25 красавіка — свята св. Марка, евангеліста | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 П 5, 5b–14

Вітае вас Марк, сын мой

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Апраніцеся ўсе ва ўзаемную пакору, таму што Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку.

Дык станьце пакорнымі пад моцнаю рукою Божаю, каб Ён узвысіў вас у адпаведны час. Усялякі свой клопат ускладзіце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас. Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго, ведаючы, што такія ж цярпенні зведваюць і вашыя браты, што ў свеце.

А Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго як трохі пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе, умацуе і зробіць вас непахіснымі. Яму панаванне на векі вякоў. Амэн.

Праз Сільвана, які здаецца мне верным братам, я коратка напісаў вам, заахвочваючы і сцвярджаючы, што такая ёсць сапраўдная ласка Божая, у якой трываеце. Вітае вас выбраная, як і вы, супольнасць у Бабілёніі, а таксама Марк, сын мой. Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові.

Спакой ўсім вам, якія трываеце ў Хрысце.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
         Пс 89 (88), 2–3. 6–7. 16–17 (Р.: пар. 2а)

Рэфрэн: Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.
Або: Аллелюя.

2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, *
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.

Рэфрэн:

6. Нябёсы будуць праслаўляць Твае цуды, Пане,
Тваю вернасць на сходзе святых.
7. Бо хто ў аблоках параўнаецца з Панам?
Хто будзе падобны да Пана між Божых сыноў?

Рэфрэн:

16. Шчаслівы народ, які ведае радасны вокліч*
і ходзіць у святле аблічча Твайго, Пане.
17. Радуюцца імені Твайму ўвесь дзень *
і ўзвышаюцца ў Тваёй справядлівасці.

Рэфрэн:а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
1 Кар 1, 23а–24b
Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага,
Божую моц і Божую мудрасць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 16, 15–20

Абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць.

І Пан Езус, пасля размовы з імі, узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 05.03.2010 18:14
 
© 2003-2024 Catholic.by