17 снежня — звычайны дзень Адвэнту | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц 49, 2. 8–10

Не будзе аднята жазло ад Юды

Чытанне Кнігі Быцця.

У тыя дні:
Якуб склікаў сваіх сыноў і сказаў ім: Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраэля, айца вашага!

Юда! Цябе славіць будуць браты твае. Рука твая на шыі ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны айца твайго. Юда, малады леў, на здабычы будзеш расці, сыне мой. Адпачываючы, лёг як леў і як ільвіца, хто падыме яго? Не будзе аднята жазло ад Юды і кій пастыра ад ног ягоных, пакуль не прыйдзе той, якому яно належыць, і якога будуць слухацца народы!

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 72 (71), 1–2. 3–4аb. 7–8. 17 (Р.: пар. 7)

Рэфрэн: Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.
    
1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.

Рэфрэн:

3. Няхай горы прынясуць спакой народу, *
і ўзгоркі справядлівасць.
4. Няхай рассудзіць прыніжаных з народа, *
выбавіць дзяцей убогіх.

Рэфрэн:

7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
 і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад ракі аж да краю зямлі.

Рэфрэн:

17. Імя Ягонае будзе трываць навекі, *
 пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае.
 Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны, *
 будуць славіць Яго ўсе народы.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Мудрасць Найвышэйшага, якая усім кіруе з моцаю,
прыйдзі і навучы нас шляхам разважлівасці.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 1, 1–17

Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам быў бацькам Ісаака; Ісаак — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юды і ягоных братоў; Юда быў бацькам Фарэса і Зары, маці якіх была Тамар. Фарэс быў бацькам Эзрома; Эзром — бацькам Арама, Арам — бацькам Амінадаба; Амінадаб — бацькам Наасона; Наасон — бацькам Сальмона; Сальмон — бацькам Бааза, а маці была Рахаб. Бааз быў бацькам Абэда, а маці была Рут. Абэд быў бацькам Есэя, а Есэй быў бацькам караля Давіда.

Давід быў бацькам Саламона, а маці ягоная была ранейшая жонка Урыі. Саламон быў бацькам Рабаама; Рабаам — бацькам Абія; Абій — бацькам Асы; Аса — бацькам Язафата; Язафат — бацькам Ярама; Ярам — бацькам Осіі; Осія — бацькам Яатама; Яатам — бацькам Ахаза; Ахаз — бацькам Эзэхіі; Эзэхія — бацькам Манасэса; Манасэс — бацькам Амона; Амон — бацькам Ёсіі; Ёсія — бацькам Ехоніі і ягоных братоў падчас вавілонскага перасялення.

А пасля вавілонскага перасялення Ехонія быў бацькам Салятыэля; Салятыэль — бацькам Зарабабэля; Зарабабэль — бацькам Абіюда; Абіюд — бацькам Эліяхіма; Эліяхім — бацькам Азора; Азор — бацькам Садока; Садок — бацькам Ахіма; Ахім — бацькам Эліюда; Эліюд — бацькам Элеазара; Элеазар — бацькам Маттана; Маттан — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да вавілонскага перасялення — чатырнаццаць, і ад вавілонскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 14:54
 
© 2003-2024 Catholic.by