Курапацкі Крыжовы шлях | Друк |


Падрыхтаваў бр. Эмануэль Юран

Ёсць у Мінску святое месца — Курапаты. Там спачываюць тысячы нашых продкаў, што былі забіты камуністычнымі злачынцамі. Многія з іх аддалі сваё жыццё толькі таму, што былі беларусамі і хацелі, каб наш край сапраўды станавіўся штораз больш беларускім. Шчыра веру, што прабываюць яны ў Доме Айца Нябеснага, што радуюцца жыццю вечнаму. І таксама веру, што могуць быць нашымі заступнікамі перад Богам, могуць быць вялікім прыкладам для нас. Курапаты могуць стаць магутным сімвалам нашай беларускай салідарнасці, нацыянальнай памяці.

Будзем прыходзіць у Курапаты, каб падумаць, памаліцца, запаліць зніч. Каб быць беларусам, памятаць аб беларусах і перадаць гэтую памяць наступным пакаленням.

 

 

Курапацкая малітва

Усемагутны Божа, Валадар сусвету! Скіруй свой лагодны позірк на народ наш беларускі. Змілуйся над намі, грэшнымі, пачуй нас у вялікай любові Тваёй з гэтай зямлі Курапацкай, палітай крывёю сыноў і дачок Радзімы нашай і народаў многіх, і смерцю іх мучаніцкай асвячонай. Зламі прыгнёт, дай волю і шчасце народу. Навучы нас крочыць Тваімі шляхамі ва ўсе дні жыцця нашага. Амэн.

 


Курапацкі Крыжовы шлях

За Айчыну трэба цярпець, а нават паміраць (бл. Ежы Папялушка)

Молімся, каб мы былі вольныя ад страху, запалохвання, але перадусім ад прагнення помсты і насілля.

aСтацыя 1

Езус асуджаны ны смерць

Асуджалі і катавалі за мову, за культуру, за беларускасць, за Веру, за Праўду. Езу, Ты ведаеш, як гэта балюча — быць асуджаным на пакаранне, не маючы ніякай віны. Прымі ў Валадарства сваё дзяцей Зямлі нашай, закатаваных нявінна шматлікімі тыранамі.

aСтацыя 2

Езус бярэ крыж

Як гэта? Свядома браць свой крыж? Маглі ўцячы, адмовіцца, супрацоўнічаць... Але не здрадзілі Табе, сваёй Веры, сваёй Праўдзе, не адракліся таго, што найбольш цанілі ў сваім жыцці. Навучы нас, Езу, так, як Ты, як нашыя продкі, быць вернымі...

aСтацыя 3

Езус падае першы раз

Колькі падзенняў, страху, нянавісці! Хтосьці мог быць такім адданым, такім рашучым. Але ўпаў... Здрадзіў сваім, пайшоў на бок хлусні і цемры... Езу, прабач, дапамажы паўстаць, дапамажы навярнуцца.

aСтацыя 4

Езус сустракае сваю Маці

Маці... Сапраўдная Маці заўсёды любіць, заўсёды побач, матчынае сэрца заўсёды баліць за сваю крывіначку. Якая ж трагедыя, якое мучэнне для Маці-беларускі бачыць, як яе каханае дзіцятка пакутуе, як злосны кат бязлітасна здзекуецца над так мілым сыночкам, дачушкай. Езу Добры, праз заступніцтва Тваёй Балеснай Маці суцеш, загаі цяжкія раны сэрца беларускіх маці-пакутніц.

aСтацыя 5

Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці Крыж

Божа, Ты стварыў усіх нас братамі і бліжнімі. Не дазволь нам быць чужымі, халоднымі, абыякавымі да цярпення іншага чалавека. Ты, мой брат, каго зваць беларусам, не стой у баку, разам будзем несці наш крыж.

aСтацыя 6

Вераніка выцірае твар Езуса

Жанчына... Не можа быць абыякаваю да людскога цярпення. Будзе як маці для сіротаў, яе малітвы падтрымаюць мужчыну, яе дабрыня і чуласць растопяць ледзяное сэрца.

aСтацыя 7

Езус падае другі раз

Божа, прабач, калі падаем, здраджваем. Езу, дай нам сілы дапамагаць іншым падняцца.

aСтацыя 8

Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Няма ўжо сіл... Гэта канец... Страчана надзея... Ніхто нам не дапаможа... Колькі разоў мы гэта чулі!? Колькі разоў мы гэта адчувалі!? Нашая слабасць, наш лямант, бяссілле. Як жа нам патрэбна тады Тваё суцяшэнне, Пане. Ты так пакутуеш! Па-людску, Ты цалкам знішчаны і нічога не варты. Якую ж вялікую надзею і суцяшэнне можаш даць нам, нікчэмным.

aСтацыя 9

Езус падае трэці раз

Падымі, о Пане, наш Край, які ўпаў у сваім бяспамяцтве, у зле, у нянавісці. Цяжка, але трэба ісці, трэба быць... Езу, Ты — наша сіла.

aСтацыя 10

З Езуса здзіраюць адзенне

Дзеці, старыя, жанчыны, мужчыны, простыя беларусы і знакамітыя творцы, вучоныя... Бязлітасны кат знішчае ўсё, што яны маюць на гэтым свеце, прыніжае, як гэта толькі магчыма. О церпячы Езу, верым, што Ты быў побач з імі, што не пакінуў, быў Тым, каго ў нявінных ніводзін злачынца не ў стане адабраць.

aСтацыя 11

Укрыжаванне Езуса

Балючыя раны, безвыходнасць, трыумф прыгнятальнікаў. Дзякуем, Езу, што быў тады з намі.

aСтацыя 12

Езус памірае на крыжы

Смерць невядомая... Без блізкіх, без спачуваючых, у цемры...

aСтацыя 13

Езуса здымаюць з крыжа на рукі Маці

Маці нявінна асуджаных, маліся за нас.  
Маці катаваных і бязлітасна забітых, маліся за нас.  
Маці карнікаў і забойцаў, маліся за нас.
Маці абыякавых, маліся за нас.  
Маці баязлівых і здраднікаў, маліся за нас.

aСтацыя 14

Езуса кладуць у грабніцу

Што за магіла?... Яма ў лесе, сотні мёртвых целаў. Адзін на адным... Ані прыгожай труны, ані кветак, ані святара... Толькі халодная зямля. Езу, не дазволь нам забыць магілы тых, хто аддаваў жыццё за нашу свабоду, нашых продкаў, якія сталі ахвярамі жудаснай чырвонай машыны смерці.


«Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў Яго ў крыві Ягняці. Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні. І той, хто сядзіць на троне, раскіне над імі свой шацёр. Яны ўжо не будуць ні галадаць, ні прагнуць, і не будзе паліць іх сонца і ніякая спёка, бо Ягнё, якое пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады. І вытра Бог кожную слязу з іхніх вачэй»
(Ап 7, 14–17).

 


 

Адноўлена 03.03.2017 10:43
 
© 2003-2024 Catholic.by