Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на V Нядзелю Вялікага посту (2 красавіка), Год А | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
31.03.2017 12:24

Каментарый да літургіі

Літургія сённяшняй нядзелі паступова набліжае нас да светлага хвалебнага свята Уваскрасення Хрыста.

Святая Імша — гэта асаблівы Божы дар для кожнага з нас, таму што праз уважлівае слуханне Божага слова і прыняцце св. Камуніі ўмацоўваецца наша хрысціянская вера — вера ў тое, што жыццё чалавека на зямлі мае пэўны сэнс: здабыць вечнае жыццё ў Нябесным Валадарстве.

Пан Бог скіроўвае сёння да нас вельмі моцнае абяцанне: «Я — уваскрасенне і жыццё, — кажа Пан, — хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі».

Каментарый да літургіі слова

У першым чытанні з кнігі прарока Эзэхіэля Бог запэўнівае: «І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай…». Бог заўсёды верны і выконвае свае абяцанні, таму аднаўляе надзею на тое, што жыццё чалавека не скончыцца момантам смерці і пахаваннем цела ў магіле.

Чалавек павінен памерці для граху, тады душа будзе жыць.

З Евангелля паводле Яна мы пачуем, як Езус уваскрасіў свайго сябра Лазара пасля чатырох дзён знаходжання ў магіле. Для Бога няма нічога немагчымага. Калі мы паверым з надзеяй ва ўсемагутнасць Хрыста і ў нашым жыцці, тады яшчэ больш дасягнём духоўнай дасканаласці.

Малітва вернікаў

З надзеяй на тое, што Пан Бог заўсёды чуе малітвы сваіх верных дзяцей, скіруем да Яго свае просьбы:

  • Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб з годнасцю абвяшчаў праўду аб тым, што Езус Хрыстус ёсць уваскрасеннем і жыццём.
  • Молімся за біскупаў і святароў, якія ў час Вялікага посту праводзяць рэкалекцыі, каб, узмоцненыя дарамі Святога Духа, заклікалі людзей да навяртання і веры ў Евангелле.
  • Молімся аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, каб у кожнай парафіі было дастаткова святароў, якія будуць абвяшчаць Евангелле.
  • Молімся за ўсіх неахрышчаных, каб адкрылі свае сэрцы на Божае слова, паверылі ў Езуса Хрыста і прынялі сакрамэнт святога хросту.
  • Молімся за тых, што шукае працу, каб з Божаю дапамогаю змаглі яе знайсці і заўсёды добрасумленна выконвалі свае абавязкі на хвалу Божую.
  • Молімся за душы, якія церпяць у чыстцы, каб добры Бог хутчэй прыняў іх у Валадаства вечнага жыцця, радасці і супакою.
  • Молімся за нас, сабраных сёння на нядзельнай святой літургіі, каб мы з вераю прынялі Божае слова і праз годнае жыццё на зямлі змаглі здабыць жыццё вечнае.

Усемагутны вечны Божа — крыніца радасці, надзеі і жыцця, пачуй і прымі нашы пакорныя просьбы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

 
© 2003-2024 Catholic.by