Урачыстасць Унебаўшэсця Пана | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дз 1, 1–11

Узнёсся на вачах іхніх

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Першую кнігу я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку аж да дня, у які ўзнёсся, даўшы праз Духа Святога загады Апосталам, якіх выбраў ды перад якімі з’явіўся жывым пасля сваёй мукі ў шматлікіх доказах. На працягу сарака дзён аб’яўляўся ім і казаў пра Божае Валадарства.

І калі разам елі, наказаў ім не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом, пра што вы чулі ад Мяне. Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым.

А сабраныя пыталіся ў Яго: Пане, ці не ў гэтым часе Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля? Ён жа адказаў ім: Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладай. Але прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі.

І, сказаўшы гэта, Ён узнёсся на вачах іхніх, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 47 (46), 2–3. 6–7. 8–9  (Р.: 6)

Рэфрэн: Узнёсся Бог пад радасныя воклічы.
Або: Аллелюя.

2. Усе народы, пляскайце ў далоні, *
радасным голасам усклікайце Богу,
3. бо грозны Пан Найвышэйшы, *
вялікі Валадар над усёй зямлёй.

Рэфрэн:

6. Узнёсся Бог пад радасныя воклічы, *
Пан пры гуках трубы.
7. Спявайце Богу, спявайце, *
спявайце нашаму Валадару, спявайце.

Рэфрэн:

8. Бо Валадар усёй зямлі — Бог, *
Яму гімн заспявайце.
9. Бог валадарыць над народамі, *
Бог сядзіць на сваім троне святым.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Эф 1, 17–23

Пасадзіў Яго праваруч сябе на нябёсах

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага і якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых, і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаваннне, і за ўсялякае імя, якое называюць не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.

І ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 28, 19. 20
Слова сталася целам і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД А
Мц 28, 16–20

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі

+ Заканчэнне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Гэта слова Пана.

аЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В

Мк 16, 15–20

Узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога

+ Заканчэнне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць.

І Пан Езус, пасля размовы з імі, узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.

Гэта слова Пана.

аЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД С

Лк 24, 46–53

Калі благаслаўляў іх, узнёсся на неба

+ Заканчэнне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы сведкі гэтага. І вось Я пашлю да вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні.

Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.

Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем, і былі ўвесь час у святыні, і благаслаўлялі Бога.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.04.2010 15:08
 
© 2003-2024 Catholic.by