Панядзелак — адзінаццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Кар 6, 1–10

Выяўляем сябе як слугаў Божых

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна. Бо Ён кажа:

У час спрыяльны Я пачуў цябе,
і ў дзень збаўлення дапамог табе.

Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення.

Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не знайшлося заганы ў нашым служэнні, а ва ўсім выяўляем сябе як слугаў Божых: у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску, пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце, у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай, у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і ў левай руцэ, праз славу і бясслаўе, праз ганьбу і пахвалу. Мы нібы ашуканцы, але праўдзівыя; нібы невядомыя, але нас пазнаюць; нібы паміраючыя, але вось мы жывём; нібы пакараныя, але не забітыя; нібы засмучаныя, але заўсёды радуемся; нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 98(97), 1. 2–3аb. 3сd–4 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Паказаў Пан сваё збаўленне.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць *
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 21, 1–16

Набот укаменаваны і памёр

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У той час:

У Набота ізрээляніна быў ў Ізрээлі вінаграднік каля палаца Ахаба, караля самарыйскага. І сказаў Ахаб Наботу: Аддай мне свой вінаграднік, і я зраблю з яго сад з гароднінай, бо ён блізка да майго дома. А замест яго дам табе вінаграднік лепшы за гэты, або, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе. Але Набот адказаў яму: Пан забараняе мне, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх.

І прыйшоў Ахаб да дому свайго устрывожаны і раззлаваны тым словам, якое сказаў яму Набот ізрээлянін, кажучы, “не аддам табе спадчыны бацькоў маіх”. І лёг на ложак свой, і адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба. І ўвайшла да яго жонка ягоная Ізабэль, і сказала яму: Чаму засмучана душа твая, чаму ты не ясі хлеба? Ён адказаў ёй: Бо я гаварыў з Наботам ізрээлянінам і сказаў яму: аддай мне вінаграднік свой за срэбра, або, калі пажадаеш, дам табе іншы вінаграднік замест гэтага. Тады ён сказаў: Не аддам табе вінаградніку майго. І сказала яму Езабэль, жонка ягоная: Ты цяпер валадарыш над Ізраэлем. Устань, еш хлеб і будзь спакойны: я здабуду табе вінаграднік Набота ізрээляніна.

І напісала яна ад імя Ахаба лісты, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала старэйшынам і знатным, якія былі ў ягоным горадзе і жылі з Наботам. У лістах яна пісала так: Абвясціце пост і пасадзіце Набота на чале народу, і насупраць яго пасадзіце двух нягодных людзей, якія б сведчылі супраць яго,  кажучы: Ты зневажаў Бога і караля. Потым выведзіце яго і ўкаменуйце, каб ён памёр. І зрабілі так мужы горада ягонага, старэйшыны і знатныя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Ізабэль, і як пісана было ў лістах, якія паслала ім. Абвясцілі пост і пасадзілі Набота на чале народу. І ўвайшлі два нягодныя чалавекі, і селі насупраць яго, і сведчылі гэтыя нягодныя людзі супраць яго перад народам, і казалі: Набот зневажаў Бога і караля. І вывелі яго за горад, і пабілі яго камянямі, і ён памёр. І паслалі да Ізабэлі сказаць: Набот укаменаваны і памёр.

Калі Ізабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала Ахабу: Устань, вазьмі ва ўладанне вінаграднік Набота ізрээляніна, які адмовіўся аддаць яго табе за срэбра, бо Набот не жывы, ён памёр. Калі пачуў Ахаб, што Набот памёр, устаў, каб пайсці ў вінаграднік Набота ізрээляніна і ўзяць яго ва ўладанне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 5, 2–3. 5–6. 7 (Р.: 2b)

Рэфрэн: Пане, зразумей стагнанні мае.

2. Пачуй, Пане, мае словы, *
зразумей стагнанні мае.
3. Прыслухайся да голасу крыку майго, *
Валадар і Бог мой, бо да Цябе малюся.

Рэфрэн:

5. Бо Ты Бог, які не жадае беззаконня, *
грэшнік не будзе жыць каля Цябе.
6. Несправядлівыя не вытрываюць *
перад Тваімі вачыма.

Рэфрэн:

7. Ты ненавідзіш усіх, хто чыніць беззаконне. *
Загубіш тых, хто кажа хлусню;
чалавек крыважэрны і падступны *
брыдкі для Пана.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 119 (118), 105
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Тваё — светач для маёй нагі
і святло для маёй сцежкі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 5, 38–42

Я вам кажу не працівіцца злому

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.06.2010 16:13
 
© 2003-2024 Catholic.by