Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на V Велікодную нядзелю, Год А (14 мая) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
09.05.2017 11:35

Каментарый да літургіі

Нядзельная cвятая Імша — гэта асаблівы момант спаткання з Жывым Богам. Ён першы нас кліча, але ад нас залежыць, ці адбудзецца гэтае спатканне. Сам вялікі Бог хоча карміць нас Сваім Словам і Целам, гэтага не маюць нават анёлы ў небе.

Ці ўсведамляем мы веліч свайго хрысціянскага паклікання, ці гэта для нас проста традыцыя? Калі Хрыстус з’яўляецца нашай дарогай, праўдай і жыццём, то ўсё на сваім месцы. Няхай Дух Святы ўзмацняе нашу веру, каб мы не марнавалі каштоўныя дары нашага Пана.

Каментарый да літургіі слова

«Няхай не трывожыцца сэрца вашае» — як жа важна сёння пачуць такія словы ад Збаўцы. Можна параўнаць гэта з дотыкам Бога да нашага сэрца. Ён побач! Ён чакае нас! Ён клапоціцца пра нас!

Вельмі часта мы не разумеем, што значыць для нас сапраўднае жыццё. Мы баімся яго і не жывём сваімі думкамі, пачуццямі, жаданнямі. Мы не згаджаемся прыняць саміх сябе. Ён кажа нам, што Ён з’яўляецца для нас жыццём. Няхай гэта святочная нядзеля напоўніць нас надзеяй на шчасце будучага жыцця.

Малітва вернікаў

Перажываючы Велікодны час, даверым Усемагутнаму Богу ў малітве патрэбы нашы і ўсяго свету.

  1. Молімся за Святога Айца Францішка, каб яго навучанне і прыклад жыцця былі знакам Божай любові да кожнага чалавека.
  2. Молімся за Святы Касцёл, каб сярод заганаў гэтага свету быў светачам праўды і міласэрнасці.
  3. Молімся за тых, хто кіруе нашай краінай, аб мудрасці і любові ў спаўненні сваіх абавязкаў.
  4. Молімся за дзяцей і моладзь, каб умацаваныя добрым прыкладам старэйшых, былі заўсёды верныя Хрысту.
  5. Молімся за дзяцей, якія ў гэтым годзе прымуць Першую святую Камунію, каб назаўсёды засталіся верныя Хрысту.
  6. Молімся за нас, каб ў сваім штодзённым жыцці бачылі побач прысутнасць Жывога Бога.

Божа, Ты аказваеш нам сваю любоў, выслухай нашыя малітвы і ўчыні, каб нашае жыццё было згоднае з вызнаванай верай. Праз Хрыста, нашага Пана. Амэн

c. Таццяна Гмыза SJE

Адноўлена 09.05.2017 11:39
 
© 2003-2024 Catholic.by