Я выбіраю ўсё. Гамілія на 14 ліпеня | Друк |
Нядзельнае казанне
11.07.2013 15:17

Дарагія браты і сёстры! Шчыра вітаю вас, якія сабраліся тут у гэтай святыні, каб духоўна падрыхтавацца да падзеі, якую неўзабаве будзем перажываць. У хуткім часе мы з вамі  будзем  сустракаць рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, кармеліткі босай. Разам з вамі я таксама хачу на працягу гэтага трыдуума паразважаць на тэму святасці, наблізіць да вас асобу св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, а таксама пераказаць чарговы раз яе заклік да сучаснага чалавека, яе малую дарогу шчырага, простага даверу Богу.

Святая Тэрэза нам хоча сёння прыгадаць адну праўду: святасць – гэта заданне для кожнага чалавека, а не толькі для выбраных. Хачу заўважыць, дарагія браты і сёстры, што заклік да святасці, якім кіравалася і жыла св. Тэрэза кожны дзень, стаў крыніцай яе сапраўднага шчасця. Можа таму, што мы жывём сёння шматлікімі сучаснымі праблемамі і нашай складанай рэальнасцю, пастава і асоба гэтай манахіні-кармэліткі становіцца для нас асабліва актуальнай.

Сённяшні свет, у якім мы жывём, мае тэндэнцыю адштурхоўвання адвечных вартасцяў на задні план. Часамі нават высмейвае іх. Магчыма гэта пабочны эфект навукова- тэхнічнага прагрэсу. Як жа часта сучасны чалавек забывае, што значыць сардэчнасць, велікадушнасць, шчырасць, праўда. Яго паглынае хуткі рытм штодзённасці. Здаецца, што сёння ў нас вялікія магчымасці, але аказваецца наадварот. З аднаго боку, у нашых далонях можа быць увесь свет — дзякуючы новым тэхналогіям мы можам назіраць, што адбываецца ў найбольш аддаленым ад нас кутку Зямлі.  Але бывае, што чалавека,  які побач, мы ўжо не заўважаем. Можа зараз час, каб задумацца: што з намі не так?

«Будзьце святымі, бо Я святы – кажа Пан» заклік гэты са Старога Запавету, з большага, нам усім вядомы. І адначасова як бы забыты ў сучасным свеце. Многія не да канца разумеюць, што значыць быць святым. І ці наогул варта ім быць. Адныя лічыць святасць чымсьці недасяжным, іншыя - скрупулёзна яе асцерагаюцца.

Дарагія! Імкненне і рэалізацыя святасці вельмі выдатна праявілася ў жыцці св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Разважаючы пра яе асобу і дзейнасць, прыходзім да высновы, што святасць — гэта не старажытны пафас, не міф ці фантастычная з’ява, а нармальны стан хрысціяніна.

Напэўна, многія з нас чулі пра асобу св. Тэрэзы, пра яе сям’ю. Адметнае і тое, што чатыры яе сястры сталі манахінямі. Св. Тэрэза з’яўляецца апякункай місій і місіянераў, а таксама ведаем тое, што яна абяцала спасылаць на зямлю дождж ружаў Божай любові і міласэрнасці. Папа Ян Павел ІІ абвесціў яе Доктарам Касцёла. І асоба св. Тэрэзы стала асаблівым прыкладам для наследвання.

У ордэн сясцёр кармэлітак босых яна ўступіла, маючы 15 гадоў. Будучы маладой манахіняй, св. Тэрэза акунулася ў асаблівую рэчаіснасць Божай любові. Гэтая рэчаіснасць не была пазбаўлена выпрабаванняў. Адказваючы на  заклік Божай любові, Тэрэза без рэшты ахвяравала сябе, усё сваё жыццё Богу, дасведчыўшы ў сваім жыцці нямала выпрабаванняў і цярпенняў як на душы, так і на целе. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні веры, яна заставалася вернай Богу аж да канца свайго жыцця. На працягу свайго нядоўгага жыцця, усяго толькі 24 гады, у супольнасці сясцёр яна цалкам даверылася Езусу, які аддаў сваё жыццё за многіх.

Тэрэза таксама пакінула духоўную спадчыну — напісаныя ёю сшыткі пад назвай «Дзеі душы», якія цудоўна адлюстроўваюць яе асобу. У «Дзеях душы» ёсць такі момант, дзе Тэрэза ўспамінае, як яна пераступіла браму кляштара, узгадвае сваю пастанову, якую можна нават назваць дэвізам яе жыцця: «Хачу быць святой».

