Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XXV Звычайную нядзелю, Год В (20 верасня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
17.09.2015 16:49

Каментарый да літургіі

Мы прыходзім да Езуса, да крыніцы Божай ласкі, каб карміцца Словам і Целам Збаўцы. Эўхарыстыя — гэта асобаснае спатканне чалавека з Хрыстом, які ёсць святлом і ўказальнікам на дарогах пілігрымавання да жыцця вечнага.

Каб мы маглі ў паўнаце ўдзельнічаць у таямніцах збаўлення, мы павінны станавіцца перад Богам у прастаце сэрца, як дзіця, і перапрасіць Айца за зло, якое стала нашым удзелам.

Каментарый да літургіі слова

Сёння Бог прыходзіць да нас у Слове, якое мае моц аздараўлення і супакойвання нашага сэрца. Як умілаваныя дзеці Бога, мы прагнем услухоўвацца ў мудрасць Створцы, якая поўная міласэрнасці.

Каб мы маглі прыносіць благаслаўлёныя плёны хрысціянскага жыцця, нам трэба з пакорай і прастатой дзіцяці прыняць Божую навуку, якую Бог да нас скіроўвае, і рэалізаваць яе ў жыцці.

Малітва вернікаў

Адкрыем нашы сэрцы перад Айцом, які ў небе, і ўзнясём да Бога нашы малітвы:

1. За Касцёл святы, каб вакол Езуса і Яго Крыжа збіраў усіх людзей, аддаленых ад Яго.
2. За ўсіх хрысціян, каб, кормячыся Словам і Целам Хрыста, чэрпалі сілы для сведчання аб Ім у жыцці.
3. За тых, якія страцілі ласку веры, каб маглі яшчэ раз спаткаць Хрыста і вярнуцца ў супольнасць веруючых.
4. За хворых і церпячых, каб ішлі за Панам, несучы свой крыж штодзённых цярпенняў.
5. За памерлых, каб спазналі ласку міласэрнасці ад нашага Збаўцы — Езуса Хрыста.
6. За нас саміх, каб сваю прыналежнасць да Хрыста мы пацвярджалі сведчаннем штодзённага жыцця паводле Евангелля.

Выслухай нас, усемагутны Божа, і ўчыні, каб мы, верныя Тваёй навуцы, нястомна цешыліся Тваёй дапамогай і заслужылі ўзнагароду вечнага жыцця. Амэн.

(JM)

 
© 2003-2024 Catholic.by