6 лютага — успамін св. Паўла Мікі і паплечнікаў, мучанікаў | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Гал 2, 19–20

Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
         Пс 126 (125), 1–2аb. 2cd–3. 4–5. 6 (Р.: 5)

Рэфрэн: Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю.

1. Калі Пан перамяніў лёс Сіёну, *
мы былі, быццам у сне.
2. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, *
а язык спяваў з радасці.

Рэфрэн:

Тады гаварылі між народамі: *
Вялікія рэчы ўчыніў Пан для іх.
3. Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас, *
і мы ўзрадаваліся.

Рэфрэн:

4. Змяні наш лёс, о Пане, *
як патокі на поўдзень.
5. Хто ў слязах сеяў, *
жаць будзе з радасцю.

Рэфрэн:

6. Хто ідзе і плача, *
несучы насенне, каб сеяць,
вернецца з радасцю, *
несучы снапы свае.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 28, 19а. 20b
Ідзіце і навучайце ўсе народы, — кажа Пан, —
Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 28, 16–20

Ідзіце і навучайце ўсе народы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.02.2012 09:37
 
© 2003-2024 Catholic.by