Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса | Друк |
qqqАбяцанні, якія даў Езус Хрыстус св. Маргарыце Марыі Алякок для тых, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца:
  1. Дам ім усе неабходныя ласкі.
  2. Згода і спакой будуць панаваць у іх сем’ях.
  3. Буду суцяшаць іх у кожным смутку.
  4. Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, а асабліва – пры смерці.
  5. Удзялю шчодрае благаслаўленне ўсім іхнім пачынанням.
  6. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці.
  7. Абыякавыя душы стануцца адданымі.
  8. Адданыя душы хутка дойдуць да вышыняў дасканаласці.
  9. Буду благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца.
  10. Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы.
  11. Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў Ім назаўсёды.
  12. Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць святую Камунію, Мая ўсемагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць ні ў стане без Маёй ласкі, ні без cвятых сакрамэнтаў, і што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у часіну смерці.

qqqЛітанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон,
       Хрыстэ, элейсон,  Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
       Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
       – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
       – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
       – змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа,
       – змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці
Духам Святым створанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, са Словам Божым
істотна з’яднанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, святыня Бога,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
палымнеючае вогнішча міласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
справядлівасці і любові скарбніца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усіх цнотаў глыбіня бяздонная,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усялякай хвалы найдастойнейшае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы
мудрасці і ўмеласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
упадабанне Айца Нябеснага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
цярплівае і вялікай міласэрнасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх,
хто да Цябе звяртаецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, крыніца жыцця
    і святасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
уміласціўленне за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
злачынствамі нашымі змучанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
паслухмянае ажно да смерці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дзідай прабітае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
крыніца ўсялякага суцяшэння,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жыццё і ўваскрашэнне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
супакой і паяднанне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жывая ахвяра за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, збаўленне тых,
хто на Цябе спадзяецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, надзея тых,
хто ў Табе памірае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, радасць усіх святых,
       – змілуйся над намі.

Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – даруй нам, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – змілуйся над намі.

С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,
Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

Молімся:
Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.
Н.: Амэн.

qqqПрысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.
Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.
С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі,
о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.
Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.
С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.
Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.

qqqПерапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса

С.: Пане Езу Хрыстэ, мы, што сабраліся ў гэтай святыні, хочам пакланіцца Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу, поўнаму бязмежнай любові. Усведамляючы сваю няўдзячнасць і зневажанне Тваёй любові, хочам перапрасіць Цябе за нашыя грахі.

С.:
За грэх бязвер’я, за знішчэнне веры ў сэрцах дзяцей і моладзі, за пагарджанне Тваімі запаведзямі ў нашым асабістым і грамадскім жыцці, за тое, што хоць і з’яднаныя мы з Табою праз святы хрост, але не імкнемся больш пазнаць і палюбіць Цябе.
Н.: Даруй, Пане, даруй народу Твайму, бо навекі міласэрнасць Твая.
С.: За знявагу святаў, за непатрэбную працу ў нядзелю і святочныя дні, а таксама за марнаванне часу коштам святой Імшы і нягоднае прыманне святой Камуніі, за ўсялякую абыякавасць у адносінах да Цябе, які прысутнічаеш у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Н.: Даруй, Пане, даруй...
С.: За разбіццё сужэнстваў і парушэнне сужэнскай вернасці, за забойства ненароджаных дзяцей, за грахі п’янства, за распусту і за кожны дрэнны прыклад, які мы далі нашым бліжнім.
Н.: Даруй, Пане, даруй...
С.: За нешанаванне грамадскай маёмасці, за несумленнасць у працы, за ўсялякую нядобразычлівасць і абыякавасць да патрэбаў людзей, за ўсё, што супярэчыць Тваёй запаведзі любові.
Н.: Даруй, Пане, даруй...
С.: За недахоп мужнасці ў вызнаванні Цябе і адказнасці за Твой Касцёл, за тое, што ставілі матэрыяльныя каштоўнасці вышэй за Цябе, за абыякавасць бацькоў і дарослых да хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі, за тое, што не сведчым аб Табе ў свеце, які нас акружае.
Н.: Даруй, Пане, даруй...

С.: Пане, пачуй малітвы нашыя.
Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць.

Молімся: Сэрца Езуса, найдастойнейшае любові, у знак нашай удзячнасці
і дзеля направы крыўды, нанесенай Табе праз нашыя правіны, аддаем Табе нашыя сэрцы і абяцаем, з ласкі Тваёй больш ніколі не абражаць Цябе. Просім, умацуй нас у гэтым пастанаўленні.
Н.: Амэн.

qqqМалітва да Хрыста Валадара

Пане Езу Хрыстэ, прызнаем Цябе за Валадара сусвету. Усё, што сталася, створана для Цябе. Ажыццяўляй адносна нас усе Твае правы. Аднаўляем абяцанні, якія мы давалі ў час хросту. Выракаемся сатаны і ўсялякай яго пыхі, і ўсіх спраў ягоных і абяцаем жыць, як належыць добрым хрысціянам, а перадусім абавязваемся рабіць усё дзеля таго, каб перамаглі правы Бога і Твайго Касцёла. Боскае Сэрца Езуса, ахвяруем Табе нашыя добрыя памкненні дзеля таго, каб усе сэрцы прызналі Тваю святую каралеўскую ўладу і каб Валадарства Твайго супакою ўмацавалася ва ўсім свеце. Амэн.

Адноўлена 19.08.2010 10:52
 
© 2003-2024 Catholic.by