Ліст Папы Францішка біскупу Аляксандру Кашкевічу на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс | Друк |

Глыбока шаноўнаму Брату Аляксандру Кашкевічу
Біскупу Гродзенскай дыяцэзіі

Жадаючы як мага больш рупліва выконваць абавязкі наступніка св. Пятра, з асаблівай лагоднасцю і любоўю злучаемся з сабратамі ў біскупскім служэнні, якія „кіруюць даручаным ім партыкулярным Касцёлам як вікарыі і пасланнікі Хрыста”. Сёння звяртаюся да цябе, глыбока шаноўны Браце, які 23 дня бліжэйшага месяца будзеш урачыста адзначаць сярэбраны юбілей твайго біскупскага служэння.

Народжаны ў Віленскай архідыяцэзіі і добра выхаваны ў сям’і і школе, ты паступіў у семінарыю ў Каўнасе і, скончыўшы курс філасофіі, тэалогіі і іншых дысцыплін, 30 мая 1976 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Найперш сваю святарскую руплівасць ты сведчыў як вікарый у Панявежысе, затым з 1981 года як кіраўнік парафіі Святога Духа ў горадзе Вільнюсе.

Святы Ян Павел ІІ 13 красавіка 1991 года, дваццаць пяць гадоў таму, устанавіў рыма-каталіцкую Гродзенскую дыяцэзію і прызначыў цябе яе першым біскупам.

Стала і мудра кіруючы ажно да сённяшняга часу гэтым статкам, ты паказваў дух адказнасці адносна ўсіх тваіх вернікаў, асабліва ж адносна святароў і тых, хто рыхтуецца да святарства. Праз выхаваўчую дзейнасць і рознага роду лісты ты выяўляў мудры клопат аб сапраўдным развіцці жыцця хрысціян і грамадства.

Ты спрыяў росту сакрамэнтальнага жыцця тваіх вернікаў, выяўляў майстэрства ў пастырскіх справах і распараджэнні штодзённымі абавязкамі. У новай дыяцэзіі ты ўстанавіў розныя структуры, асабліва курыю, семінарыю і новыя парафіі, усім, асабліва бедным і нешчаслівым, нёс духоўнае суцяшэнне. Лічым годным памяці тваё моцнае сведчанне хрысціянскай веры і вернасці наступніку св. Пятра, дадзенае адносна рэлігій, не блізкіх хрысціянству, дзейнасць, якую здзяйсняў у Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дзе ўмела выконваў абавязак старшыні, а таксама рупліва працаваў у Радзе па справах моладзі і каталіцкай адукацыі.

Прымі ж, глыбока шаноўны Браце, найлепшыя пажаданні, якія Мы табе выражаем, просячы аб гэтым Пана, Даўцу ўсялякага дабра, каб праз заступніцтва благаслаўлёнай Дзевы Марыі, якая ў санктуарыі ў Вільнюсе шануецца асабліва як Маці міласэрнасці і якая з’яўляецца Апякункай даручанай табе дыяцэзіі, учыніў паспяховым кожны твой дзень і сваёй нястомнай дапамогай спадарожнічаў табе і ўсім табе давераным.

Ахвотна ўдзяляем табе наша апостальскае благаслаўленне, пасрэдніцтва нябесных дароў, якое няхай будзе перададзена ўсім вернікам Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўдзельнікам Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, і ад вас усіх чакаем малітвы, каб вельмі цяжкі Пятровы абавязак згодна з Божай воляй мы мелі сілы як мага больш плённа выконваць.

З Ватыкана, 18 красавіка 2016 года, у Юбілейны Год Міласэрнасці, у чацвёрты год нашага пантыфікату.

Францішак

Адноўлена 23.05.2016 19:09
 
© 2003-2024 Catholic.by