Аўторак — ІIІ Велікодны тыдзень | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 7, 51 — 8, 1

Пане Езу, прымі дух мой

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Стэфан казаў народу, старэйшынам і кніжнікам: Людзі з цвёрдым каркам,  неабрэзаным сэрцам і вушамі. Вы заўсёды працівіліся Святому Духу; як айцы вашыя, так і вы. Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? І забілі тых, хто абвяшчаў прыйсце Справядлівага, здраднікамі і забойцамі якога цяпер сталіся вы, якія атрымалі Закон праз пасярэдніцтва анёлаў, але не захоўвалі яго.

Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.

Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!

І, сказаўшы гэта, спачыў.

А Саўл быў згодны з ягоным забойствам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 31 (30), 3cd–4. 6ab і 7b і 8а. 17 і 21аb (Р.: 6а)

Рэфрэн: У рукі Твае, Пане,  аддаю я дух мой.
Або: Аллелюя.

3. Будзь для мяне каменнай цвярдыняй, *
домам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
4. Бо Ты мая скала і мая цвярдыня, *
дзеля імя Твайго кіруй мною і вядзі мяне.

Рэфрэн:

6. У рукі Твае аддаю я дух мой; *
Ты мяне адкупіў, Пане, Божа верны.
7. Я спадзяюся на Пана. *
8. Весялюся і радуюся міласэрнасці Тваёй.

Рэфрэн:

17. Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *
збаў мяне ў сваёй ласкавасці.
21. Пад покрывам аблічча свайго *
Ты хаваеш іх ад змоў людскіх.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 6, 35ab
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я ёсць хлеб жыцця, — кажа Пан,
хто да Мяне прыходзіць, ніколі не будзе прагнуць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 6, 30–35

Не Майсей, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Народ сказаў Езусу: Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці.

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету.

Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб.

Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.04.2010 17:41
 
© 2003-2024 Catholic.by