Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XVII Звычайную нядзелю, Год В (26 ліпеня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
21.07.2015 19:46

Каментарый да літургіі

На кожнай Эўхарыстыі мы назіраем цудоўнае памнажэнне хлеба, якое адбываецца моцай Святога Духа. Езус запрашае нас да алтара, каб сустрэцца з Ім. І адначасова дае сілы на час зямнога паломніцтва.

На пачатку святой Імшы перапросім Бога за нашыя грахі і недахопы, просячы Хрыста аб ласцы духоўнага аздараўлення і сустрэчы з Ім пад выглядам хлеба і віна.

Каментарый да літургіі слова


Літургія слова сёння звяртае ўвагу на праўду, што кожны чалавек, асабліва хрысціянін, мае патрэбу ў хлебе не толькі для жыцця, але і ў хлебе, які падтрымлівае цела і асабліва душу.

У першым чытанні становімся сведкамі памнажэння хлеба, якое з’яўляецца прэлюдыяй да цуду Эўхарыстыі, аб якім пачуем у Евангеллі. Псальміст спявае Богу аб тым, што Ён насычае нас удосталь.

Адкрыем свае сэрцы на Божае слова.

Малітва вернікаў

Сабраныя пры алтары Езуса Хрыста, прадставім Богу малітвы нашых сэрцаў:

1. Молімся за Касцёл Святы, каб няспынна паказваў свету міласэрнасць і любоў Божую. Цябе просім…
2. Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб праз сведчанне свайго жыцця набліжалі людзей да Бога. Цябе просім…
3. Молімся за людзей няверучых, каб праз сведчанне хрысціян пазналі вартасць жыцця з Богам. Цябе просім…
4. Молімся за пераследаваных хрысціян, каб з адвагай ішлі за Хрыстом. Цябе просім…
5. Молімся аб ласцы міласэрнасці і радасці прабывання з Богам у небе для памерлых. Цябе просім…
6. Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб ласка Пана Бога перамяняла нашыя сэрцы і напаўняла Яго дарамі. Цябе просім…

Езу Хрыстэ, прымі нашыя малітвы і прадстаў іх Айцу ў небе. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Апрацавала с. Людміла Леўдаровіч MChR

 
© 2003-2024 Catholic.by