Пятніца — VI Велікодны тыдзень | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 18, 9–18

Вялікі народ Мой у гэтым горадзе

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Павел быў у Карынце, Пан ноччу ў аб’яўленні сказаў Паўлу: Не бойся, але кажы і не маўчы, таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо вялікі народ Мой у гэтым горадзе. І прабыў год і шэсць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму.

Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла, прывялі яго ў суд, кажучы: Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам.

Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям:

Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас, але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах. І выгнаў іх з суда.

Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.
Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла.

У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

     Пс 47 (46), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Бог — Валадар усёй зямлі.
Або: Аллелюя.

2. Усе народы, пляскайце ў далоні, *
радасным голасам усклікайце Богу,
3. бо грозны Пан Найвышэйшы, *
вялікі Валадар над усёй зямлёй.

Рэфрэн:

4. Ён пакарыў нам народы *
і плямёны кінуў пад нашыя ногі.
5. Ён выбраў нам спадчыну нашу, *
веліч Якуба, якога Ён любіць.

Рэфрэн:   

6. Узнёсся Бог пад радасныя воклічы, *
Пан пры гуках трубы.
7. Спявайце Богу, спявайце, *
спявайце нашаму Валадару, спявайце.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
пар. Лк 24, 46.26
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых,
каб увайсці ў сваю славу.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 16, 20–23а

Радасці вашай ніхто не адбярэ

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць.

Жанчына, калі нараджае, смуткуе, што прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіцё, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.

Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас. І ў той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 26.04.2010 17:17
 
© 2003-2024 Catholic.by