Асцерагацца прагнасці. Гамілія на 4 жніўня | Друк |
Нядзельнае казанне
31.07.2013 23:01

Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус заклікае нас, каб мы ўпарадкавалі свае прагненні. Каб сваю ўвагу мы канцэнтравалі не толькі на дабротах матэрыяльных, але памяталі і пра вечныя даброты, каб быць багатым перад Богам. Таму сёння ў Евангеллі чуем даволі вострыя словы, якія датычаць кожнага з нас: Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці.

Езус добра ведае чалавечую натуру, ведае нашыя планы, нашыя жаданні, ведае кожнага з нас. Па сваёй натуры кожны чалавек мае жаданне мець нейкія даброты выключна для сябе, яны патрэбны яму не толькі дзеля самарэалізацыі, але і дзеля таго, каб, імі карыстаючыся, упрыгожваць сваё жыццё.

Гэтыя прагненні, якія ўпісаны ў натуру чалавека, зведвае кожны з нас: дастаткова прайсціся па крамах, па кірмашах, кіёсках ці супермаркетах: мы маем з сабою невялічкі лісцік, на якім ёсць спіс таго, што нам трэба, а вачыма неаднойчы хацелі б скупіць добрую палову супермаркета. Такая праўда. Але не гэта самае горшае. Для нас жаданне нешта планаваць, марыць, паціху рэалізоўваць не з’яўляецца чысьці дрэнным. Вялікай заганай з’яўляецца прагнасць, ад якой нас сёння перасцерагае Езус.

Давайце падумаем, чым наогул гэтая прагнасць з’яўляецца і чаму яна небяспечная. Святы Анзэльм акрэслівае прагнасць як «агідную хваробу душы». А вялікі доктар Касцёла, св. Тамаш Аквінскі, аб прагнасці кажа больш шырока: прагнасць паводле яго ў шырокім значэнні з’яўляецца «неўмеркаваным пажаданнем якой-небудзь рэчы». У вузкім значэнні гэта неўмеркаванае ўмілаванне ўсялякага роду маёмасці, таксама і грошай. Гэтае ўмілаванне матэрыяльных дабротаў, па сваёй сутнасці, моцна прывязвае чалавека. Забірае ў яго свабоду.

Можам запытацца: ці зло заключаецца ў тым, каб мець нейкія матэрыяльныя даброты, злом з’яўляецца той факт, што існуюць багатыя людзі? Канешне, не. Не пярэчаць гэтаму нават словы, якія Езус скіраваў да багатых: «Гора вам, багатыя, бо маеце суцяшэнне вашае». Тут, як і ў сённяшнім урыўку з Евангелля, мова ідзе аб неўпарадкаванай прывязанасці, якая і з’яўляецца гэтым горам для чалавека залежнага ад прагнасці.

Заўважце, што Езус у сваім навучанні не ўзгадваў, што багацце само па сабе з’яўляецца злом ці грахом. Езус не асуджае непасрэдна багатых і багацце. Галоўная рыса, на якую Езус хоча звярнуць увагу — гэта менавіта прагнасць. Бо яна параджае іншыя недасканаласці і грахі, дэструктыўна ўплывае на жыццё чалавека, бо чалавек, які паддаецца спакусе прагнасці, стаўшы яе нявольнікам, становіцца адначасова ворагам сваіх бліжніх. Учынкі такога чалавека крыўдзяць бліжніх, прыносячы ім шкоду. Вось таму прагнасць ніколі не можа стаць цнотай. І ў нашым жыцці яна не з’яўляецца нармальнай з’явай. А вынікае з прагнасці і зайздрасць, і крывадушнасць, і злосць, і нянавісць, і многае іншае.

Як бачым, прагнасць з’яўляецца вельмі вялікай памылкай, з-за якой можа ўзнікнуць шэраг іншых, не менш небяспечных памылак. Як жа нам кіравацца ў жыцці, каб падобных памылак не здзяйсняць? Адказ на гэтае пытанне дае нам сёння Езус у Евангеллі, распавядаючы прыпавесць аб багацеі.

У цэлым існуюць два шляхі, на якіх мы можам адкрыць, як належыць мудра ставіцца да матэрыяльных дабротаў, каб мною не кіравала прагнасць.

Першая дарога вельмі кароценькая: ёй з’яўляецца нашая свядомасць адыходу з гэтага свету. Гэта смерць. Бог забірае жыццё, а чалавек, у гэты час, мае магчымасць адкрыць сваю памылку. Так, як сёння ў евангельскай прыпавесці. Не хопіць шмат сабраць у гэтым жыцці, яшчэ патрэбна моцнае здароўе, добрыя нервы, каб усё сабранае ўтрымаць. Рукі, у якіх няма жыццёвай сілы, не здольныя ўтрымаць ніякай маёмасці.

І чалавека, які здзяйсняе падобную памылку, Езус называе неразумным. Вось словы, якія мы чулі: «Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?» І не трэба гэтаму здзіўляцца. Калі бярэм пад увагу свае магчымасці, сваё здароўе і адпаведна працуем — то ўжо гэта з’яўляецца элементарнай паставай мудрасці, якой належыць кіравацца ў жыцці. А перашкодзіць гэтай мудрасці можа толькі — прагнасць.

Мае дарагія! Той, хто не хоча быць падобным да багацея з сённяшняга Евангелля, павінен падрыхтаваць сябе да таго, каб пайсці іншай дарогай: заключаецца яна таксама ў страце, але не жыцця… Ведаеце чаго? Так. Тых засекаў, пра якія кажа сённяшняе Евангелле. І гэтае сабранае багацце можа быць не толькі ў форме матэрыяльных дабротаў, яно больш шырокае: здароўе, сябры, алкагольная ці іншая залежнасць, дзеці, муж, жонка, праца, добрае імя і г.д.

Цяжкасці і цярпенні здараюцца з намі ў жыцці дзеля таго, каб мы былі гатовыя замяніць засекі з матэрыяльнымі дабротамі на засекі з духоўным багаццем, якое таксама збіраем на працягу свайго жыцця. А часам чалавек пазбаўляецца ўсяго, магчыма, каб лепш зразумець, што сэнс жыцця не заключаецца ў тым, каб шмат мець, але каб быць па жыцці мудрым і падрыхтаваным.

«Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць. Але збірайце сабе скарбы на небе… Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:34
 
© 2003-2024 Catholic.by