Бог чакае кожнага. Гамілія на 16 чэрвеня | Друк |
Нядзельнае казанне
14.06.2013 17:41

Дарагія браты і сёстры! Напэўна, многія з нас задумваліся над сваім жыццём і, калі параўноўвалі яго з жыццём некаторых святых, на сэрцы рабілася вельмі сумна. Наколькі мы яшчэ далёкія ад тых узнёслых ідэалаў, пра якія напісана ў жыццярысах некаторых святых. І калі мы так разважаем, то ў нашым сэрцы могуць узнікнуць такія або падобныя пытанні: ці любіць Бог мяне, такога недасканалага? Ці імкнуся я да святасці? Якая павінна быць святасць у маім жыцці?

Дарагія! Калі так разважаем, можа з’явіцца безліч падобных пытанняў, якія могуць нас карэнным чынам непакоіць. Але, каб паспяхова адказаць на падобныя пытанні, трэба разгледзець іншае: ці хачу я быць святым? У сучасным свеце, чамусьці, для многіх святасць разумеецца як штосьці недасяжнае, нават фантастычнае, або як тое, чаго трэба пазбягаць, бо яно старамоднае ці неактуальнае зараз.

Калісьці адна пабожная жанчына жалілася святару, што хацела, каб яе дачка паступіла ў ліцэй сясцёр уршулянак. Там быў добры ўзровень адукацыі, ды і ў дадатак тая вучэльня была блізка ад іх дому. Але, на жаль, дачка не згадзілася, сказала: «не хачу быць святой». Значыць, для гэтай маладой дзяўчыны святасць з’яўляецца тым, чаго трэба асцерагацца. Цікава, ці граху таксама ў яе разуменні?

Дарагія! Насамрэч святасць з’яўляецца нармальным станам хрысціяніна. Праз хрост мы, як галінкі, прышчэпленыя да Хрыста, чэрпаем сок Божай ласкі, неабходны для таго, каб кожны з нас мог прыносіць духоўны плён. Бог кожнага без выключэння заклікае да святасці: «Будзьце святымі, бо Я святы!»

Канешне, лягчэй гэтую праўду ўсведамляць таму, хто захоўвае чыстае сумленне, хто стараецца верна выконваць наказы Пана, хто жыве паводле запаведзяў, удасканальваючы свой дух і набываючы цноты, хто ў сваіх руках прыносіць Богу вялікі шматтомнік добрых учынкаў. Хтосьці можа сказаць, што такому чалавеку лягчэй жыць Евангеллем і выбіраць Бога кожны дзень. Але рэчаіснасць выглядае крыху па-іншаму.

Можна таксама ісці да Бога, маючы знішчанае сумленне, з цяжарам грахоў і заганаў, імкнуцца да міласэрнага Айца з забруджанай душою, можна ісці да Яго не толькі з пустымі рукамі, але і з велізарным каталогам уласных дрэнных учынкаў, многія з якіх ужо нават нельга выправіць.

Можна ісці, а нават трэба ісці, бо гэта адзіны шанс, каб перамяніць сваё жыццё ў лепшы бок. Гэта менавіта тое мудрае рашэнне, дзякуючы якому недасканалы чалавек сустракаецца з ласкаю Божага прабачэння, праз што перамяняецца і ўдасканальваецца. І тады ў глыбіні свайго сэрца можа пачуць такія словы: «Ідзі і больш не грашы!» Але падобнае вяртанне вельмі нялёгкае і драматычнае. Патрэбна неаднойчы шмат адвагі, каб зрабіць канкрэтны крок у бок перамены сэрца і шчырага навяртання.

Умілаваныя! Існуюць дзве ўмовы, якія дазваляюць здзейсніць рашаючы крок да навяртання. Першая ўмова – гэта цалкавіты давер Богу. Богу, які нас любіць такімі, якія мы ёсць з нашай слабасцю, грэшнасцю і нікчэмнасцю. Бог любіць кожнага чалавека, як Айцец — сваё дзіця. І Ён здольны не толькі ўбачыць узровень, наколькі знішчана чалавечая душа, але перадусім бачыць яе паходжанне і вартасць. Такая праўда, што важныя і каштоўныя мы толькі для тых, хто нас любіць. Бог жа нас заўсёды любіць, таму для Яго мы заўсёды важныя і каштоўныя.

І другая ўмова – гэта ўменне ўбачыць і адчуць ступень сваёй віны. Важна ўмець браць адказнасць за свае чыны, за тое, што ў граху ёсць маім. Калі я ўсведамляю, колькі часу змарнаваў, колькі чаго ў жыцці было змарнавана – гэта вядзе да жалю. Тады я магу заплакаць над сабою, і гэтыя слёзы болю з’яўляюцца адзіным каштоўным скарбам, які я магу аддаць Богу. І, хоць рукі брудныя, сумленне таксама, адзіным сродкам для ачышчэння зраненай душы з’яўляюцца яе слёзы. Душа, якая плача, здольная аб’ектыўна ацаніць сябе. Слёзы жалю такой душы — знак яе мудрасці, а таксама гатоўнасці прыняць Божае прабачэнне.

Дарагія браты і сёстры. Праўду аб Божым прабачэнні вельмі прыгожа ілюструе прыпавесць аб марнатраўным сыне. Але не менш выдатную ілюстрацыю малюе сёння Евангелле, гераіняй якога становіцца жанчына, якая да сустрэчы з Езусам вяла распутнае жыццё.

Праз грэх яна даўно знішчыла сваю годнасць, але моцна паверыла ў тое, што ў асобе Езуса яна сустрэнецца з рэчаіснасцю Божага прабачэння. І яе жыццё, дагэтуль пазбаўленае сэнсу, дзякуючы веры ў моц Божай любові ўрэшце набывае сэнс.

Жанчына адчувае, што Езус яе па-сапраўднаму любіць, што Ён не пагарджае, не выкарыстоўвае яе, як іншыя мужчыны, адчувае, што Ён не адпіхвае яе, але прымае. Слёзы яе глыбокага жалю кранаюць сэрца Настаўніка з Назарэта. Езус убачыў яе веру і таксама ўбачыў не проста слёзы ўпаўшай жанчыны, але слёзы болю, выкліканага ўсведамленнем змарнаванага жыцця, таго вялікага доўгу, які яна ўжо самастойна не ў стане вярнуць. Езус адпускае ёй грахі і падтрымлівае словамі: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў супакоі.

Мае дарагія! Кожны з нас у большай ці меншай ступені з’яўляецца даўжніком перад Богам. І няшмат ёсць такіх людзей, нават сярод веруючых, якія разумеюць працу навяртання. Найбольш дасканала гэта разумее Бог, які цярпліва чакае кожнага, хто далёка адышоў ад дому Айца і каму патрэбнае навяртанне. Бог вельмі высока ацэньвае такога чалавека, які мае ў сабе адвагу прызнаць сваю слабасць і прыйсці да Айца Міласэрнасці са сваімі грахамі. Ці не ёсць гэта менавіта тая святасць, да якой кліча сёння мяне Бог? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:37
 
© 2003-2024 Catholic.by