І Нядзеля Адвэнту, Год A | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 2, 1–5

Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса
пра Юдэю і Ерузалем.
І станецца ў апошнія дні,
што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў
і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны.
І пойдуць многія народы і скажуць:
Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана
у дом Бога Якубава,
і навучыць Ён нас сваім шляхам,
і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі.
Бо з Сіёну выйдзе Закон,
і слова Пана з Ерузалема.
І будзе Ён судзіць плямёны,
і асудзіць многія народы;
і перакуюць мячы свае на плугі,
і дзіды свае на сярпы;
не ўздыме народ на народ мяча,
і не будуць больш вучыцца ваяваць.
Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем
у святле Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 122(121), 1–2. 4–5. 6–7. 8–9 (Р.: пар. 1)

Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.

1. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
Пойдзем у дом Пана.
2. Вось стаяць нашыя ногі *
у брамах Тваіх, Ерузалем.

Рэфрэн:

4. Туды ўзыходзяць пакаленні, пакаленні Пана, *
каб, паводле сведчання Ізраэля, праслаўляць імя Пана.
5. Там стаяць судовыя троны, *
троны дому Давіда.

Рэфрэн:

6. Прасіце міру для Ерузалема: *
Няхай спакой маюць тыя, хто любіць Цябе.
7. Няхай будзе мір у мурах Тваіх, *
дабрабыт у палацах Тваіх.

Рэфрэн:

8. Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх, *
скажу я: Мір табе.
9. Дзеля дома Пана, Бога нашага, *
буду жадаць дабра табе.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 13, 11–14

Набліжаецца нашае збаўленне

Чытанне Паслання святога Апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Вы ведаеце час, што прыйшла ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі.

Ноч мінула, і наблізіўся дзень: дык адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці; але апраніцеся Панам Езусам Хрыстом і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 85(84), 8
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць
і дай нам сваё збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 24, 37–44

Чувайце і будзьце гатовымі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 24.09.2010 13:55
 
© 2003-2024 Catholic.by