Слова кс. Уладзіслава Завальнюка на распачацце беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча | Друк |

Разам з усімі парафіянамі, вернікамі і людзьмі добрай волі Беларусі дзякуем добраму Богу за Яго міласэрнасць, якую Ён аб’явіў нам у сённяшняй урачыстасці. Дзякуем Кангрэгацыі па справах Кананізацыі за дазвол на распачацце працэсу беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Дзякуем усім тым, хто прыйшоў, каб удзельнічаць у гэтай урачыстасці, прадстаўляючы наш народ, і адчуць прысутнасць сведкі веры ў ім!

Да Слугі Божага Эдварда можна смела аднесці словы Святога Пісання: “Справядлівы будзе жыць у памяці вечна…” Пачатак беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча – гэта не што іншае, як адкрыццё Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам дзвярэй, каб Ён прыйшоў да нас, а мы да яго ў нашых жыццёвых патрэбах, дзякуючы веры, добрым учынкам і любові Бога і бліжняга. І гэтымі дзвярыма з’яўляецца Божы храм, вось гэтае месца, дзе мы зможам атрымліваць Божую ласку праз Яго заступніцтва і дапамогу.

“Паводле веры тваёй няхай табе станецца, – звяртаецца Хрыстус да хворага чалавека. – Вера твая аздаравіла цябе”. Без жывой веры няма і ўзвышаных, духоўных вынікаў.

Пачатак беатыфікацыйнага працэсу – гэта магутнае рэха адкрытага Папам Францішкам Года Міласэрнасці, які абвешчаны для ўсяго свету і які мы маем з асаблівай ласкі Божай у Беларусі.

Браты і сёстры! Цяпер крок за намі! Маліцеся ў інтэнцыі беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайнілаліча!

Слуга Божы Эдвардзе, малі Бога за нас.  

Пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены                                                                       
ксёндз дэкан Уладзіслаў Завальнюк

 
© 2003-2024 Catholic.by