смяротнае пакаранне ў вучэнні Каталіцкага Касцёла

Дарагія браты і сёстры, паважанае спадарства!

1. Найперш дазвольце падзякаваць Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, якая з’яўляецца арганізатарам сённяшняй Міжнароднай канферэнцыі “Смяротнае пакаранне: пераадольванне рознагалоссяў”, за запрашэнне. Праблема смяротнага пакарання з кожным днём набірае актуальнасць, бо жыццё чалавека – гэта найбольш каштоўны Божы дар. Бог яго і дае, і толькі Ён мае права адабраць. З кожным днём у свеце становіцца ўсё менш краін, дзе яшчэ практыкуецца смяротнае пакаранне. Спадзяюся, што сённяшняя канферэнцыя таксама будзе спрыяць яго адмене, або прынамсі прыняццю мараторыя ў Беларусі.

2. Як Каталіцкі Касцёл, так і Праваслаўная Царква і іншыя веравызнанні стаяць на варце чалавечага жыцця і яго бароняць. Касцёл яго паважае як святое і непарушнае і таму заступаецца таксама і за асуджаных на кару смерці. Асаблівая роля ў абароне чалавечага жыцця і адмены кары смерці належыць св. Яну Паўлу II.

Вялікі ўклад у гэтую Божую справу ўнеслі таксама Пантыфікі Бэнэдыкт XVI і Францішак.

3. У Старым Запавеце мы можам знайсці перадумовы для смяротнага пакарання. Так, у выпадку з Каінам Бог кажа: той, хто заб’е яго, будзе пакараны ў восем разоў мацней (пар. Быц 4, 15). У Новым Запавеце Хрыстус хаця і не выступае адкрыта супраць смяротнага пакарання, тым не менш Ён стварае перадумовы для яго пераадолення. Так, у выпадку з чужаложніцай Езус кажа, што той, хто без граху, няхай першы кіне ў яе камень (пар. Ян 8, 7).

Традыцыйнае вучэнне Касцёла заключалася ў тым, што смяротнае пакаранне не супярэчыць Божаму закону, але ў той жа час не з’яўляецца яго прадпісаннем. Яго неабходнасць ацэньваецца ў залежнасці ад абставінаў. Менавіта таму на працягу гісторыі Касцёл выказваўся “за” і “супраць” смяротнага пакарання.

Каб зразумець вучэнне Касцёла ў гэтай галіне, неабходна памятаць аб тым, што яно ўключана ў канкрэтны кантэкст эпохі, у якой было абвешчана. У адваротным выпадку мы рызыкуем трапіць у фундаменталізм і прыйсці да думкі аб супярэчнасцях у вучэнні Касцёла.

4. Прыхільнікі кары смерці сцвярджаюць, што яна з’яўляецца актам справядлівасці. Яны таксама падкрэсліваюць абавязак дзяржавы гарантаваць парадак у грамадстве. Некаторыя вяртаюцца да думкі св. Тамаша з Аквіна, паводле якой кожны чалавек, як інтэгральная частка грамадства, павінен яму служыць. У адваротным выпадку, калі ён пагражае захаванню грамадскага парадку і супольнаму дабру, то гэтым ён сам дае права грамадству яго выключыць (пар. http://swiety.krzyz.org/okarze.htm).

Цяжка таксама пагадзіцца з аргументам, што злачынца страчвае сваю чалавечую годнасць і гэтым самым дае права грамадству яго забіць. Нават самае цяжкае злачынства не перакрэслівае чалавечай годнасці, бо яна належыць да сутнасці чалавека.

4. Праціўнікі смяротнага пакарання свае аргументы будуюць на перакананні ў тым, што кожнае чалавечае жыццё з’яўляецца святым, хаця сам чалавек не заўсёды ёсць такім. Іншы аргумент – незваротнасць кары смерці. Важкім з’яўляецца і тое, што смерць абмяжоўвае час на навяртанне, які ў эканоміі Божай міласэрнасці павінен быць дадзены чалавеку, нават калі ён і злачынца. Не без значэння ёсць і тое, што судовы прысуд не застрахаваны ад памылак. А калі чалавек будзе забіты, то яго ўжо не ўваскрасіш і не будзе часу выправіць магчымую памылку суда, а таксама часу на навяртанне.

