Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XVIII Звычайную нядзелю, Год В (2 жніўня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
30.07.2015 21:00

Каментарый да літургіі

Пан Бог заўсёды ўмацоўвае нашую слабую веру цудамі. Найбольшым цудам у нашым зямным жыцці з’яўляецца цуд перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. На пачатку супольнай Эўхарыстыі просім Усемагутнага Бога, каб умацаваў нашую веру, адкрыў вочы на бачанне Яго цудаў. Усвядомім яшчэ раз, што без духоўнага Спажытку мы станем слабыя ў зямным пілігрымаванні.

Каментарый да літургіі слова

“Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб”.

Літургія сённяшняга Божага Слова засяроджвае нашую ўвагу між іншым на дзвюх рэчах. Па-першае, цуды Бога дадзены чалавеку. У першым чытанні мы чуем, як Бог корміць свой народ мясам і хлебам. Народ увесь час наракае на Бога, а Ён цярпліва паказвае цуды і корміць чалавека, якога вельмі любіць. У Евангеллі сустракаемся з просьбай народа, каб Езус учыніў цуд. Такі ёсць кожны чалавек. Кожны з нас патрабуе цудаў і мае іх у жыцці, але не заўсёды здольны іх убачыць. Езу, адкрый нашыя вочы на бачанне Тваіх знакаў і цудаў, умацоўвай нашую веру.

Таксама у літургіі слова бачым цялесную і духоўную прагу чалавека. Бог насычае. У Старым Запавеце дае манну з неба, а ў Новым кажа, што Ён з’яўляецца спажыткам. “Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць”. Пане, дай разуменне, што толькі Ты здольны накарміць голад нашых сэрцаў. “Давай нам заўсёды такі хлеб”.

Малітва вернікаў

Знаходзячыся ў нядзельны дзень каля алтара Хрыста, з вялікім даверам узнясём свае просьбы:

1. Молiмся за святы Касцёл, каб абвяшчаў свету Евангелле Хрыста i вёў людзей да пазнання Бога.
2. Молiмся за нашую Айчыну, каб вышэй за ўсё ставiлiся ў ёй хрысцiянскiя
каштоўнасцi, а людзi былi напоўненыя супакоем i радасцю.
3. Молiмся за нашыя сем’i, каб будавалi сваё шчасце на Хрысце, iдучы за святлом веры.  
4. Молiмся за моладзь усяго свету, каб была верная Хрысту і Касцёлу і давала сведчанне паміж сваіх сяброў.
5. Молiмся за нашу парафiю, каб Дух Святы мог здзяйсняць цуды, а тыя, хто іх зведаў, прыносілі плён праз розныя служэнні.
6. Молiмся за нас, удзельнiкаў гэтай святой Iмшы, каб сённяшняя сустрэча з Хрыстом дапамагла нам распазнаць, як мы можам лепш служыць Богу. Просiм, каб з дапамогай Божай ласкi мы знайшлi ў сабе адвагу на першае месца ў сваiм жыццi паставiць Хрыста i Яго Слова.

Божа, прымі нашыя малітвы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

 
© 2003-2024 Catholic.by