Пра адпусты | Друк |

Касцёл не толькі заахвочвае да дабрачыннасці і пакаяння, але жадае таксама дапамагчы хрысціяніну праз заслугі Езуса Хрыста і святых атрымаць ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі.

Хрысціянін, які ўчыніў грэх, пасля споведзі атрымлівае адпушчэнне віны і дараванне вечнай кары за гэты грэх. Аднак споведзь не выбаўляе нас ад часовай кары за грахі, якую нам трэба адбыць на зямлі альбо ў чыстцы. Ад гэтай часовай кары за нашыя грахі выбаўляе нас праз адпусты Касцёл па праву даручанай яму ўлады. Дзякуючы адпустам вернікі могуць атрымаць выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы. Папа Павел VI ліквідаваў адпусты, акрэсленыя канкрэтным часам (напр., колькасцю дзён ці гадоў), бо ў вечнасці няма часу.

Поўнае альбо частковае адпушчэнне кары за грахі, звязана з выкананнем пэўных умоваў. Для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі,  прыняць святую Камунію, быць вольным ад  усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, прачытаць малітву ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш... Вітай, Марыя... і Веру ў Бога... Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да альбо пасля ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыі Святога Айца мелі месца ў гэты ж дзень.

Вось пералік некаторых поўных і частковых адпустаў, пададзеных Апостальскай Пенітэнцыярыяй 29 чэрвеня 1969 г.:

  1. за наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту – частковы адпуст; за адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу 30 хвілін – поўны адпуст;
  2. за атрыманне папскага  благаслаўлення (непасрэдна альбо па радыё ці тэлебачанні) Urbi et Orbi (гораду і свету) – поўны адпуст;
  3. за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца нават тры дні – поўны адпуст;
  4. за наведванне могілак з 1 па 8 лістапада і малітву за памерлых – поўны адпуст; у іншыя дні – частковы адпуст;
  5. за ўдзел ва ўрачыстым эўхарыстычным абрадзе на заканчэнне эўхарыстычнага кангрэсу – поўны адпуст;
  6. за чытанне малітвы Душа Хрыстова – частковы адпуст;
  7. за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу 30 хвілін з належным ушанаваннем слова Божага – частковы адпуст;
  8. за малітву на ружанцы (адной з частак Ружанца) з разважаннем таямніц у касцёле, у публічнай капліцы, у сям'і, у манаскай супольнасці, у пабожным таварыстве – частковы адпуст;
  9. за наведванне касцёла ў дзень парафіяльнага адпусту ці ў дзень апекуна гэтага касцёла альбо капліцы – поўны адпуст.
Адноўлена 19.08.2010 13:17
 
© 2003-2021 Catholic.by