Серада — дзеcяты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Кар 3, 4–11

Ён даў нам магчымасць быць слугамі Новага Запавету: не літары, але духа

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Такі давер мы маем праз Хрыста да Бога не таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, але здольнасць нашая ад Бога, які даў нам магчымасць быць слугамі Новага Запавету: не літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе. Калі ж служэнне смерці, выразанае літарамі на камянях, адбывалася ў славе, так што сыны Ізраэля не маглі глядзець на аблічча Майсея з прычыны мінучай славы аблічча ягонага,  то наколькі ж большае ў славе павінна быць служэнне духа.

Бо калі служэнне асуджэнню — слава, то тым больш пераўзыходзіць  славаю служэнне справядлівасці.  Бо ў гэтым выпадку праслаўленае не мае славы ў параўнанні з цяперашняй нязмернай славай. Бо, калі мінучае слаўнае, то нашмат больш слаўнае тое, што трывае.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 99 (98), 5. 6. 7. 8. 9  (Р.: пар. 9c)

Рэфрэн: Ты Найсвяцейшы, Божа наш і Пане.

5. Узвялічвайце Пана, *
Бога нашага,
пакланіцеся ў падножжа Ягонага, *
бо Ён святы.

Рэфрэн:

6.  Майсей і Аарон сярод Яго святароў, *
і Самуэль сярод тых, хто заклікаў імя Ягонае:
яны клікалі Пана, *
і Ён адказваў ім.

Рэфрэн:

7.  Прамаўляў да іх *
у слупе воблака,
яны захоўвалі запаведзі *
і загады, што Ён даў ім.

Рэфрэн:

8. Божа наш, Пане, *
Ты ім адказаў,
Богам літасцівым Ты быў для іх, *
але караў іх за правіны іхнія.

Рэфрэн:

9. Узвялічвайце Пана, *
Бога нашага,
і пакланіцеся на гары Яго святой, *
бо святы Пан, Бог наш.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 18, 20–39

Няхай пазнае народ гэты, што Ты Бог, і Ты навернеш сэрца іхняе

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Кароль Ахаб паслаў да ўсіх сыноў Ізраэля і сабраў усіх прарокаў на гары Кармэль. І падышоў Ілля да ўсяго народу, і сказаў: Ці доўга будзеце хістацца ў два бакі? Калі Пан ёсць Богам, то ідзіце за Ім, а калі Бааль, то ідзіце за ім. І не адказаў народ яму ні слова.

І зноў сказаў Ілля народу: Я адзін застаўся прарок Пана, а прарокаў Бааля чатырыста пяцьдзесят чалавек. Няхай дадуць нам двух цялят, і няхай яны выберуць сабе адно цяля, і рассякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню не падкладаюць. Я ж падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, але агню не падкладу. Вы заклікайце імя бога вашага, а я буду заклікаць імя Пана. І той Бог, які дасць адказ праз агонь, ёсць Богам. І сказаў у адказ увесь народ: Добрая прапанова.

І сказаў Ілля прарокам Бааля: Выберыце сабе адно цяля і падрыхтуйце першымі, бо вас шмат, і заклікайце імя бога вашага, але агню не падкладайце.

Узялі яны цяля, якое было дадзена ім, і падрыхтавалі, і заклікалі імя Бааля з раніцы да поўдня, кажучы: Баале, пачуй нас! Але не было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны вакол ахвярніка, які зрабілі. Калі настаў поўдзень, Ілля пачаў смяяцца з іх, кажучы: Крычыце мацней, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, або заняты чым-небудзь, або ў дарозе, а, можа, ён спіць, то няхай прачнецца. І пачалі яны моцна крычаць і калоць сябе паводле свайго звычаю нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.

Мінуў поўдзень, а яны ўсё яшчэ прарочылі аж да часу вечаровага ахвярапрынашэння, але не было ні голасу, ні адказу, ні знаку ўвагі.

Тады Ілля сказаў усяму народу: Ідзіце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён жа аднавіў разбураны ахвярнік Пана. І ўзяў Ілля дванаццаць камянёў, па колькасці каленаў сыноў Якуба, якому Пан сказаў: Ізраэль будзе імя тваё. І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Пана, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасцю дзвюх сатаў зерня, і паклаў дровы, і рассек цяля, і паклаў яго на дровы, і сказаў: Напоўніце чатыры збаны вадою і вылейце на ахвяру ўсеспалення і на дровы. Потым сказаў: Зрабіце гэта другі раз. Калі яны зрабілі другі раз, сказаў: Зрабіце тое ж трэці раз. І зрабілі трэці раз, і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.

У час вечаровага ахвярапрынашэння падышоў прарок Ілля і сказаў: Пане, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраэля, няхай пазнаюць у гэты дзень, што Ты адзіны Бог у Ізраэлі, і што я, слуга Твой, зрабіў усё паводле слова Твайго. Пачуй мяне, Пане, пачуй мяне. Няхай пазнае народ гэты, што Ты, Пане, Бог, і Ты навернеш сэрца іхняе.

І сышоў агонь Пана, і паглынуў ахвяру ўсеспалення і дровы, і камяні, і пыл, і праглынуў ваду, якая была ў рове. Убачыўшы гэта, увесь народ упаў ніцма і сказаў: Пан ёсць Богам, Пан ёсць Богам!

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 16 (15), 1–2а. 4.  5 і 8.  11  (Р.: 1)

Рэфрэн: Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся.

1. Захавай мяне, Божа, *
бо на Цябе спадзяюся,
2. Сказаў я Пану: *
Ты — мой Пан.

Рэфрэн:

4. Тыя, хто ідзе за чужымі багамі, *
памнажаюць свае цярпенні.
Я не буду ліць іхніх крывавых ахвяраў, *
іх імёнаў не вымавяць мае вусны.

Рэфрэн:

5. Пан частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.
8. Пан заўсёды перад маімі вачыма, *
бо Ён праваруч мяне, я не пахіснуся.

Рэфрэн:

11. Ты дарогу жыцця мне пакажаш, *
паўната радасці перад Табою,
вечнае шчасце *
праваруч Цябе.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пс 25 (24), 4b. 5а
Навучы мяне сцежкам Тваім, Пане,
вядзі мяне ў праўдзе Тваёй.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 5, 17–19

Не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.06.2010 15:07
 
© 2003-2024 Catholic.by