Не баналізуючы зла, якое ўчыніў злачынца, неабходна падкрэсліць і тое, што грамадству пагражае не экзістэнцыя злачынцы, але толькі яго дзеянне. Таму неабходна імкнуцца да ліквідацыі прычын злачынства, а не злачынцы. Гэтым самым у вучэнні Каталіцкага Касцёла акцэнт пераносіцца на рэсацыялізуючае вымярэнне пакарання.

Сацыялагічныя даследаванні сцвярджаюць, што захаванне кары смерці не змяншае колькасці злачынстваў, падобна таму, як не павялічваецца іх колькасць у краінах, дзе яна адменена.

5. Вучэнне энцыклікі “Evangelium vitae” („Евангелле жыцця”) св. Яна Паўла II стала рэвалюцыйным у галіне аховы Божага дару жыцця і выключэння смяротнага пакарання.

Калі раней Касцёл вучыў аб абгрунтаваным праве і абавязку ўлады да прымянення справядлівай кары, нават смяротнага пакарання, за цяжкае злачынства, то, маючы на ўвазе сучасныя магчымасці, якімі валодае дзяржава для прадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджвання злачынцы, не адбіраючы ў яго магчымасць выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці смяротнага пакарання становяцца рэдкімі і могуць нават не здарыцца (пар. ККК. Кампендый 469; EV 56). Ян Павел II таксама вучыць, што ў сучасных грамадствах смяротнае пакаранне не з’яўляецца абавязковым і таму павінна быць адменена (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/audiences/2000/documents/hf_jp-ii_aud_20000913.html).

Папа Бэнэдыкт XVI вельмі моцна выказваўся супраць смяротнага пакарання і захавання Божага дару жыцця; ён таксама заклікаў да таго, каб крымінальнае права брала пад увагу як чалавечую годнасць асуджаных, так і захаванне грамадскага парадку (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/audiences/2011/documents/hf_ben-xvi_aud_20111130.html).

А Папа Францішак кажа, што кара смерці – гэта пройгрыш прававога грамадства. Ён вучыць, што смяротнае пакаранне не можа быць прынята сучасным светам, а пажыццёвае зняволенне з’яўляецца схаванай формай кары смерці. Папа Францішак пры гэтым цытуе словы Фёдара Дастаеўскага, што забіццё забойцы з’яўляецца непараўнальна большай карай, чым само злачынства (пар. http://www.polskieradio.pl/5/3/Artykul/1403609,Papiez-Franciszek-o-karze-smierci-jest-porazka-panstwa-prawa).

6. Такім чынам, Касцёл глыбока перакананы ў немаральным характары непасрэднага, наўмыснага і свабодна здзейсненага забойства чалавека (пар. EV 57). Ён ясна і недвухсэнсоўна выступае ў абарону кожнага чалавечага жыцця, як галоўнага прынцыпу гуманізму, які ў хрысціянстве дасягае сваёй найглыбейшай матывацыі.

Таму для Касцёла пытанне смяротнага пакарання - гэта найперш пытанне этычнае. Прымат фундаментальнага прынцыпу шанавання жыцця, як каштоўнасці, пераважае над дыскусіяй аб уплыве смяротнага пакарання з мэтай дасягнення справядлівасці і захавання публічнага парадку. Права абароны жыцця, якое зыходзіць з Божага Аб’яўлення, не дыскутуемае. Яно абавязвае заўсёды, бо з’яўляецца ўніверсальным правам без выключэнняў, і павінна выконвацца, таксама і ў Беларусі, прынамсі на ўзроўні мараторыя.

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Энцыкліка “Evangelium vitae” (EV).    
2. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый. Pro Christo, 2010 (ККК. Кампендый).
3. http://swiety.krzyz.org/okarze.htm.
4. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/audiences/2000/ documents/hf_jp-ii_aud_20000913.html.
5. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/audiences/2011/ documents/hf_ben-xvi_aud_20111130.html.
6. http://www.polskieradio.pl/5/3/Artykul/1403609, Papiez-Franciszek-o-karze-smierci-jest-porazka-panstwa-prawa.

Адноўлена 11.03.2016 12:30
 
© 2003-2022 Catholic.by