29 верасня — свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дан 7, 9–10. 13–14

Тысячы тысячаў служылі Яму

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўні, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

ф

Або:

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ап 12, 7–12а

Міхал і Анёлы ягоныя ваявалі з цмокам

Чытанне Апакаліпсіса святога Яна.

І ўзнялася вайна на небе: Міхал і Анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў ды ягоныя анёлы. Але не перамаглі і ўжо не знайшлося месца для іх на небе. І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя.

І пачуў я голас моцны, які казаў ў небе: Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым. І яны перамаглі яго, дзякуючы крыві Ягняці і дзякуючы слову сведчання свайго, і не палюбілі жыцця свайго аж да смерці. Таму радуйцеся нябёсы і ўсе, хто насяляе іх.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 4–5  (Р.: 1c)

Рэфрэн: Перад анёламі спяваю Табе, Пане.

1. Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, *
бо пачуў Ты словы вуснаў маіх.
Перад анёламі спяваю Табе, *
2. кланяюся перад святой Тваёй святыняй.

Рэфрэн:

І слаўлю імя Тваё *
за міласэрнасць Тваю і вернасць.
3. У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, *
павялічыў моц маёй душы.

Рэфрэн:

4. Будуць дзякаваць Табе, Пане, усе каралі зямлі,*
бо пачуюць словы Тваіх вуснаў.
5. І заспяваюць пра шляхі Пана, *
бо вялікая слава Пана.

Рэфрэн:а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пс 103 (102), 21
Благаслаўляйце Пана ўсе Ягоныя магуцці,
слугі Ягоныя, якія выконваюць Яго волю.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 1, 47–51

Убачыце анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману.

Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне?

Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю.

Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!

Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта.

І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 13.08.2010 17:38
 
© 2003-2024 Catholic.by