Пятніца — ІIІ Велікодны тыдзень | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 9, 1–20

Гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.

Калі ён падчас падарожжа набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвяціла яго. Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Ён жа сказаў: Хто Ты, Пане?

А той адказаў: Я Езус, якога ты пераследуеш. Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што ты павінен зрабіць.
Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі. Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нікога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск. Тры дні ён не бачыў і не еў, і не піў.

У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан аб’явіўся яму і сказаў: Ананія. А ён адказаў: Гэта я, Пане! Пан сказаў яму: Устань і ідзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарсу, бо ён цяпер моліцца.

I ўбачыў Саўл у аб’яўленні чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.
Адказаў Ананія: Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме. I тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае імя Тваё.

Але Пан сказаў яму: Ідзі, бо гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя.

Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І ўсклаўшы на яго рукі, сказаў: Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Святым Духам. І адразу нібы луска спала з вачэй ягоных, і стаў відучым, падняўся і быў ахрышчаны. А калі спажыў ежу, набраўся сілы.

Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску. І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён Сын Божы.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 117 (116), 1. 2. (Р.: Мк 16, 15)

Рэфрэн: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, усе народы, *
праслаўляйце Яго ўсе плямёны.

Рэфрэн:

2. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, *
і вернасць Ягоная трывае навекі.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 6, 54
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў,
ува Мне ёсць, а Я — у ім, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 6, 52–59

Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.04.2010 17:41
 
© 2003-2024 Catholic.by