Пятніца — чацвёрты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 13, 1–8

Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Няхай трывае братняя любоў. Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі Анёлаў. Памятайце пра вязняў, быццам бы вы зняволеныя разам з імі; і пра тых, хто церпіць, бо і самі вы ў целе.

Няхай ва ўсіх сужэнства будзе ў пашане, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложцаў асудзіць Бог.

Не будзьце срэбралюбнымі норавам, задавольвайцеся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: Застануся з табой і не пакіну цябе, – так што смела можам сказаць: Пан мой памочнік, і я не буду баяцца; што можа зрабіць мне чалавек?

Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру. Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 27 (26), 1. 3. 5. 8b–9abc  (Р.: 1а)

Рэфрэн: Пан — маё святло і маё збаўленне.

2. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?

Рэфрэн:

3. Калі выступіць супраць мяне войска, *
не спалохаецца маё сэрца;
калі ўздымецца супраць мяне бітва, *
і тады я буду спадзявацца.

Рэфрэн:

5. Ён хавае мяне ў сваім шатры *
у дзень няшчасця,
укрывае мяне ў сваім сховішчы, *
падымае мяне на скалу.

Рэфрэн:

Буду шукаць Твайго аблічча, Пане. *
9. Не хавай ад мяне свайго твару.
Слугі свайго не адкідай у гневе; *
Ты — мая дапамога, не адкідай мяне.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Сір 47, 2–11

Ад усяго свайго сэрца ён апяваў і любіў Стварыцеля свайго

Чытанне кнігі Сіраха.

Як тлушч, што аддзяляюць ад ахвяры прымірэння,
так ад сыноў Ізраэля адлучаны Давід.
Як з казлянятамі, гуляў ён са львамі,
з мядзведзямі — нібы са статкам ягнят.
Ці ў юнацтве сваім не забіў ён асілка,
знішчыў ганьбу народа,
калі падняў рукою камень у прашчы
і нізрынуў пыху Галіята.
Бо ён паклікаў Найвышэйшага Пана,
які даў сілу ягонай правіцы
перамагчы магутнага воіна
і ўзняць моц народа свайго.
Так праслаўлялі яго дзесяткі тысяч разоў
і дзякавалі яму з благаслаўленнем Пана,
прыносячы яму карону славы.
Бо выкараніў ён ворагаў вакол,
знішчыў сваіх праціўнікаў філістымлянаў,
да сённяшняга дня разбіў іх моц.
У кожнай сваёй справе дзякаваў
Святому Найвышэйшаму словамі хвалы,
ад усяго свайго сэрца ён апяваў
і любіў Стварыцеля свайго.
Перад ахвярнікам паставіў псальмапеўцаў,
каб галасы іх учынілі мілагучным спеў.
Дадаў ён святам прыгажосці
і ўрачыстасці аздобіў дасканала,
каб праслаўлялася імя святое Пана
і ад світання гучала святыня.
Пан дараваў яму грахі яго
і ўзнёс навекі ягоную моц,
заключыў з ім запавет валадарства
і даў яму трон славы ў Ізраэлі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 18 (17), 31. 47 і 50. 51 (Р.: пар. 47b)

Рэфрэн: Будзь благаслаўлёны Бог майго збаўлення!

31. Шлях Божы дасканалы, *
слова Пана ачышчана агнём.
Ён шчыт для ўсіх, *
хто на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:

47. Жыве Пан, благаслаўлёная мая Абарона. *
Няхай будзе ўзвялічаны Бог збаўлення майго.
50. За гэта, Пане, я буду праслаўляць Цябе паміж плямёнамі *
і апяваць імя Тваё.

Рэфрэн:

51. Ты павялічваеш каралю свайму дапамогу,*
i адорваеш міласэрнасцю
свайго памазаніка Давіда *
і яго патомства на векі.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Лк 8, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёныя, хто ў дoбрым i чыстым сэрцы
захоўвае Божае слова i прынoсіць плён у цярплівaсцi.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 6, 14–29

Гэта Ян, якому я адсек галаву, уваскрос

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Кароль Ірад пачуў пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: Гэта Ян Хрысціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды творацца ім. Іншыя казалі: Гэта Ілля. А яшчэ іншыя казалі: Гэта прарок, або як адзін з прарокаў. Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: Гэта Ян, якому я адсек галаву, уваскрос.

Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і зняволіў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ажаніўся з ёй. Бо Ян казаў Іраду: Не дазволена табе мець жонку брата твайго. А Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.

І настаў зручны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім. І ўвайшла дачка гэтай Ірадыяды, і танцавала. І спадабалася яна Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе. І шмат у чым пакляўся ёй: Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства. Яна выйшла і сказала маці сваёй: Чаго мне папрасіць? Тая адказала: Галаву Яна Хрысціцеля.

І яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна Хрысціцеля. Кароль вельмі засмуціўся, але з-за клятвы і тых, хто быў пры стале, не захацеў ёй адмовіць. Кароль адразу паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву, і прынёс на місе ягоную галаву, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.

Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі і забралі ягонае цела, і паклалі яго ў магілу.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 21.01.2010 16:54
 
© 2003-2024 Catholic.by