Гэтая думка заўсёды дадавала ёй асаблівы энтузіязм, калі яна жыла ў супольнасці. Пазней піша наступнае: “Я зразумела, што існуе шмат ступеняў святасці, а кожная душа мае свабоду, каб адказаць на заклік нашага Пана, можа рабіць для Яго мала або шмат, адным словам: кожная душа мае магчымасць выбару розных ступеняў ахвярнасці, да якой Бог гэтую душу кліча».

Далей Тэрэза працягвае: «Таксама, як у час свайго дзяцінства, так і зараз я ўсклікнула: Божа, я выбіраю ўсё! Я не хачу быць святой на палову і не баюся для Цябе цярпець. Адзінае, што мяне непакоіць – дык гэта мая ўласная воля, якую я хачу цалкам аддаць Табе. Пане, забяры яе, бо выбіраю ўсё, чаго жадаеш Ты!». І гэтыя словы св. Тэрэза пацвердзіла ўсім сваім жыццём. Гэта былі не проста словы…

У іншым месцы Тэрэза пісала так: «Замест таго, каб знеахвочвацца кажу сабе: добры Бог ніколі не даў бы мне прагненняў, якія я не магла б рэалізаваць, таму, нягледзячы на тое, што я з’яўляюся такой маленькай, я магу імкнуцца да святасці. Я не павінна ўзвышацца, але з пакораю прымаць сябе такой, якой я ёсць з усімі сваімі недасканаласцямі…»

Назіраючы над яе простым жыццём, адна з сясцёр калісьці так сказала Тэрэзе: «Дзіця маё, мяркую няшмат чаго можаш сказаць сваім настаяцелям».  На гэта Тэрэза запытала: «чаму вы, сястра, так лічыце?»- «Бо ў цябе вельмі простая душа, але калі ты дойдзеш да дасканаласці, будзеш яшчэ больш простай».

Як высветлілася, гэтая простая манахіня пакінула пасля сябе пакінула багатую духоўную спадчыну, напісаную ўласнаручна. Тыя, хто даследаваў пісьменніцкую дзейнасць Тэрэзы, падлічылі, што яна з’яўляеца аўтарам 266 лістоў скіраваных да яе родных і блізкіх. Таксама яна напісала 54 вершы, 21 малітву-разважанне і ўзгаданыя вышэй «Дзеі душы».

Маленькі чалавек – вялікі святы. Гэтыя словы цалкам адпавядаюць асобе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. А разуменне святасці ў Тэрэзы было вельмі простым і элементарным: па-першае, без астатку даверыцца Богу, даверыць сябе і ўсе свае прагненні толькі Яму. Па-другое, верна выконваць свае абавязкі, бо нават у дробязі можна заўважыць Божую волю. А як вядома, з падобных дробязяў складаюцца вялікія рэчы.

Вельмі важнай справай з’яўляецца ўпарадкаванне сваіх прагненняў. Тэрэза вельмі часта казала сваім сёстрам-навіцыянткам: «Адзіны ёсць толькі Езус, а ўсё іншае неістотна».

Дарагія браты і сёстры! Адкрыццё святой Тэрэзы грунтуецца на Божым слове. Каб адкрыць сваё пакліканне, трэба яго спачатку прагнуць, жадаць яго. Калі прагненне ўзнікла, трэба пачаць шукаць дарогу яго рэалізацыі, абапіраючыся на Божае слова, у якім Бог у поўнай меры дае адказ на сэнс нашай дарогі.

Адносна імкнення да святасці Тэрэза кажа так: «Мы — дзеці, якія крочым да Бога, і Бог ніколі не дае нам такіх прагненняў, якія б не маглі быць рэалізаванымі. Таму ў адказ на Яго заклік да святасці трэба з надзеяй і даверам дазволіць Богу дзейнічаць у нашым жыцці». Гэта і ёсць той просты і адначасова мудры рэцэпт рэалізацыі святасці для кожнага з нас. Дазвольце Богу дзейнічаць у сваім жыцці! Паводле Тэрэзы, неабавязкова здзяйсняць нейкія вялізарныя гераічныя ўчынкі, дастаткова простых звычайных штодзённых справаў, у якіх мы здольныя заўважыць Бога, або якія можам Яму ахвяраваць.

Умілаваныя! Прыклад Тэрэзы — у імкненні да святасці, у шчырым даверы да Бога. Няхай гэты ён стане для нас прыкладам таго, як належыць шукаць адказы на ўнутранныя памкненні сэрца і ўсёй сваёй асобай адказваць на Божы заклік.

Амэн.

А. Андрэй Авен OCD 

Адноўлена 11.09.2014 17:35
 
© 2003-2024 Catholic.by